Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі ў няпэўнасьці і чаканьні


Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасьці, дагэтуль ня маюць пэўнасьці, што іх чакае ад 1 сьнежня.

Раней чыноўнікі неаднаразова заяўлялі: адсутнасьць дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і бясьпеку тавараў, будзе падставай лічыць такіх гандляроў па-за законам. Між тым, распаўсюджаны сёньня кантрольным органам праект указу прэзыдэнта ўжо ня ўтрымлівае такіх хуткаплынных высноваў і акрэсьлівае іншы тэрмін, калі патрэбны будуць абавязковыя сэртыфікаты — 1 ліпеня 2014 году.

Ня так даўно віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч канстатаваў: прынятае рашэньне ад 1 сьнежня забараніць прадпрымальнікам, якія плацяць адзіны падатак, карыстацца пакуль яшчэ дзейнай ільготай — спрошчаным парадкам пацьверджаньня адпаведнасьці прадукцыі патрабаваньням тэхрэглямэнту Мытнага саюзу. Гэта пры тым, што ад пачатку льготны рэжым мусіў дзейнічаць да 1 ліпеня наступнага году. Тым ня меней, паводле Пракаповіча, ужо ад сьнежня 2013-га будзе забаронена прадаваць тавар, які ня мае дакумэнтальнага пацьверджаньня свайго паходжаньня.

Вячаслаў Піліпук
Вячаслаў Піліпук
Актывіст прадпрымальніцкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Вячаслаў Піліпук гаворыць, што за некалькі дзён да азначанай даты сытуацыя застаецца ў «падвешаным стане»:

«Сытуацыя застаецца нестабільнай, няма яснага разуменьня таго, што будзе надалей. Усе прадпрымальнікі чакаюць сёньня да 18-й гадзіны, калі скончыцца працоўны дзень у чыноўнікаў. Калі да канца дня пятніцы ня будзе ніякіх заяваў, прадпрымальнікі сьнежань месяц будуць адпрацоўваць па тых правілах, якія зараз існуюць. То бок, бязь зьменаў. Але ёсьць розныя прапановы. Прыкладам, у Менску, Берасьці, Баранавічах, Гомелі прадпрымальнікі хочуць падстрахавацца — сёньня падаюць у падатковыя інспэкцыі нулявыя дэклярацыі на сьнежань. То бок, калі ўбачаць, што 30 лістапада ўсё застаецца на ранейшых пазыцыях, дык яны могуць працаваць у суботу і нядзелю. Для гэтага ім трэба да адкрыцьця гандлёвага цэнтра ці рынка падысьці ў ашчадную касу і заплаціць падатак. З гэтым падаткам і нулявой дэклярацыяй яны могуць працаваць у выходныя, а дадатковую дэклярацыю пададуць у панядзелак».

Між тым, сёньня ў кантрольныя органы трапіў праект прэзыдэнцкага ўказу «Аб некаторых пытаньнях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі». У абгрунтаваньні ўказваецца: для плацельцаў адзінага падатку ад 1 ліпеня 2014 году будзе абавязковай наяўнасьць дакумэнтаў на ўсе тавары, якія пацьвярджаюць іх набыцьцё. Прычым, тычыцца гэта ў тым ліку і прадукцыі, якая ўвозіцца з краінаў Мытнага саюзу. А паколькі нейкая частка не пасьпее перабудаваць сваю дзейнасьць, забясьпечыўшы ад 1 студзеня 2015-га наяўнасьць усяго пакету неабходных дакумэнтаў, такая катэгорыя будзе вымушана спыніць прадпрымальніцкую дзейнасьць. Такім чынам, пра санкцыі ад 1 сьнежня 2013-га нічога не сказана.

Тым ня меней, як лічыць Вячаслаў Піліпук, у беларускай фіскальнай практыцы многія рашэньні прымаюцца задняй датай, таму некаторыя прадпрымальнікі, памятаючы абяцаньні чыноўнікаў лічыць іх па-за законам менавіта ад 1 сьнежня, будуць байкатаваць працу:
Хачу сказаць, што прадпрымальнікі так проста зараз здавацца ня будуць

«Некаторыя прадпрымальнікі вырашылі ў нядзелю не працаваць. Проста ўсе разам, цэлым гандлёвым цэнтрам, зачыніцца, такім чынам паказаўшы ўладзе, што людзі не прымаюць тых умоваў, у якія іх хочуць паставіць. Хачу сказаць, што прадпрымальнікі так проста зараз здавацца ня будуць. Мы пра гэта ведаем, бо ў пастаянным кантакце зь людзьмі. У нас нават ёсьць пратакол Пракаповіча аб тым, каб мы праводзілі тлумачальныя гутаркі з прадпрымальнікамі ў гандлёвых цэнтрах і на рынках. І мы сустракаемся, аб’яжджаючы па 3-4 цэнтры на дзень. І бачым, што прадпрымальнікі ясна разумеюць: іх зараз ня так тычыцца тэхнічны рэглямэнт, сэртыфікацыя і г.д, — гэта ўжо адышло на другі плян. Іх нават не хвалюе стварэньне оптавых базаў на тэрыторыі краіны. Яны вельмі дакладна разумеюць іншае: сёньня галоўная небясьпека ў тым, што ўлада вырашыла іх пазбавіць сродкаў для існаваньня. То бок ставячы іх у такія ўмовы, што яны проста ня могуць працаваць. А тым самым замахваюцца на іх працу».

Нават улады вымушаныя прызнаць: ад новых умоваў працы, у якія пастаўленыя асобныя катэгорыі гандляроў, бюджэт недаатрымае мільярды рублёў. Так, у абгрунтаваньні да праекту ўказу выказваецца засьцярога, што новыя правілы прывядуць да шэрагу нэгатыўных наступстваў. Найперш, да істотнага зьніжэньня паступленьня ад плацельцаў.

Паводле дадзеных на 1 кастрычніка, у Беларусі больш за 73 тысячы прадпрымальнікаў ажыцьцяўлялі розьнічны гандаль з аплатай адзінага падатку. Пры гэтым больш за 60 тысяч чалавек прадавалі тавары без дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх паступленьне. Сёлета за 9 месяцаў ад такіх плацельцаў у бюджэт паступіла амаль 900 мільярдаў рублёў, ці 87% ад агульнай сумы плацяжоў «адзіншчыкаў». Аднак скасаваньне падаткаў у фіксаваных сумах прывядзе да істотнага скарачэньня паступленьняў.

Апроч таго, фактычна выключаецца права фізычных асобаў на перапродаж тавараў, што ў выніку прывядзе да спыненьня такой дзейнасьці ўвогуле. Прагназаваныя страты складуць больш за 16 мільярдаў рублёў штогод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG