Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў Беларусі будзе прафэсійнае войска


Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч падпісаў указ пра перавод з будучага году ўкраінскага войска цалкам на кантрактную сыстэму.

Раней пра намер да 2016 году перайсьці на кантрактнае войска заявіў і Казахстан. Ці можа і Беларусь адмовіцца ад прызыву і перайсьці да камплектаваньня Ўзброеных сілаў цалкам па кантрактах?

Зялёны: Няма узброеных сілаў. Зялёны: Няма узброеных сілаў Сіні: Няма абавязковай вайсковай службы Памаранчовы: Ваенную абавязак плануецца скасаваць у бліжэйшыя тры гады Чырвоны: Ёсць абавязковая вайсковая служба
Зялёны: Няма узброеных сілаў. Зялёны: Няма узброеных сілаў Сіні: Няма абавязковай вайсковай службы Памаранчовы: Ваенную абавязак плануецца скасаваць у бліжэйшыя тры гады Чырвоны: Ёсць абавязковая вайсковая служба


Былы міністар абароны Павал Казлоўскі адразу заявіў, што вітае рашэньне прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Павал Казлоўскі
Павал Казлоўскі
«Вітаю крок украінцаў, стаўлюся да гэтага станоўча. Даўно казаў, што да гэтага трэба прыйсьці. Можна пакінуць зьмяшаны прызыў, як у Нямеччыне, можна і цалкам перайсьці на кантракт. Але — калі сродкі дазволяць ды штаны не спадуць, бо гэта вельмі дарагая асалода. Пакуль на сёньняшні дзень у нашым становішчы Беларусь проста не пацягне пераходу ўсяго войска на кантракт. У нас ужо цяпер 30–40% вайскоўцаў прафэсійныя — афіцэры, прапаршчыкі, адмыслоўцы. А астатнія — тыя, каго прызываюць на службу паводле Канстытуцыі. Каб іх перавесьці на кантракт, найперш трэба прыняць такое рашэньне, а ня проста „гразіць швэду“. Але гэта дорага. Сёньня салдату плацяць у месяц тысяч 200, дакладна ня ведаю, а калі кантрактніку-шарагоўцу ня даць мільёнаў 7–8, ён і служыць ня пойдзе. Мяркую, ня меней за тысячу даляраў трэба даць заробак, каб укамплектаваць такое войска. А пакуль нас ратуе танная прызыўная моладзь, якой камплектуюць вайсковыя часткі».

Другі фактар, які не спрыяе пераходу Беларусі на кантрактную сыстэму, — гэта саюзьніцкія адносіны з Расеяй, якая таксама працягвае камплектаваць сваё войска шляхам прызыву, мяркуе Павал Казлоўскі. Экспэрт ня думае, што Расея ў хуткім часе адмовіцца ад гэтага прынцыпу, а значыць, звужаецца выбар і для Беларусі.

«Але найперш галоўнае тое, як мы адказваем на пытаньне: навошта нам войска? Мы ў АГП мяркуем, што войска патрэбна найперш для змаганьня са зьнешнім ворагам кшталту нейкіх тэрарыстаў ці яшчэ каго, а не для вырашэньня ўнутраных праблем. Мы называлі колькасьць войска недзе да 25 тысяч асабовага складу, меней вайсковай тэхнікі. Дасылалі нашы прапановы нават у адміністрацыю Лукашэнкі — але ж гэта нікому не патрэбна. Праблема не вырашаецца, таму ў нас усё скарачаецца само па сабе, праз натуральнае зьмяншэньне насельніцтва».

Генэрал-маёр у адстаўцы Валер Фралоў мяркуе, што Беларусі варта перайсьці на кантрактную сыстэму пры ўмове сур’ёзнага разьвіцьця сілаў тэрытарыяльнай абароны на ўзор Швайцарыі. Чаму ж Беларусь дагэтуль не перайшла на кантрактную сыстэму набору ў войска?

Валеры Фралоў
Валеры Фралоў
«Бо гэта вельмі дарагая справа. Нашмат таньней прызваць маладога салдата. Ён есьць сваю поліўку, робіць выгляд, што нібыта служыць. Танна. Магчыма, ня вельмі якасна, але выгляд такі, што быццам бы войска вялікае, грозная сіла, як кажа Аляксандар Рыгоравіч. Прасьцей, таньней і больш звычайна. А ламаць гэтую сыстэму — вялікая небясьпека. І без таго ў нас шмат што паламалі, а тут эканоміка на нулі, навука ў заняпадзе, калі яшчэ і войска зламаць, дык што тады застанецца ад дзяржавы? Плюс расейцы не пераходзяць на кантрактную сыстэму. Магчыма, калі яны пяройдуць, дык і нашы „ламануць“, мы ж усё на іх азіраемся».

На думку Валера Фралова, беларусы з ахвотай пачнуць запісвацца ў войска, калі па кантракце ім паабяцаюць па тысячы даляраў у месяц.

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што прафэсійнае войска можа дзейнічаць пасьпяхова толькі разам з падобнымі прафэсійнымі арміямі саюзьнікаў, паміж якімі існуе пэўны падзел функцыяў. На думку Аляксандра Алесіна, толькі таму краіны НАТО, у тым ліку краіны Балтыі, змаглі перайсьці на кантрактныя арміі. Ці можа сабе дазволіць гэта і Беларусь?

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
«Тэхніка цяпер складаная. Вядома, было б лепш, каб ёй кіравалі толькі прафэсіяналы. Але тут такое пытаньне ўзьнікае: трэба тады, каб твой саюзьнік быў вельмі моцны, здольны ўсё іншае выконваць. Бо калі мы пяройдзем на прафэсійнае войска, дык зможам выконваць толькі некаторыя з функцыяў. Прыкладам, гэта супрацьпаветраная абарона ды сілы адмысловых апэрацый. На астатняе нам проста ня хопіць грошай. І кантраляваць такую тэрыторыю, як наша, у выпадку нейкага збройнага канфлікту ў суседзяў ня хопіць сіл. Таму трэба думаць, прагназаваць, як будзе разьвівацца сытуацыя. Калі згадаць, як нечакана хутка разваліўся СССР і масы людзей хлынулі, колькі ўзьнікла праблемаў... Трэба ўлічваць розныя фактары: як палітычныя, гэтак і эканамічныя. Але для Беларусі, мяркую, найперш важны зараз эканамічны фактар».




Атрымаць камэнтар у Міністэрстве абароны Беларусі не ўдалося. Кіраўнік прэсавай служы міністэрства адмовіўся камэнтаваць зьвесткі пра перавод украінскага войска на кантрактную сыстэму.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, былы вайсковец Зыгмунд Валявач мяркуе, што лепш для Беларусі захаваць зьмяшаную сыстэму камплектаваньня войска. «Палавіністы прынцып камплектаваньня — найбольш аптымальны. Утрымліваць цалкам кантрактнае войска дорага. Кантрактніку, як афіцэру, патрэбна жытло, прыстойны заробак... Калі ў Украіны ёсьць такія магчымасьці, хай пераходзяць», — цытуе Зыгмунда Валявача БелТА.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG