Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд разгледзіць яшчэ адну справу пра расстрэл


18 кастрычніка Вярхоўны суд разгледзіць касацыйную скаргу жыхара Гомеля Аляксандра Грунова, які асуджаны да сьмяротнага пакараньня за забойства студэнткі.

25-гадовы Аляксандар Груноў 20 верасьня 2012 года забіў сваю знаёмую Натальлю Емяльянчыкаву праз тое, што яна яго абразіла і не папрасіла прабачэньня. Ён нанёс ахвяры 102 раненьні нажом, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У судзе ён прызнаў віну і папрасіў прабачэньня ў маці Натальлі.

Дагэтуль Аляксандар Груноў быў асуджаны на 8 гадоў за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў сужыцелю сваёй маці, які ў выніку памёр.

14 чэрвеня Гомельскі абласны суд прысудзіў Грунова да расстрэлу.

18 верасьня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле сьмяротны прысуд Паўлу Селюну, які быў абвінавачаны ў двайным забойстве — сваёй жонкі і яе каханка. 12 ліпеня Гарадзенскі абласны суд вынес яму сьмяротны вырак.

Цягам 2013 году Магілёўскі абласны суд таксама вынес сьмяротны вырак Рыгору Юзэпчуку.

З 2010 па 2012 год у Беларусі былі прыведзеныя ў выкананьне пяць сьмяротных прысудаў, нягледзячы на тое, што Камітэт ААН у правах чалавека заклікаў прыпыніць выкананьне прысудаў.

Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе выкарыстоўваюць сьмяротнае пакараньне. Эўрапейскія структуры ня першы год заклікаюць афіцыйны Менск адмовіцца ад сьмяротнай кары.

Спэцдакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці заклікаў улады Беларусі неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, пакуль не адбудзецца рэформы заканадаўства і судовай сыстэмы, якая дазволіць выдаліць сьмяротнае пакараньне з Крымінальнага кодэксу краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG