Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: У Грузіі не падтрымаюць ідэю Лукашэнкі аб вяртаньні ў СНД


Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка
Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч выказалі жаданьне кіраўнікоў дзяржаў СНД зноў бачыць Грузію ў складзе Садружнасьці. Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што «Грузія пачуе гэтае пасланьне».

Заява прагучала на брыфінгу Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Януковіча як дзейнага і будучага старшыняў Рады кіраўнікоў дзяржаў СНД па выніках менскага саміту. Уладзімера Пуціна пры гэтым не было.

Аляксандар Лукашэнка, у прыватнасьці, зазначыў:

«Цалкам адкрыта заяўляю, і гэта ня толькі маё меркаваньне, што мы хацелі б, каб Грузія вярнулася ў склад Садружнасьці. Я пра гэта казаў напярэдадні нашага старшынства ў СНД, і гэты год не прайшоў дарма».

Паводле Лукашэнкі, у Грузіі, «у тым ліку і ў кіраўніцтве, вельмі шмат тых, хто жадае мець пляцоўку, дзе можна абмяркоўваць ня толькі палітычныя, але і эканамічныя пытаньні, пытаньні жыцьця нашых дзяржаў».

«Думаю, для таго каб перайсьці ад словаў да справы, трэба шукаць ня тое, што нас разьядноўвае, а тое, што аб’ядноўвае. І мы ад гэтага атрымаем адпаведны выйгрыш. Гэта, перш за ўсё, ацэняць нашы людзі, як у Садружнасьці, так і ў Грузіі», — цытуе Інтэрфакс Лукашэнку.

Лукашэнку падтрымаў Віктар Януковіч:

«Я абсалютна згодны і вітаю запрашэньне Аляксандра Рыгоравіча, каб нагадаць нашым сябрам з Грузіі, што дзьверы СНД для іх заўсёды адчыненыя. Гэта, напэўна, будзе вельмі правільна, таму што мы вельмі часта чуем ад розных палітыкаў з Грузіі, што гэта было неабдуманае рашэньне і сёньня Грузія апынулася ўбаку ад тых працэсаў, якія зьвязаныя з барацьбой з усясьветным эканамічным крызісам. Усё ж такі пляцоўка СНД — гэта тая пляцоўка, на якой прызвычаіліся дамаўляцца і вырашаць многія пытаньні. Мне здаецца, што калі ў нашых калегаў такое жаданьне (вярнуцца ў СНД) ёсьць, гэта ніколі ня позна зрабіць».

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі прыняў рашэньне аб выхадзе з СНД у адказ на расейскую агрэсію ў жніўні 2008 году. Парлямэнт падтрымаў гэтае рашэньне — 14 жніўня 2008 году парлямэнт дэнансаваў тры пагадненьні: «Аб стварэньні Садружнасьці незалежных дзяржаў» ад 8 сьнежня 1991 г., Статута, зацьверджанага Радай кіраўнікоў дзяржаў СНД ад 22 студзеня 1993 году, і пагадненьня аб эканамічным саюзе ад 24 верасьня 1993 году. Працэдура завяршылася праз год, і ад 18 жніўня 2009 году Грузія больш ня сябра СНД.

Лідэры краін СНД спадзяюцца, што цяпер, пасьля зьмены ўлады, у Грузіі могуць перагледзець гэтае рашэньне.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў пра намер вярнуць Грузію ў склад СНД.

«Я буду ўсяляк ініцыяваць вяртаньне Грузіі ў СНД. Я перакананы, што калі б нават перамагла партыя Саакашвілі, то Міхаіл Саакашвілі быў бы сябрам СНД у наступным годзе. І ў гэтым кірунку Беларусь будзе працаваць. Мы не павінны страціць Грузію», — заявіў ён 4 кастрычніка 2012 году ў інтэрвію тэлерадыёкампаніі «Мір».


Грузінскі журналіст Коба Ліклікадзэ лічыць зварот Лукашэнкі і Януковіча наконт вяртаньня Грузіі ў СНД марным:

«Я думаю, што гэта можна назваць нейкім сяброўскім жэстам. Але мяркую, што спадары Лукашэнка і Януковіч памыляюцца, калі запрашаюць Грузію ў тую
Грузія ня можа быць у садружнасьці, лідэр якой — краіна-акупант
арганізацыю, якой, па сутнасьці, кіруе Расея, што акупавала ў Грузіі дзьве тэрыторыі. Як гэта ўяўляецца палітыкам Лукашэнку і Януковічу, што грузінскі прэм’ер-міністар і будучы прэзыдэнт (а ў нас чакаюцца выбары 27 кастрычніка) сядзеў бы разам з кіраўніком той дзяржавы, якая акупавала нашую тэрыторыю? Пра што можна дамовіцца? Пра якую садружнасьць гаварыць, калі сябар гэтага саюзу акупаваны іншым сябрам? Такога саюзу быць ня можа. Грузія ня можа быць у садружнасьці, лідэр якой — краіна-акупант».

Экспэрт перакананы, што гэтая прапанова будзе адхілена ў Тбілісі незалежна ад таго, хто стане наступным прэзыдэнтам Грузіі:

«Я ў гэтым абсалютна перакананы, я пра гэта гутарыў з прэм’ер-міністрам Грузіі Бідзінам Іванішвілі. Адказ адназначны — Грузія абрала шлях эўраатлянтычнай інтэграцыі. Гэта гістарычны выбар народу. Могуць быць нейкія адносіны з Расеяй на ўзроўні гандлю, але Грузія абрала для сябе сыстэму бясьпекі, у якой бачыць разьвіцьцё сваёй дзяржаўнасьці, і ні пра які СНД, тым больш пра нейкі эўраазіяцкі саюз, гаворкі ня можа быць. Гэта быў бы гіганцкі крок назад, які ніякі ўрад Грузіі дазволіць сабе ня можа».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG