Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі забароняць даляры?


На разгляд Дзярждумы ўнесены праект закону, які забараняе на тэрыторыі Расеі абарот і захоўваньне даляраў ЗША.

У выпадку прыняцьця дакумэнта грамадзяне РФ будуць абавязаныя на працягу аднаго году зачыніць свае даляравыя рахункі ў расейскіх банках, а ўсё свае даляры (і наяўныя даляравыя купюры) абмяняць на рублі ці валюту іншых краін – эўра, фунты стэрлінгаў, ены, юані і т. д.

Па заканчэньні году даляравыя рахункі закрыюць аўтаматычна, а выяўленыя паліцыяй, мытнікамі, падаткавікамі, памежнікамі або супрацоўнікамі ФМС наяўныя даляры будуць адбірацца.

Зрэшты, кошт канфіскаваных даляраў усё ж прапануецца кампэнсаваць. Праўда, не адразу , а толькі на працягу 30 каляндарных дзён «у парадку, устаноўленым фэдэральным органам выканаўчай улады».

«Адзіным пакараньнем для парушальнікаў закону стане часовая канфіскацыя грашовых сродкаў, што зьяўляецца адпаведнай мерай адказнасьці за невыкананьне палажэньняў законапраекту», – адзначае распрацоўшчык закону, дэпутат Дзярждумы (фракцыя ЛДПР) Міхаіл Дзегцяроў.

Купіць наяўныя даляры на тэрыторыі РФ пасьля ўступленьня закону ў сілу расейцы ня змогуць наогул, а неабходнасьць куплі безнаяўных даляраў давядзецца даказаць. Паважнай прычынай будзе лічыцца, напрыклад, выезд за мяжу. Праўда, толькі ў такую краіну, дзе даляры прымаюць ахвотна, а сваёй валюты няма зусім. Тым жа, хто едзе, да прыкладу, у адну з краін ЭЗ, даляры, на думку заканадаўцаў, не патрэбныя – хопіць і эўра.

«Купля даляраў ЗША турыстамі і грамадзянамі, якія накіроўваюцца ў службовую камандзіроўку, часьцей зьяўляецца звычкай, чым неабходнасьцю. У 2012 годзе з 50 найбольш папулярных кірункаў выезду расейскіх грамадзян за мяжу толькі 11 напрамкаў прыпадалі на краіны зь нізкім узроўнем даляразамяшчэньня.

Такім чынам, абсалютную большасьць расейскіх турыстаў прапанаваныя абмежаваньні не закрануць. Купля даляраў ЗША для паездак у замежныя дзяржавы з высокім узроўнем даляразамяшчэньня ня мае практычнага сэнсу», – адзначаецца ў тлумачальнай запісцы да праекту закону.

Акрамя ЭЗ, да «краін з высокім узроўнем даляразамяшчэньня», паездка ў якія не дае права на куплю даляраў, законапраект адносіць Абхазію, Альбанію, Альжыр, Андору, Эгіпет, Босьнію і Герцагавіну, Ватыкан, Грузію, Іран, Ісьляндыю, Кітай, КНДР, Ліхтэнштэйн, Македонію, Марока, Манака, Манголію, Нарвэгію, Сан -Марына, Сэрбію, Туніс, Турцыю, Чарнагорыю, Швэйцарыю і Паўднёвую Асэтыю, а таксама ўсе дзяржавы СНД.

У тлумачальнай запісцы да законапраекту адзначаецца, што свабоднае распаўсюджваньне на тэрыторыі Расеі даляраў ЗША перашкаджае папулярызацыі рубля і перашкаджае яму стаць паўнавартаснай сусьветнай рэзэрвовай валютай. Ды і сам факт таго, што многія расейцы аддаюць перавагу захаваньню сваіх зьберажэньняў у далярах, аўтары законапраекту лічаць небясьпечным для краіны.

«Калі дзярждоўг ЗША будзе расьці такімі ж тэмпамі, крах даляравай сыстэмы адбудзецца ў 2017 годзе. Адразу пасьля выбараў новы прэзыдэнт ЗША прыме гістарычнае рашэньне аб рэструктурызацыі дзяржаўнага доўгу па каштоўных паперах Казначэйства ЗША. Асабліва пацярпяць краіны, якія своечасова не пазбавіліся ад даляравай залежнасьці.

З улікам вышэйпададзенага вельмі небясьпечным зьяўляецца факт росту даверу да даляра ЗША сярод грамадзян Расеі. Дзяржаве прыйдзецца дапамагаць расейскім уладальнікам даляраў, як падманутым укладчыкам банкаў 1990-х і ахвярам фінансавых пірамід. Аднак такая дапамога акажацца вялікім цяжарам для фэдэральнага бюджэту. Спатрэбіцца скараціць бюджэтныя асыгнаваньні па іншых мэтавых напрамках, што нэгатыўна адаб'ецца на сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Расеі», – адзначаецца ў дакумэнце.

Загадзя пазбавіўшы расейцаў ад чужых ім «зялёных», Дзегцяроў разьлічвае абараніць іх інтарэсы ад «негатыўнага ўплыву развалу амэрыканскай пазыковай піраміды». Асабліва адзначаецца, што прапанаваныя абмежаваньні абароту і захоўваньня даляраў ЗША не распаўсюджваюцца на валютныя апэрацыі, якія ажыцьцяўляюцца Цэнтральным банкам РФ, урадам РФ, МЗС, Мінабароны, Службай зьнешняй разьведкі і ФСБ.

Нагадаем, што ў жніўні 2013 году прэзыдэнт Сырыі Башар Асад падпісаў указ аб забароне выкарыстаньня замежнай валюты ў фінансавых апэрацыях на тэрыторыі рэспублікі. Прадаўцы, якія парушаць забарону, могуць атрымаць 10-гадовы турэмны тэрмін. Акрамя таго, ім пагражае сур'ёзны штраф, які ў два разы перавышае аб'ём зьдзелкі з забароненай валютай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG