Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анішчанку зьнялі, але «Роспотребнадзор» застанецца палітычнай зброяй Крамля


Кіраўнік расейскага агенцтва «Роспотребнадзор» Генадзь Анішчанка зьняты са сваёй пасады і прызначаны памочнікам прэм’ер-міністра Расеі.

Пра гэта паведаміла Натальля Цімакова, прэсавая сакратарка прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Яна патлумачыла, што Анішчанка пакідае сваю пасаду ў сувязі са сканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў, а «Роспотребнадзор» узначаліць ягоная намесьніца Анна Папова.

Анішчанка на сваёй пасадзе набыў вядомасьць шэрагам забаронаў на імпарт у Расею замежных прадуктаў, у тым ліку і беларускіх.

Пра адстаўку Анішчанкі яшчэ ў аўторак заявіла віцэ-прэм’ер ураду Расеі Вольга Галадзец, якая суправаджала прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева ў паездцы ў Пэкін. Сам Анішчанка даволі рэзка адрэагаваў на гэтую інфармацыю, сказаўшы, што «дзіўны пэрсанаж, які зрабіў гэтую заяву, не ўваходзіць у кола людзей, якія прымаюць рашэньне».

Так выявіў Анішчанку на віннай этыкетцы малдаўскі мастак Васіле Батнару
Так выявіў Анішчанку на віннай этыкетцы малдаўскі мастак Васіле Батнару
Расейскае інтэрнэт-выданьне gazeta.ru напісала са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе Расеі, што апошнім часам Анішчанка стварыў сабе шэраг ворагаў, выкарыстоўваючы сваё ведамства ў бізнэс-разборках.

Па-за межамі Расеі імя Анішчанкі набыло розгалас ў сакавіку 2006 году, калі «Роспотребнадзор» цалкам забараніў увоз грузінскіх і малдаўскіх вінаў у Расею. Афіцыйнай прычынай была іх неадпаведнасьць санітарным нормам, але гэтае рашэньне па часе супала з палітычнымі канфліктамі Расеі з грузінскім і малдаўскім кіраўнітвам.

Улетку 2009 году «Роспотребнадзор» забараніў ўвоз больш чым тысячы найменьняў малочнай прадукцыі зь Беларусі. Зноўку ж, афіцыйна гэта тлумачылася праблемамі з дакумэнтацыяй, але рашэньне было прынятае на фоне пагаршэньня беларуска-расейскіх адносінаў.

Пад забароны Анішчанкі ў розны час, пераважна ў пэрыяды вострых палітычных спрэчак, патраплялі грузінская мінэральная вада «Баржомі», латыскія шпроты, гародніна з Эўразьвязу і ўкраінскія сыры. Цяпер пад забаронай літоўская малочная прадукцыя.

Анішчанка, які таксама займаў пасаду галоўнага санітарнага лекара Расеі, часта даваў квяцістыя парады расейскім грамадзянам. Пасьля парлямэнцкіх выбараў у Расеі ў сьнежні 2011 году ён заклікаў жыхароў краіны не хадзіць на акцыі пратэсту, каб не падхапіць грып. Выступаючы ў кастрычніку 2012 году на слуханьнях грамадзкай палаты аб узмацненьні адказнасьці за п’янства за рулём, ён заявіў: «Любіш кефір — выбірай: будзеш за рулём езьдзіць альбо кефір піць». А ў сьнежні 2012-га Анішчанка заявіў, што калі Дзяржаўная дума ня прыме закону супраць тытуню, падрыхтаванага Міністэрствам аховы здароўя, ён паставіць пытаньне аб яе роспуску. Між тым, распусьціць Думу, паводле расейскай Канстытуцыі, мае права толькі прэзыдэнт — і тое, толькі калі Дума тройчы адхіліць прапанаваную ім кандыдатуру прэм’ер-міністра альбо двойчы выкажа недавер дзейнаму ўраду.

Пры гэтым, паводле расейскіх аналітыкаў, замена Анішчанкі на іншага кіраўніка ня зьменіць ролі, якую адыгрывае «Роспотребнадзор» у палітычных канфліктах зь іншымі дзяржавамі, і наступнікі Анішчанкі будуць рабіць тое, чаго патрабуе палітычная сытуацыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG