Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 18 лістапада: суд у справе выдавецтва «Логвінаў», сустрэча з Алегам Хаменкам, дні нараджэньня Лёсіка, Машары і Вярцінскага


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Адбудзецца пасяджэньне Вышэйшага гаспадарчага суду па справе выдаўца Ігара Логвінава. Рашэньне пра гэта прынятае ў ходзе папярэдняга пасяджэньня суду 14 лістапада, на якім разглядалася пазоўная заява ўладальніка прыватнага выдавецтва «Логвінаў», які патрабуе прызнаць несапраўдным загад Міністэрства інфармацыі аб пазбаўленьні выдавецтва ліцэнзіі. Пачатак а 12.00.

Менск. У Літаратурным музэі Янкі Купалы адбудзецца прэзэнтацыя верша Янкі Купалы «Мая малітва» у перакладзе на славацкую мову пасла Славаччыны ў Беларусі ў 2008-2013 гадах Мар’яна Сэрваткі. Пачатак а 17.00.



Менск. У рок-бары «Крылы» (вул. Даўгабродзкая, 24) адбудзецца творчая сустрэча з Алегам Хаменка (гурт "Палац"). Уваход вольны.
Пачатак а 19.00.

Менск. На запрашэньне Беларускай фэдэрацыі біятлёну ў Менск з афіцыйным візытам прыбывае прэзыдэнт Міжнароднага саюзу біятляністаў Андэрс Бэсэбэрг. У ходзе візыту заплянавана наведваньне цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» з мэтай азнаямленьня з ходам рэканструкцыі і далейшага разьвіцьця комплексу.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1870 — адкрылася першая лінія галубінай пошты паміж Турам і Парыжам.

1912 — нарадзіўся беларускі пісьменьнік Павел Кавалёў

1918 — была абвешчана незалежнасьць Латыскай Рэспублікі. Першым прэзыдэнтам краіны стаў Карліс Ульманіс.

1926 — адбылося адно з так званых узбуйненьняў БССР. Палітбюро ЦК усесаюзнай кампартыі, разгледзеўшы высновы камісіі, якая перад тым працавала ў Гомельскай губэрні, пастанавіла «лічыць даказаным беларускі характар насельніцтва Гомельскага і Рэчыцкага паветаў і прызнаць неабходным далучэньне адзначаных паветаў да БССР».

1965 — былі заснаваныя Дзяржаўныя прэміі БССР у літаратуры, музыцы і мастацтве.


У гэты дзень нарадзіліся:

1786 — Карл фон Вэбэр, нямецкі кампазытар.

1787 — Люі-Жак Дагер, францускі мастак і вынаходнік, адзін з заснавальнікаў фатаграфіі.

1883 — Язэп Лёсік, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч і мовазнавец, акадэмік.

1901 — Джордж Гэлап, амэрыканскі сацыёляг, заснавальнік вядомага ва ўсім сьвеце Інстытуту Гэлапа.

1902 — Міхась Машара, беларускі паэт.



1931 — Анатоль Вярцінскі, беларускі паэт, грамадзкі і палітычны дзяяч.


У гэты дзень памерлі:

1827 — Вільгельм Гаўф, нямецкі пісьменьнік.

1922 — Марсэль Пруст, францускі пісьменьнік.

1941 — Вальтэр Нэрнст, нямецкі фізык і фізыкахімік, аўтар асноватворных працаў па тэрмадынаміцы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1962 — Нільс Бор, дацкі фізык, адзін з заснавальнікаў квантавай мэханікі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ


Сучасная літаратурная расейская (велікаруская) мова вытварана велікарускімі вышэйшымі каманднымі станамі і іх паслугачамі, адарванымі ад народных мас, на аснове царкоўна-славянскае мовы з элемэнтамі старасьвецкай беларускай (і ўкраінскай) літаратурнай мовы, таксама штучнай і далёкай ад жывой народнай мовы. І не зважаючы на пэўную прымесь у ёй элемэнтаў велікарускае маскоўскае гутаркі (дыялекту), гэтая расейская літаратурная мова з аднолькавым правам можа называцца беларускай і ўкраінскай мёртва-літаратурнай мовай, як некалі была такою мовай для гэтых народаў царкоўна-славянская мова.

Язэп Лёсік, з працы " Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG