Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянту далі 6 гадоў турмы за тое, што выбіваў паказаньні


Суд у Бабруйску пакараў міліцыянта з Крычава за зьбіцьцё затрыманага. Іншыя міліцыянты, які выбівалі паказаньні, засталіся непакаранымі.

Малодшы опэрупаўнаважаны крымінальнага вышуку Крычаўскага РАУС, старшы сяржант міліцыі асуджаны Бабруйскім міжгарнізонным судом за тое, што зьбіваў жыхара Крычава, каб атрымаць прызнаньне ў злачынстве, якога той не рабіў.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», крычаўскі міліцыянт асуджаны Бабруйскім міжгарнізонным вайсковым судом паводле артыкулаў за перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў і наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня.

Па сукупнасьці злачынстваў яму прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 гадоў з накіраваньнем у калёнію ўзмоцненага рэжыму, з пазбаўленьнем званьня і права займаць пэўныя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

Выпадак, які разглядаў суд, здарыўся ў сьнежні мінулага году. Міліцыянты зьбівалі падазраванага ў крадзяжы з крычаўскага прадпрыемства «Камунальнік».

Зьбіты атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджаньні і пасьля вызваленьня зьвярнуўся з заявай у Крычаўскі міжрайаддзел КДБ.

Рэдактара незалежнай Крычаўскай газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага зьдзівіла, што да крымінальнай адказнасьці за зьбіцьцё падазраванага прыцягнуты толькі адзін супрацоўнік крычаўскай міліцыі:

Сяргей Няроўны
Сяргей Няроўны
«Згодна нашай інфармацыі, у зьбіцьці падазраванага ў будынку Крычаўскага РАУС удзельнічала некалькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Зараз мы будзем высьвятляць, якія вызначэньні вынес Бабруйскі міжгарнізонны суд адносна тых парадкаў, якія існуюць у нашым Крычаўскім РАУС».


Інтэрвію з маці пацярпелага ад міліцэйскіх пабояў чытайце пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG