Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭН: пяць імёнаў свабоды


Міжнародны ПЭН клюб праводзіць сёньня акцыі ў падтрымку зьняволеных пісьменьнікаў і журналістаў ва ўсім сьвеце.

Сёлета ўвага засяроджаная на імёнах пяці асобаў, якіх улады перасьледуюць за адданасьць свабодзе слова.

Дзіна Мэса – журналістка, праваабаронца з Гандураса.

Атрымлівае шмат пагрозаў, была неаднаразова зьбітая, за ёй сочаць.

«Ці я не баюся? Мая праблема палягае ў тым, што я не баюся нічога, бо маім дзецям патрэбная іншая краіна. Я не магу пакінуць дзецям такую краіну, як Гандурас сёньня. Трэба змагацца, бо патрэбная іншая сытуацыя. Краіне патрэбныя справядлівасьць, дэмакратыя, свабода слова і роўнасьць».


Ня менш за 28 журналістаў былі забітыя ў Гандурасе пасьля перавароту 2009 году.

Фазыль Сай – пісьменьнік, кампазытар, музыка з Турцыі.


Асуджаны на 10 месяцаў за непавагу да рэлігіі. Прысуд грунтаваўся на паведамленьні ў Твітэры, дзе ён цытаваў Амара Хаяма.

Сай міжнародна прызнаны стваральнік клясычнай музыкі, піяніст. Твіты, за якія яго асудзілі:

«Бог – гэта нешта, дзеля чаго мы жывем, паміраем, альбо нешта, дзеля чаго мы становімся як жывёлы і забіваем? Падумай пра гэта».

«Што, калі на небе ёсьць ракія, а ў пекле няма, але ў пекле ёсьць Шывас Рыгал (віскі), а на небе няма? Што тады здарыцца? Гэта насамрэч важнае пытаньне!!!»

«Муэдын прачытаў заклік да малітвы за 22 сэкунды. Prestissimo con fuca!!! Што за сьпех? Каханка? Выпіўка?»

Загра Рагнавард – пісьменьніца, навуковец і палітычная актывістка, Іран.


Утрымліваецца пад неафіцыйным хатнім арыштам з 2011 году. Выступае за правы жанчын: «У нас няма стратэгіі, якая б давала месца жанчынам у лёсе нашай краіны».

Першая сярод іранскіх жанчын узначаліла ўнівэрсытэт пасьля рэвалюцыі 1979 году, была дарадцай прэзыдэнта Хатамі, адкрыта ўдзельнічала ў прэзыдэнцкай кампаніі свайго мужа, аўтарка пятнаццаці кніг. Паводле ПЭН клюбу, больш за 20 пісьменьнікаў, журналістаў, блогераў затрыманыя ў Іране з прычыны іх мірных выказваньняў.

Родні Сьех – заснавальнік і рэдактар газэты «Афрыка на Першай Паласе», Лібэрыя.

Быў аштрафаваны на 1,5 мільёна даляраў за публікацыю ў газэце доказных артыкулаў пра міністра-карупцыянэра, і зьняволены ў жніўні 2013. Паводле мясцовых законаў, Сьех патрабавалася 5000 гадоў, каб выплаціць штраф, працуючы ў турме. Цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам у чаканьні перасуду.


Сьех працаваў як журналіст у газэтах ЗША, на БіБіСі, у зонах ваенных канфліктаў, праводзіў расьсьледаваньні пра зьнікненьні людзей.

Кунчок Цэпхэл Гопі Тсанг – інтэрнэт-пісьменьнік і рэдактар тыбэцкага сайту «Лямпа», Кітай-Тыбэт.


Абвінавачаны ў раскрыцьці дзяржаўнай тайны ў 2009 годзе, адбывае 15-гадовы тэрмін зьняволеньня. ПЭН лічыць прысуд перасьледам за свабоду слова. «Лямпа» была першым літаратурным вэб-сайтам па-тыбэцку. Сучасныя аўтары выступалі на ім са сваімі тэкстамі. Сайт неаднаразова закрываўся кітайскімі ўладамі. На момант арышту Тсанг працаваў у прыродаахоўным агенцтве і выказваў вялікую занепакоенасьць пагаршэньнем экалёгіі.

Пад час турэмных візытаў яго сям'я можа гаварыць зь ім толькі праз інтэрком і ня мае права гаварыць па-тыбэцку.

За апошнія пяць гадоў ня менш за 40 тыбэцкіх пісьменьнікаў, журналістаў, мастакоў былі арыштаваныя кітайскімі ўладамі. 123 чалавекі падпалілі сябе на знак пратэсту супраць кітайскай палітыкі ў Тыбэце. 92 зь іх загінулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG