Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: У віртуальны Сойм трапяць толькі абраныя


Прэзэнтацыя праекту «InterPolit — Adradžennie», 3 сьнежня 2013 у Варшаве
Прэзэнтацыя праекту «InterPolit — Adradžennie», 3 сьнежня 2013 у Варшаве
3 сьнежня ў Варшаве Зянон Пазьняк, Зьміцер Бародка і Ігар Коктыш прэзэнтавалі новую беларускую сацыяльную сетку «InterPolit — Adradžennie».

На прэзэнтацыю сабраліся некалькі дзясяткаў беларусаў, якія жывуць у Польшчы, зь якіх палова — журналісты. Press Club Polska, дзе і прадставілі навацыйны праект, знаходзіцца ў самым цэнтры Варшавы і стаў пастаянным месцам сустрэчаў беларускай апазыцыі і дыяспары.

Адразу ля ўваходу тры сьцягі — польскі, беларускі бел-чырвона-белы і сьцяг Эўразьвязу. На сцэне — аўтар праекту Interpolit Ігар Коктыш, лідэр кампаніі «Разам для Беларусі» Зьміцер Бародка. Сутнасьць віртуальнага Сойму па-польску тлумачыць Зянон Пазьняк, які выступіў і аўтарам тэксту Канстытуцыі:

«Навошта гэта патрэбна? Мы хацелі б сабраць і арганізаваць вакол „Інтэрпаліт-адражэньне“ інтэлектуальную беларускую эліту. І інтэрнэт-сойм — гэта інстытуцыя, якую будуць выбіраць, яна дасьць выбітным людзям, інтэлектуалам паміж сабой супрацоўнічаць».



Паводле Пазьняка, сябры новаабранага віртуальнага Сойму будуць супрацоўнічаць, спрачацца, абмяркоўваць розныя грамадзкія праблемы, «каб было зразумела, што адбываецца ў Беларусі»:

«З часам інтэрнэт Сойм можа стаць грамадзкай арганізацыяй. Але мы не авантурнікі, і ў нас няма ніякіх ілюзіяў. Але калі гэта атрымаецца — будзе вельмі добра», — падсумоўвае Пазьняк і перадае слова маладзейшаму калегу па віртуальнай палітыцы Ігару Коктышу.

Коктыш уключае відэапраектар, і на сьцяне дэманструе некалькіхвілінны прома-ролік віртуальнага сойму. На экране зьяўлецца бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня», і дыктар паведамляе: «Гэта твой сьцяг і гэта твой герб». На відэа зноў жа Пазьняк распавядае пра сутнасьць праекту. Дыктар заклікае рэгістравацца на сайце і далучацца.



Паводле Коктыша, праект уяўляе сабой сацыяльную сетку, але адрозьніваецца ад вконтакте тым, што тут будуць толькі грамадзка-палітычныя праблемы.

Каб стаць карыстальнікам, трэба ўвесьці асабістыя дадзеныя, імя ці псэўданім, пагадзіцца з нормамі Канстытуцыі (бальшыня пунктаў якой супадаюць з праграмай БНФ). Празь 10 месяцаў пасьля адкрыцьця праекту кожны «грамадзянін» можа балятавацца ў Сойм. Дэпутатам становіцца асоба, якая набрала больш 50 адсоткаў галасоў. Новабраны Сойм цягам двухгадовай кадэнцыі абмяркоўвае праблемы беларускага жыцьця, гісторыі, культуры, эканомікі, палітыкі і дэмакратыі, прымае заявы, разэлюцыі і рашэньні, распрацоўвае канцэпцыі адраджэньня і разьвіцьця.

«Віртуальныя сойм — гэта «кліент», падобны на Skype. Ён ня будзе адкрыты для ўсіх, а толькі для тых, хто абраны. Астатнія будуць бачыць вынікі іх працы, — распавёў Коктыш. Праект пакажа, як выкарыстоўваць дэмакратычныя мэханізмы ва ўмовах беларускіх рэаліяў, абраныя дэпутаты змогуць плённа і арганізавана працаваць над праграмай разьвіцьця Беларусі.

Арганізатары спадзяюцца, што праект кансалідуе беларускія дэмакратычнаыя сілы: «Трэба ўсьвядоміць, што толькі разам мы здольныя зьмяніць сытуацыю, і ў нас цяпер ёсьць магчымасьць аб’яднацца ў той адзінай свабоднай прасторы ў Беларусі — ў інтэрнэце» — заклікае Коктыш.

На момант напісаньня тэксту на сайце «InterPolit — Adradžennie» было зарэгістравана 2065 чалавек, і кожную гадзіну гэтая лічба расьце. Апроч беларусаў — шмат удзельнікаў з Расеі, Украіны ды іншых краінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG