Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Празарэньне Сямашкі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Выступ першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі ў Нацыянальным сходзе са справаздачай у нечым можна лічыць знамянальным. Гаварыць трэба было не пра перамогі і посьпехі, а пра няўдачы. Да чаго высокія чыноўнікі проста не прывучаныя. І як бы ён ні стараўся гаварыць пра мудрую прамысловую палітыку ўраду, усё ж быў вымушаны прызнаць эканамічны правал.

Паводле нармальнай лёгікі, калі рэальныя вынікі ў эканоміцы ашаламляльна адрозьніваюцца ад плянаў, то ўсе чыноўнікі, якія іх рыхтавалі і візіравалі, павінны былі б сысьці ў адстаўку. І дэпутаты, якія зацьвярджалі бюджэт і пляны, і прэзыдэнт, які іх падпісваў. З прычыны прафнепрыдатнасьці.

Аднак замест гэтага высокія афіцыйныя асобы распачалі новую гульню пад назвай: хто вінаваты ў эканамічных правалах? Прэзыдэнт абвясьціў, што прычына ўсіх нашых бедаў — усясьветны эканамічны крызіс (які, дарэчы, ужо год як скончыўся). Ды плюс беларускі «народзец», які замест таго, каб з энтузіязмам выконваць пастановы Ўсебеларускага народнага сходу, то ломіцца ў суседнія краіны на закупы, то бяжыць у абменьнікі купляць валюту.

І вось Уладзімер Сямашка знайшоў новага вінаватага. Як гэта ні выглядае дзіўным, але ім аказваецца Мытны саюз (МС). «З-за недасканаласьці заканадаўчай базы Мытнага саюзу і АЭП з шматлікімі выключэньнямі і выняткамі Беларусь нясе вялікія выдаткі і губляе цэлыя нішы на рынку», — сказаў першы віцэ-прэм’ер. У такіх выпадках кажуць: «Вось табе, бабуля, і Юр’еў дзень».

Ужо чатыры гады беларуская афіцыйная прапаганда нас запэўнівае, як здорава разьвіваецца постсавецкая інтэграцыя, як мудра прыдумалі тры прэзыдэнты, стварыўшы МС, якія вялізарныя рынкі і пэрспэктывы адкрываюцца перад беларускай эканомікай і г. д. Вось і па выніках апошніх самітаў у Менску дзяржаўныя мэдыі не шкадавалі ружовых колераў і траскучых аптымістычных хваласьпеваў.
Беларуская эканоміка — бяздонная яма, якая патрабуе ўсё новых датацыяў

І вось, нарэшце, наступіла празарэньне. Складаецца ўражаньне, што дасюль ва ўрадзе і палітычным кіраўніцтве Беларусі ніхто ўсур’ёз проста не пралічваў усе плюсы і мінусы стварэньня МС і Адзінай эканамічнай прасторы. Усе былі зачараваныя тым, што Расея будзе пастаўляць нафту і газ па нізкіх цэнах, а далей ніхто і не зазіраў. У выніку Беларусь атрымала сёлета 10 млрд даляраў расейскіх субсыдыяў. Ажно выявілася, што гэтага мала, каб уратаваць неэфэктыўную беларускую эканоміку. Гэта бяздонная яма, якая патрабуе ўсё новых датацыяў.

Узьнікае яшчэ адно пытаньне. Чаму прадстаўнікі Беларусі у кіроўных органах МС не адстойваюць інтарэсы краіны? Працэдура функцыянаваньня гэтых органаў такая, што ўсе рашэньні ў іх прымаюцца кансэнсусам, кожная з трох краінаў мае права вэта. Выглядае, што там адбываецца нешта падобнае да скандальнай гісторыі зь Беларускай калійнай кампаніяй. Там таксама прадстаўнікі Беларусі, калі верыць сьледчым органам, не перашкодзілі злачыннай дзейнасьці мэнэджэраў «Уралкалія».
Усе жывуць сёньняшнім днём, ніхто ня хоча думаць хоць бы на пару гадоў наперад

Яшчэ адзін цікавы момант у выступе Ўладзімера Сямашкі. «Радыкальнае рашэньне — уступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА). Ад уступленьня Расеі мы ўжо сербанулі нэгатыву і спаўна атрымалі шышак. Пышак пакуль ня маем. Неабходна рэзка інтэнсыфікаваць перамоўны працэс... З уступленьнем ва УГА і Казахстану сытуацыя можа пагоршыцца», — канстатаваў першы віцэ-прэм’ер.

Узьнікае пытаньне: хто ж перашкаджаў Беларусі раней уступаць ва УГА? Ужо каля 20 гадоў вядуцца перамовы, а вынікаў няма. З пачаткам працэсу стварэньня МС Беларусь на некалькі гадоў увогуле перапыніла перамоўныя працэдуры аб уступленьні ва УГА. Думалі, Мытны саюз кампэнсуе неабходнасьць далучэньня да ўсясьветнай арганізацыі. Ці спадзяваліся ўступіць разам з Расеяй і Казахстанам. І вось цяпер апынуліся каля разьбітага карыта. Гэта лішні раз сьведчыць пра ўзровень стратэгічнага мысьленьня беларускага кіраўніцтва. Усе жывуць сёньняшнім днём, ніхто ня хоча думаць хоць бы на пару гадоў наперад.

Адным з спосабаў выпраўленьня эканамічнай сытуацыі Уладзімер Сямашка лічыць ператварэньне Міністэрства прамысловасьці ў Міністэрства прамысловай палітыкі. Варта памяняць назву аднаго ведамства, і эканоміка запрацуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG