Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: унікальнаму будынку пагражае знос


Будынак на завулку Камісарыяцкі, 17
Будынак на завулку Камісарыяцкі, 17

У Магілёве перад пагрозай зносу апынуўся ўнікальны будынак гарадзкой архітэктуры канца 19 стагодзьдзя.

Пра тое, што дом у завулку Камісарыяцкім, 17 зьбіраюцца зьнішчыць, паведамілі ягоныя жыхары. У атрыманых імі з гарвыканкаму лістах заяўляецца, што міжведамасная камісія прызнала будынак аварыйным і не прыдатным для пражываньня. Да канца 2013 году людзі павінныя зьехаць з сваіх кватэраў.

Пра тое, што будынак зьнясуць, у лістах наўпрост не гаворыцца. Ёсьць аднак спасылка на артыкул 88 Жыльлёвага кодэксу, у якім тлумачыцца, на якую жылплошчу могуць прэтэндаваць жыльцы. У першым пункце артыкулу, на які спасылаюцца чыноўнікі, і гаворыцца пра знос будынка.

У жыльлёва-камунальнай управе Ленінскага раёну Магілёва на пытаньне пра знос будынка адказалі:

— Прызнаны не прыдатным для пражываньня і не зьяўляецца помнікам архітэктуры.

— Дык там жа вісіць ахоўны мэдальён…

— Я ня ведаю, што там вісіць, але не зьяўляецца. Статус скасавалі.
На будынку яшчэ вісіць ахоўны мэдальён
На будынку яшчэ вісіць ахоўны мэдальён

У гарвыканкаме ж зьвесткі камунальнікаў абверглі. Заявілі, што будынак у завулку Камісарыяцкім, 17 застаецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

«Ніхто гэты аб’ект са сьпісу гісторыка-культурнай спадчыны не выключаў. Калі будынак знаходзіцца ў аварыйным стане, дык яму патрэбная рэстаўрацыя, але ніяк ня знос», — заявіла супрацоўніца гарвыканкаму.
Старая аздоба на драўлянай частцы будынка
Старая аздоба на драўлянай частцы будынка

Цяпер у доме заселеныя толькі чатыры кватэры. У некаторых прапісана да дзясятка чалавек. Людзям выдзяляюць жылплошчу адпаведную той, на якой яны пражываюць цяпер. З гэтым многія не згаджаюцца. Некаторыя змагаюцца, а некаторыя чакаюць новага жытла з выгодамі цывілізацыі:

«Па колькасьці жыльцоў у кватэрах жылплошчы нам ніхто даваць ня будзе. Адразу вам кажу. У нас тут ёсьць і па адзінаццаць чалавек прапісаных. Дзяржава не жадае забясьпечваць кватэрамі сваіх грамадзян», — зазначыла адна з жыхарак дому.

Тое, што дом аварыйны, для людзей не навіна. Як яны сьцьвярджаюць, будынак не рамантаваўся некалькі дзесяцігодзьдзяў. Некаторыя ягоныя канструкцыі ў любы момант могуць абваліцца. У нежылых кватэрах даўно павыбіваныя шыбы.

У доме першы паверх — цагляны, другі — драўляны. У ім пячное ацяпленьне, адсутнічае каналізацыя. Прыбіральня ў двары. Будынак за трыста мэтраў ад гарвыканкаму. Побач узьведзены шматпавярховік пад даўніну. Па суседзтве яшчэ адзін стары нежылы драўляны будынак. Той, хто жыве па суседзтве з помнікам архітэктуры, не хавае, што старому дому наканавана памерці, бо дужа ласае месца ён займае.

Дом гэты — адзіны ацалелы зь некалі мноства падобных збудаваньняў у горадзе. Паводле музэйных зьвестак, такімі дамамі, характэрнымі толькі для Магілёва, забудоўваліся цэлыя мясцовыя раёны.
Будынак па суседзтве. Даўно нежылы
Будынак па суседзтве. Даўно нежылы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG