Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малая Катынь» каля Ліды?


Адзначэньне гадавіны Аўгустаўскай аблавы на сымбалічнай магіле ў Гібах
Адзначэньне гадавіны Аўгустаўскай аблавы на сымбалічнай магіле ў Гібах
Паводле Інстытуту нацыянальнай памяці ў Польшчы, ня выключана, што блізу 600 палякаў (сярод якіх было 27 жанчын і 15 непаўналетніх), схопленых у гэтак званай «Аўгустоўскай аблаве», былі вывезеныя ў Беларусь ды расстраляныя на колішнім польскім вайсковым палігоне каля Ліды.

Справа датычыць аблавы, якую ў ліпені 1945 году савецкія энкавэдысты з аддзелаў СМЕРШ ІІІ Беларускага фронту і некаторыя аддзелы польскага войска ўчынілі ў раёне Аўгустаўскай пушчы ў сувязі дзейнасьцю ў тамтэйшай ваколіцы антыкамуністычнага падпольля з Арміі Краёвай. Дасьледчыкі з Інстытуту нацыянальнай памяці мяркуюць, што затрыманыя ў аблаве былі потым расстраляныя ў пазасудовым парадку. Гэтая падзея называецца некаторымі польскімі грамадзкімі дзеячамі і гісторыкамі «Малой Катыньню» або «Другой Катыньню».

Паводле аднаго сьведкі, які даў паказаньні апошнім часам, схопленыя ў аблаве людзі былі чыгуначным транспартам дастаўленыя ў канцы ліпеня і на пачатку жніўня 1945 году ў лідзкую турму, адкуль энкавэдысты групамі па 100-200 чалавек перагналі іх на колішні палігон і там пастралялі. Паводле гэтай вэрсіі, целы забітых былі ўкінутыя ў ямы, падрыхтаваныя на палігоне яшчэ ў пэрыяд нямецкай акупацыі. Жыхарам Ліды падчас перагону зьняволеных па горадзе было загадана не пакідаць сваіх дамоў, а раней савецкія карныя органы паведамілі, што апэрацыя датычыць злачынцаў і людзей, якія залічылі сябе да нямецкай этнічнай групы. Паводле згаданага сьведкі, аднаго з палякаў, які ня даў рады ісьці на палігон на ўласных нагах, энкавэдысты застрэлілі на вуліцы ў Лідзе.

У архіве КДБ ў 1990 годзе была знойдзеная шыфратэлеграма начальніка Галоўнага ўпраўленьня контравыведкі СМЕРШ і адначасова ўпаўнаважанага НКУС па 3-м Беларускім фронце Віктара Абакумава наркаму ўнутраных спраў СССР Лаўрэнцію Берыю ад 21 ліпеня 1945 года, у якой гаварылася, што 20 ліпеня на самалёце ў раён Аўгустаўскай пушчы быў накіраваны генэрал-маёр Гаргонаў з групай контравыведнікаў «для правядзеньня ліквідацыі арыштаваных у Аўгустаўскіх лясах бандытаў». Польскія дасьледнікі мяркуюць, што гэтая шыфраграма датычыла якраз «Аўгустаўскай аблавы».

Магчымы расстрэл каля 600 палякаў каля Ліды — не адзіны беларускі сьлед у гэтай справе. Другі сьлед зьвязаны з маёрам АК Зыгмунтам Шэндзеляжам (псэўданім «Лупашка»), які ў той час на Беласточчыне нанава ствараў разьбітую Чырвонай арміяй V Віленскую брыгаду АК. Падначаленыя Шэндзеляжа, Ромуальд Райс («Буры») і Зыгмунт Блажэевіч («Зыгмунт»), адказныя за спаленьне ў 1945 і 1946 г. шэрагу этнічна беларускіх вёсак і забойствы цывільных жыхараў на Падляшшы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG