Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні мінкульт, ні выканкам, ні царква не ратуюць аршанскі помнік


Аршанскія краязнаўцы атрымалі адказ на свой зварот у Міністэрства культуры наконт помніка архітэктуры рэспубліканскага значэньня — будынка былога базыльянскага кляштара.

Жыхары Воршы пісалі пра тое, што пабудова знаходзіцца ў гаротным стане і вымагае тэрміновай кансэрвацыі — хаця б часовага даху. Інакш да тае пары, пакуль будзе зацьверджаны праект рэстаўрацыі, помнік можа не датрываць.

У лісьце ў адказ за подпісам намесьніка міністра Аляксандра Яцко гаворыцца, што паспрыяць выдаткаваньню на гэта бюджэтных грошай міністэрства ня можа. Бо з 2007 году будынак былога кляштару базыльянаў перададзены Віцебскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Аршанскія ўлады зрабілі гэткі «падарунак» якраз неўзабаве пасьля таго, як узімку 2006 году на былым кляштарным будынку пад сьнегам праваліўся дах.

Паводле беларускага заканадаўства, дзяржава ня можа фінансаваць рэстаўрацыю гістарычных будынкаў, калі яны належаць рэлігійным структурам. Але ж і ўласьнік — Віцебская эпархія і ў прыватнасьці аршанская Сьвята-Пакроўская царква — ня рупяцца пра кансэрвацыю будынка, спадзеючыся на выкананьне праекту рэстаўрацыі, які яшчэ толькі замоўлены ў майстэрні менскага архітэктара Мікалая Лук’янчыка.

Паводле адказу з Міністэрства культуры, спадар Лук’янчык прызначаны куратарам над аршанскім помнікам, «які ажыцьцяўляе кіраўніцтва ходам навукова-дасьледчых і праектных работ, нясе пэрсанальную адказнасьць за захаванасьць гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў адпаведнасьці з Законам „Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны“».

У адпаведнасьці з гэтым законам, кансэрвацыяй будынка таксама мусіць займацца ўласьнік. І гэта ніякім чынам не зьвязана з праектам будучай рэстаўрацыі і не вымагае аніякага адмысловага дазволу ад Міністэрства культуры, гаворыцца ў лісьце.

Што да мясцовых уладаў, якія ўхіліліся ад адказнасьці за захаванасьць помніка, сьпешна перадаўшы яго іншаму гаспадару, то і яны «могуць садзейнічаць уласьніку гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў прапрацоўцы пытаньня прыцягненьня пазабюджэтных сродкаў на выкананьне мерапрыемстваў па захаваньні і аднаўленьні аб’екта спадчыны», — піша намесьнік міністра культуры.

Як вынікае зь ягонага адказу, міністэрства застаецца ўбаку ад праблемы, але пералічвае ўсіх адказных за тое, што помнік архітэктуры, знаходзячыся пад аховай дзяржавы, можа і наступную зіму прастаяць без даху.

Каб гэтага ня здарылася, аршанскія краязнаўцы рыхтуюць зварот у пракуратуру — каб там далі ацэнку дзеяньням парушальнікаў Закону «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». А гэта, паводле Міністэрства культуры, і навуковы кіраўнік Мікалай Лук’янчык, і прадстаўніцтва Віцебскай эпархіі БПЦ у Воршы. А таксама і мясцовыя ўлады, на думку аршанскіх актывістаў, бо захады па ўратаваньні помніка архітэктуры яны мусілі прадпрыняць яшчэ ў 2006 годзе, і тады кляштарны будынак сёньня ня быў бы ў такім гаротным стане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG