Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыну зноў хочуць запрасіць віетнамцаў


«Народныя Навіны Віцебску» цытуюць дакумэнт, які трапіў у рэдакцыю з ананімных крыніцаў: «Адміністрацыя Першамайскага раёну Віцебска інфармуе, што згодна ліста з амбасады Рэспублікі Беларусь у Віетнаме існуе магчымасьць выкарыстаньня на тэрыторыі вобласьці віетнамскай працоўнай сілы — будаўнікі, краўчыхі, сельскагаспадарчыя рабочыя, механікі, зваршчыкі».

Прадпрыемствам прапанавана да 16 кастрычніка паведаміць, ці зацікаўленыя яны наймаць грамадзян Віетнаму.

Першамайскі раён Віцебску — гэта самы буйны і самы прамысловы раён горада. І тут насамрэч існуе кадравая праблема, найперш у галіне будаўніцтва, бо вялікая колькасьць будаўнікоў зьехала на працу ў суседнюю Расею.

На Віцебшчыне ўжо ёсьць досьвед запрашэньня на працу работнікаў з Віетнаму. У 1980-я гады віетнамскія краўчыхі працавалі на віцебскай фабрыцы «Чырвоны Кастрычнік». Але асабліва масавае прадстаўніцтва з Віетнаму было на аршанскім ільнокамбінаце.



Жыхары Воршы, згадваючы тыя часы, апавядаюць пра тое, як актыўна грамадзяне Віетнаму скуплялі ў крамах гаспадарчыя тавары і бытавую тэхніку, ствараючы дэфіцыт. Іхныя пакоі ў інтэрнатах хутка ператвараліся ў склады, на якіх перыядычна фармаваліся буйнагабарытныя пасылкі на радзіму. І, адпрацаваўшы пэўны тэрмін на ільнокамбінаце, віетнамцы «перакваліфікоўваліся» у рынкавых гандляроў — прадавалі рэчы,танную касмэтыку і сувэніры, дасланыя ім на продаж з родных краёў.

Прадстаўнікі Віетнаму засталіся ў Воршы і да гэтага часу: яны сталі «валютчыкамі». Заселены віетнамцамі дом па вуліцы Савецкай каля аршанскага кірмаша ў горадзе так і называюць «Віетнамбанк» — памяняць валюту па добрым кошце там можна практычна ў любы час сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG