Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Старповіч: Муж ня даў мне памерці


Жыхарка Клічава пяцідзесяцігадовая Галіна Старповіч даведалася пра анкалягічнае захворваньне ў 2004 годзе. У яе выявілі лімфому Ходжкіна ды лімфагрануламатоз. За два гады лекаваньня жанчына перанесла некалькі сэансаў хіміятэрапіі, перасадку растковых вузаў ды спраўдзіла трываласьць пачуцьцяў каханага чалавека. Пераканалася: каб адолець хваробу — трэба жыць.

З Галінай Міхайлаўнай гутару ў ейным доме — у гасьцёўні. Пакой дагледжаны і ўтульны. Унучка глядзіць па тэлевізары мульцікі. Зарумзаная. Хварэе на ангіну. Дарослыя не даюць марозіва. Бабуля разрываецца між нельга і можна. Тлумачыць, што ўнучцы зрабілі ўкол. Малое не сунімаецца і свайго ўрэшце дамагаецца. Слодыч ёй выклалі на сподачак і невялікімі кавалкамі яна яго есьць.

Галіна Міхайлаўна тым часам апавядае пра двух дачок, пра яшчэ аднаго ўнука, пра іхныя жыцьцёвыя посьпехі й няўдачы ды пра свае перажываньні аб іх. Кажа пра мужа Міхаіла і пра сябе.

Нарадзілася спадарыня Галіна ў Глускім раёне ў шматдзетнай сям’і ў 1963 годзе. Школу скончыла на выдатна. За ёй — мэдычную вучэльню. У Клічаў трапіла па разьмеркаваньні. У раённай станцыі хуткай дапамогі адпрацавала 25 гадоў.

Якою пытаю рэакцыя была, калі даведаліся пра хваробу?

«Жыць дужа хацелася. Калі даведалася, была дужа моцная гістэрыка. Я плакала. Як даведалася, то запытвала ўва ўсіх: „Чаму я? Я ж людзям дапамагала! Чаму Бог мяне так пакараў? Мяне ж людзі ў раёне ведалі. Паважалі. Гэтак было крыўдна!“. Галоўная доктарка наша мне так адказала: „Міхайлаўна — для добрага чалавека Бог дае гэтак выпрабаваньне, а для кепскага пакараньне. Вось, кажа, табе Бог дае выпрабаваньне і не табе адной. Гэта выпрабаваньне табе і Міхаілу твайму“. Гэта было пацьверджаньне пачуцьцяў. Хаця тады ня думалася пра каханьне. Потым гэта зразумела стала».

Першы шлюб у Галіны Міхайлаўны выдаўся няўдалым. Разьвядзёнкай яна пазнаёмілася зь цяперашнім мужам. Калі выявілі пухліну, прасіла, каб ён кінуў яе. Міхаіл жончыны довады не прыняў і застаўся ля яе. Пра мужаў клопат жанчына кажа захоплена і ўдзячна:

«Я яму сама прапанавала: «Навошта табе?». Я ж не магла ведаць, што са мной будзе. У нас жа як: «Анкалёгія — значыць усё канец». Ён адмовіўся катэгарычна. Ён дужа моцна перажываў за мяне. Пасьля апэрацыі, калі мяне прывезьлі сюды, я не магла падняцца з канапы. Ён мяне і падымаў і садзіў. Ён мяне карміў. Ён настолькі перажываў, што так пахудзеў. Я гэта ўсё бачыла. Я тады падумала: «Божа мой, я вось памру, але ж я толькі жыць пачала з добрым чалавекам. Дзеці... Маша мая тады вучылася на чацьвёртым курсе. Трэба было ёй сканчаць вучобу. Думаю — як такога ж ня можа быць...»

Муж Галіны -- Міхаіл
Муж Галіны -- Міхаіл



Лячэньне хваробы зацягнулася на некалькі гадоў. Міхаіл шмат працаваў, каб адолець безграшоўе. Калі хвароба адступіла Галіна і Міхаіл расьпісаліся. На афіцыйным афармленьні адносінаў настаяў Міхаіл:

«Нягледзячы на тое, што ў мяне была тая анкалёгія і невядома яшчэ, што наперадзе, ён мяне сам прымусіў паехаць у той ЗАГС. Расьпісаліся ў ЗАГСе ўрачыста пад вальс Мэндэльсона. Я ніколі ня думала, што ў мае гады такое можа са мной здарыцца. Паехалі пярсьцёнкі купілі ў Бабруйск. Я бачыла, як у людзей, зь якімі ляжала ў Магілёве, надыходзіла дэпрэсія. А ён мне не даваў да гэтага набліжацца. Нават дзеля гэтага ўсяго жыць хацелася».

Фразу «Трэба жыць» спадарыня Галіна ў аповедзе ўжывае гэтулькі часта як і словы сям’я, дзеці, падтрымка:



«У мяне ёсьць каму падтрымліваць. Дзеці. Асабліва. Вось Маша кажа: «Бабуля Галя, што ты сабе думаеш — ты ж падумай пра тое, што ў цябе расьце ўнучка Крысьціна і табе трэба яе выдаць замуж. І зяць у мяне добры. Як жа тут ня жыць? Жыць трэба. Вера блізкіх маіх, якія верылі, стараліся, перажывалі за мяне гэта штурхала, што ня варта расслабляцца. Трэба было насамрэч цягнуць сябе да апошняга, што трэба жыць дзеля гэтага ўсяго».



Пра лекаваньне ў бальніцах Галіна Міхайлаўна стараецца ўсё ж казаць добрае. Не хавае аднак, што там хапае недагляду і няўвагі да пацыентаў. Згадвае прыклады ўзаемападтрымкі хворых ды парады мэдыкаў:

Ня трэба зацыклівацца на той думцы, што ў цябе анкалёгія. Проста жыві

«Зрабілі мне «хімію», а яно так кепска — ванітую. Есьці ня хочацца. Сяджу у сталоўцы, а адна жанчына мне і кажа: «Дзетачка еж, трэба есьці». Праз сілу прымушала сябе есьці, хаця яно ня лезла. На высокадознай «хіміі» таксама было дужа цяжка. Лекарка прыйшла да мяне і кажа: «Вам трэба жыць. У вас дачка інвалід. У вас унук, якога варта падымаць. Патрымайце вы яшчэ крыху». Прымушалі мяне. Дапамагалі мне напэўна вось такімі момантамі, хаця я думала, што мяне уперад нагамі прывязуць з той высокадознай «хіміі».

За час хваробы, кажа спадарыня Галіна, шмат што перадумалася. Тое, што раней здавалася неістотным, стала дужа важным. Цяпер ёй хочацца пасьпець многае, што адкладала, і што здавалася другасным. Цана жыцьця ўзрасла неймаверна. Галіна Міхайлаўна вымушана пайшла на пэнсію. Кажа, што сумуе па сваёй хуткай дапамозе і калегам, якія дапамагалі ёй таксама перамагчы хваробу.

«Я абавязаная жыць — разумееце. Дзеля ўсіх іх я павінна жыць. Ня трэба зацыклівацца на той думцы, што ў цябе анкалёгія. Проста жыві», кажа на заканчэньне гутаркі Галіна Старповіч.



Галіна Старповіч — заўсёдніца на сустрэчах клічаўскай суполкі ўзаемадапамогі і псыхалягічнай падтрымкі анкапацыэнтаў. У ёй зьбіраюцца тыя, чый шлях заступіла анкалёгія, і насуперак страшнаму дыягназу яны ведаюць, каб адолець хваробу — трэба жыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG