Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўчаснае разьвітаньне


Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук
На гэтым тыдні тут у Празе мы разьвітваемся з Галінай Дракахруст, беларускім сацыёлягам, чыя праца ў НІСЭПД у 1990-я гады была добра вядомая прафэсійным сацыёлягам, журналістам, дыпляматам, палітыкам. У 2000-м яе муж і наш калега, палітычны аналітык Юры Дракахруст, пераехаў на працу ў Прагу, і апошняе дзесяцігодзьдзе яна была беларускай пражанкай. Заўсёды элегантная, аматарка экзатычных аўтамабіляў, падарожніца, яна зь лёгкім гумарам ставілася да жыцьця і яго часам невясёлых праблемаў – мы ня чулі нараканьняў і скаргаў, нават калі анколягі адмаўляліся ўжо брацца за яе лячэньне. Юры, не спыняючы працы над сваімі праграмамі, заўсёды быў побач – Галіна разумела і падтрымлівала гэтую адданасьць і бездакорны прафэсіяналізм, блізкі і ёй добра зразумелы.
Галіна Дракахруст
Галіна Дракахруст

Сёлетні год стаў годам разьвітаньня зь яшчэ некалькімі блізкімі і дарагімі асабіста для журналістаў Свабоды людзьмі.

У чэрвені ва ўзросьце сорак гадоў памёр Юрась Бушлякоў, наш даўні і любімы слухачамі калега і сябар. Ён быў унівэрсальным журналістам, але ў гісторыі культуры застанецца найперш як чалавек мовы – яго парады, як гаварыць па-беларуска правільна і прыгожа, кожны дзень гучаць у эфіры. Яго кніга «Жывая мова», якую ён удасканальваў да апошніх гадзінаў жыцьця, вокамгненна разьляцелася па ўсёй Беларусі. Ён не дачакаўся некалькіх тыдняў да як выхаду; мы ўжо надрукавалі дадатковы наклад. Яго маці, сын і каханая жанчына могуць быць упэўненыя, што яго імя не забудзецца, пакуль гучыць беларуская мова.
Юрась Бушлякоў
Юрась Бушлякоў

Сэрца Ўладзімера Сакульскага, маэстра гукарэжысуры і віртуоза гуказапісу, спынілася ў ліпені сёлета на 59-м годзе жыцьця. Сотні тысячаў слухачоў Свабоды, а раней – беларускага дзяржаўнага радыё і ФМ-станцыяў, атрымлівалі асалоду ад яго працы, яго вынаходніцтваў за пультам і мікрафонам. Аднойчы ён зрабіў цэлы цыкль перадачаў у ложку – літаральна. Лежачы ў шпіталі, куды яго тэрмінова зьмясьцілі тут у Празе, аформіў некалькі дзесяткаў выпускаў успамінаў самай першай супрацоўніцы беларускай Свабоды Галіны Руднік «Птушкі пералётныя». Неўзабаве гэтая аўдыёкніга, як і іншыя працы Валодзі, будуць даступныя на нашым сайце. Ня будзе толькі яго філязофскіх камэнтароў у духу Эклезіяста на любую тэму дня: як няправільна прыбягаць запыхаўшыся ў студыю і як правільна гатаваць рыбу па-грэцку.
Уладзімер Сакульскі
Уладзімер Сакульскі

Віктару Івашкевічу, мужу нашай калегі Алены Радкевіч і даўняму асабістаму прыяцелю многіх журналістаў Свабоды, у верасьні сёлета споўнілася 54 гады – і гэта быў яго апошні дзень нараджэньня. Віктар быў ня толькі героем шматлікіх перадачаў Свабоды за апошнія чвэрць стагодзьдзя – ён быў проста героем, калі пра герояў можна гаварыць проста. Няспынны, настойлівы, бясстрашны, ён быў удзельнікам найбольшага сьвята ў сваім жыцьці – незалежнасьці Беларусі, і ўсе наступныя гады абараняў яго ідэалы і каштоўнасьці, пра якія марыў і якія ствараў яшчэ з часоў легендарнай «Майстроўні». Непапраўным аптымістам называлі яго сябры – ён ня ведаў слова «тупік» і не прызнаваў слова «параза». Як з бронзы адлітая яго фраза ў адным зь інтэрвію пачатку 1990-х: «Перамога дэмакратыі непазьбежная, як сьмерць».
Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч

40, 54, 54, 59. Усе чацьвёра былі паводле сёньняшніх мерак параўнаўча маладымі людзьмі. Усе пакінулі свой сьветлы сьлед у сьвеце і нейкую загадку, нейкі ўрок сваім заўчасным зыходам.

Мы ведаем, што будуць новыя страты – так пабудавана жыцьцё. Свабода будзе працягваць выходзіць у эфір – гэта таксама наша жыцьцё.

У нас цяжкі год. Кажуць, што калі падзяліцца цяжарам, на сэрцы стане лягчэй.

Магчыма, што й так. Напэўна так.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG