ПАДЗЕІ ДНЯ
У Нацыянальным мастацкім музэі, у зале партрэтаў Радзівілаў, адбудзецца сустрэча з аўтарам кнігі «Таямніцы Нясьвіскага замка» Анатолем Бутэвічам. Падчас сустрэчы прагучаць вершы зь «Нясьвіскага альбому» Францішкі Уршулі Радзівіл ды старадаўнія і народныя мэлёдыі ў выкананьні народнага фальклорнага ансамбля «Тутэйшая шляхта». Пачатак а 16.00.
У Палацы спорту пройдзе міжнародная выстава грызуноў і зайцападобных «Восеньскія сьлядочкі-2013». Праграма выставы ўключае пацешныя конкурсы для ўсіх відаў грызуноў. У рамках выставы адбудзецца, сярод іншага, прэзэнтацыя парод, пацучыны балянс, хамякоў боўлінг, ды конкурс на самага гаспадарчага хамяка. Пачатак а 10.00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1384 — у Кракаве каранаваная Ядзьвіга, будучая жонка вялікага князя літоўскага Ягайлы.
1812 — армія Напалеона перайшла Бярэзіну.
1913 — у Парыжы апублікаваны першы том клясычнага раманнага цыклю «Ў пошуках страчанага часу» Марсэля Пруста: «Du côté de chez Swann».
1918 — Вугоршчына абвясьціла аб незалежнасьці ад Аўстра-Вугорскай імпэрыі.
1945 — стварэньне Арганізацыі ААН у пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЭСКА).
У гэты дзень нарадзіліся:
1898 — Вінцэнт Гадлеўскі, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч.
1905 — Ян Скрыган, беларускі пісьменьнік.
1914 — Язэп Семяжон, беларускі перакладнік і паэт.
1923 — Мікалай Крукоўскі, беларускі філёзаф.
1925 — Кастусь Акула, беларускі празаік, паэт, драматург і публіцыст.
1964 — Даяна Крол, канадзкая джазавая сьпявачка і піяністка.
У гэты дзень памерлі:
1957 — Янка Чарапук, дзяяч БНР.
1982 — Андрэй Макаёнак, беларускі драматург.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Часам, пакуль я спаў, зь нязручнай пазыцыі майго сьцягна, нібы Эва з Адамавага рабра, нараджалася жанчына. Яна ўтваралася з асалоды, якую я ўжо амаль мог скаштаваць, і я ўяўляў сабе, што гэта яна дорыць мне гэтую асалоду. Маё цела, адчуваючы ў ёй сваю ўласную цеплыню, хацела зь ёй злучыцца, і я прачынаўся. Рэшта чалавецтва здавалася мне бязьмерна далёкай побач з гэтай жанчынай, якую я пакінуў пару імгненьняў перад тым; мая шчака была яшчэ цёплая ад ейнага пацалунку, маё цела яшчэ здранцьвелае ад цяжару яе таліі. Калі, як некалі здаралася, яна мела рысы нейкай знаёмай мне жанчыны, я быў гатовы аддацца без астачы адной мэце: знайсьці яе, як тыя, што выпраўляюцца ў падарожжа, каб пабачыць на свае вочы нейкі жаданы горад, і ўяўляюць, што можна скаштаваць на яве прывабнасьць мары. Але памалу памяць аб ёй раставала, і я забываўся пра дзяўчыну майго сну».
Марсэль Пруст, фрагмэнт зь першага тому цыклю «Ў пошуках страчанага часу» (пераклад Сяргея Шупы).