Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў лісьце ад Бяляцкага ані слова ад яго?


Партрэт Бяляцкага на праваабарончым Форуме ў Вільні
Партрэт Бяляцкага на праваабарончым Форуме ў Вільні
Праваабаронцы зь «Вясны» не выключаюць, што ліст ад Алеся Бяляцкага невыпадкова прыйшоў без пасланьня ад яго самога.

Паводле жонкі праваабаронцы Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук ад мужа ўжо больш за два тыдні няма лістоў і званкоў, што яе вельмі непакоіць. Натальля Пінчук, аднак, ня стала камэнтаваць гэта, сказаўшы, што яшчэ пачакае.

А вось ў праваабарончым цэнтры «Вясна» атрымалі ліст ад Алеся Бяляцкага. Капэрту з бабруйскай калёніі з подпісам Бяляцкага прыйшоў намесьніку старшыні «Вясны» Валянціну Стэфановічу. Пры гэтым праваабаронца са зьдзіўленьнем адзначае, што ўнутры капэрты ліста ад самога Бяляцкага не аказалася: толькі паштоўка «Міжнароднай амністыі», якая прыйшла палітвязьню з Бэльгіі ды выразка зь беларускай газэты.

Валянцін Стэфановіч ня ведае, што гэта можа азначаць:

«Чамусьці самога, ўласна кажучы, ліста там не было. Ці яго выдалілі, ці ён туды і ня быў пакладзены — гэтага я ня ведаю. Дарэчы, мне ён ўжо даўно не пісаў».

Валянцін Стэфановіч не выключае і такой магчымасьці, што Алесь Бяляцкі зь нейкіх прычын ня змог напісаць уласны ліст і таму абмежаваўся дасланай яму раней паштоўкай, каб паказаць, што такія пасланьні яму даходзяць.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца згадвае, што мова сыгналаў у іх ліставаньні ўжо ўжывалася. Гэтак, сёлета ў адным зь лістоў Алесь Бяляцкі намякнуў яму пра тое, што яго рыхтуюць да зьмяшчэньня ў ШІЗА — карцэр у калёніі. Пазьней Валянцін Стэфановіч пэўна даведаўся, што Бяляцкага зьбіраліся на некалькі дзён пасадзіць ў ШІЗА і нават ўжо правялі мэдычнае абсьледаваньне, але мусілі адмяніць загад, бо стала вядома, што калёнію наведае папскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці.

Пасьля атрыманьня ад Алеся Бяляцкага «ліста без ліста» Валянцін Стэфановіч напісаў свайму сябру ў калёнію. «Пагляджу, якім будзе адказ: паўнавартасным ці зноў умоўным», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

Кіраўнік праваабаронцага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня афіцыйна за ўтойваньне прыбыткаў з-за мяжы. Праваабаронца даводзіў у судзе, што атрыманыя грошы ішлі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій. Трымаюць Алеся Бяляцкага ў бабруйскай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG