Мілінкевіч: «Гавэл — гэта сымбаль свабоды»
Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч часта сустракаўся з Вацлавам Гаўлам, у тым ліку на праскім «Форуме-2000», які арганізоўваўся пад патранатам Гаўла:
«Гавэл — гэта сымбаль свабоды, і ня толькі для чэхаў і славакаў. Гэта сымбаль свабоды для ўсёй Эўропы і для ўсяго сьвету. Гэта чалавек абсалютна не палітычны, ён насамрэч чалавек літаратуры. Але ён трапіў у палітыку, бо стаўся такім цэнтрам змаганьня праз сваю мужнасьць, сваю непахіснасьць. І гэта чалавек, які ня сам хацеў быць на палітычных пасадах, а народ хацеў, каб ён быў. Бо народ хацеў іншай палітыкі, маральнай палітыкі пасьля камунізму. І ён быў такім чалавекам. Палітыка яго не папсавала. У палітыцы ён застаўся тым самым Гаўлам. Я думаю, што гэта ня многім удаецца».
Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што ў Беларусі магла б зьявіцца асоба ўзроўню Вацлава Гаўла:
Быкаў мог стаць нашым Гаўлам
Стэфановіч: Гавэл цікавы мне як філёзаф
Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч сустракаўся з Вацлавам Гаўлам у 2006 годзе, калі экс-прэзыдэнт Чэхіі ўручаў Алесю Бяляцкаму прэмію «Homo homini». Стэфановіч адзначае важную падтрымку, якую дэмакратычны і праваабарончы рух у Беларусі меў ад Гаўла:
«Сьлед Гаўла ў гісторыі відавочна мае вялікае значэньне ня толькі для Чэхаславаччыны і для Чэхіі, але і для сьвету. Бо гэта быў сымбаль аксамітных рэвалюцыяў канца 80-х гадоў, трансфармацыі краінаў камуністычнага лягера ў дэмакратычныя краіны, іх вяртаньня ў Эўропу з-за жалезнай заслоны. Для мяне ён быў таксама цікавы як асоба. Бо ён быў не тыповы такі трыбун, палітычны дзеяч. Ён паходзіў з інтэлігенцка-пісьменьніцкіх колаў, нонканфарміст. І гэтым, таксама як філёзаф, ён мне больш цікавы».
Валянцін Стэфановіч лічыць, што для Беларусі асобай узроўню Вацлава Гаўла можа стаць зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі:
Такім мог бы стаць Алесь Бяляцкі
Вацлаў Гавэл памёр 18 сьнежня 2010 году ў веку 75 гадоў. Ён атрымаў вядомасьць у шасьцідзясятыя гады як драматург і літаратурны крытык. Пасьля падзеяў Праскай вясны 1968 году далучыўся да апазыцыі, публікаваўся ў асноўным за мяжой, ня раз арыштоўваўся.
У 1989 годзе Гавэл быў адным з ініцыятараў стварэньня «Грамадзянскага форуму», які стаў галоўнай апазыцыйнай сілай у Чэхіі.
На сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Фэдэральнага сходу Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі 29 сьнежня 1989 году Гавэл быў аднагалосна абраны прэзыдэнтам, а ў 1993 годзе стаў прэзыдэнтам незалежнай Чэхіі.
Імя Вацлава Гаўла цесна зьвязанае з Радыё Свабода. Менавіта дзякуючы Гаўлу офіс радыё пераехаў зь Мюнхэна ў Прагу, у будынак былога парлямэнту. Апошні ў сваім жыцьці тэкст Гавэл напісаў беларускім палітвязьням. Гэта было віншаваньне з Калядамі і Новым годам.