Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «Тэрмінатара» да «Жыве Беларусь» — па-беларуску


Багуслаў Цыганкоў
Багуслаў Цыганкоў
Некалькі тыдняў таму на Youtube зьявіўся першы канал з аглядамі кіно па-беларуску. Іх робіць 14-гадовы Багуслаў Цыганкоў, навучэнец другога курсу коласаўскага ліцэю. У першых аглядах Богуш гаворыць пра сусьветна вядомыя блакбастэры — «Тэрмінатара», «Назад у будучыню», «Індыяну Джонс».

— Богуш з намі на тэлефоннай сувязь зь Менску. Што падштурхнула рабіць агляды кіно па-беларуску? І патлумачце, калі ласка, чаму менавіта блакбастэры? Ці не таму, што ў Беларусі заўсёды бракавала масавай культуры па-беларуску?

— Калі я глядзеў на Youtube розныя агляды фільмаў, мне прыйшла думка, чаму б мне самому іх не рабіць? Я падумаў, што такі канал павінен адрозьнівацца ад іншых. Я сам заўсёды гавару па-беларуску, становішча беларускай мовы ў нашай краіне не найлепшае — таму я вырашыў, што буду гэтыя агляды рабіць па-беларуску. Таксама я вырашыў, што буду гаварыць не пра сучасныя фільмы, як гэта робяць усе аглядальнікі на Youtube, а пра такое кіно, якое ведаюць усе, але якое ўжо забылася, пра якое цяпер шмат не гавораць.

— На якую аўдыторыю вы разьлічваеце — сваіх аднагодкаў альбо аматараў відовішчнага галівудзкага кіно любых узростаў?

— Я б, канечне, хацеў, каб мяне глядзелі пераважна мае равесьнікі. Але я разумею, што ня ўся моладзь сёньня цікавіцца беларускай мовай. У цэлым я разьлічваю, што мае агляды будуць падабацца ўсім узростам — і аматарам кіно, і тым, хто ня вельмі разьбіраецца ў гэтых фільмах.

— Якія першыя рэакцыі на вашыя агляды? Некаторыя водгукі гучаць прыкладна так: дасьціпна, прыкольна, і якасна, другія крытычна кажуць, што вы яшчэ не разьбіраецеся ў кіно. Якая рэакцыя пераважае?

— Рэакцыя сапраўды даволі кантрасная і... мне гэта падабаецца. Я разумею, што ня ўсе могуць пагадзіцца з маім меркаваньнем. Вядома, я буду імкнуцца рабіць так, каб гэта падабалася як мага большай колькасьці людзей.

Пакуль пераважаюць камэнтары, якія мяне падтрымліваюць: «добра атрымалася, так і працягвай». А наконт парадаў — людзі раяць рабіць агляды пра нейкія новыя фільмы. Але я адказваю, што ў гэтым і ёсьць мая фішка, што я раблю агляды менавіта пра старыя фільмы.

Тым ня менш, я вырашыў зрабіць такі разьдзел на сваім канале, дзе буду раз у месяц-два рабіць агляд фільмаў, якія толькі што зьявіліся ў кінатэатрах, і якія мне захацелася паглядзець. Вось нядаўна выйшаў расейскі фільм «Сталінград», які ўсе зараз абмяркоўваюць. Я амаль дарабіў агляд пра яго, і хутка яго выстаўлю.

— Ужо амаль год вельмі абмяркоўваюць кіно «Жыве Беларусь». Ці глядзелі вы яго і ці ня думаеце зрабіць агляд пра яго?

— Так, я яго глядзеў. Я на самой справе ня вельмі хацеў бы кранаць палітыку, а гэты фільм менавіта такі. Аднак у мяне будзе разьдзел — спэцвыпускі — дзе я буду рабіць агляды і беларускіх фільмаў. Напрыклад, ня так даўно я глядзеў «У тумане». Так што, магчыма, і пра «Жыве Беларусь» калісьці зраблю.

— Богуш, не магу не запытацца вас. Чалавек, які апантана ў свой вольны час піша кінаагляды, мантажуе відэаролікі, ня можа ня марыць пра кіно, праўда?

— Так, я за сваё жыцьцё многімі прафэсіямі цікавіўся, але нікім так моцна не хацеў быць, як рэжысэрам. У мяне ўжо даволі даўно і дагэтуль такое жаданьне. Хачу займацца менавіта гэтым. І рабіць такія агляды стала маім хобі, якое можа дапамагчы ў будучай прафэсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG