Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абноўленая «Арт Сядзіба» запрашае на моўную сустрэчу


9 кастрычніка ў новай «Арт Сядзібе» адбудзецца традыцыйная штосерадовая моўная сустрэча.

Арганізатары запрашаюць разам з мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам разабрацца зь беларускім іменасловам, абяцаюць адказы на практычныя пытаньні тых, хто мяняе пашпарт, рэгіструе нараджэньне дзіцяці, падпісвае пагадненьні, вядзе дакумэнтацыю.

«Моўныя сустрэчы — гэта толькі адзін з многіх кірункаў дзейнасьці. Мы чакаем, што на „Арт Сядзібу“ будзе прыходзіць моладзь, школьнікі і студэнты, якія хочуць дзейнічаць, а таксама нечаму навучыцца. Будзем глядзець „Крымінальнае чытво“ і іншыя фільмы па-беларуску, запросім Лявона Вольскага і Зьмітра Вайцюшкевіча, паспрабуем ладзіць нешта кшталту інтэрнэтавых ток-шоў. Маладыя журналісты могуць паспрабаваць сябе на сайце „Арт Сядзібы“, які пад кіраўніцтвам рэдактара Мікіты Броўкі паціху ператвараецца ў культурніцкі партал», — заявіў Радыё Свабода дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус.

«Арт Сядзіба» ў завулку Інструмэнтальным — гэта ўжо наша пятае памяшканьне. Кажуць, што пятая спроба павінна быць удалай. Мы таксама на гэта спадзяемся. Апошні год мы працавалі больш у падпольным фармаце, праводзячы шматлікія невялікія кватэрнікі і сустрэчы ў нашым ранейшым офісе, а таксама часам канцэрты і іншыя імпрэзы ў розных менскіх клюбах«, — кажа Белавус.

Ён адзначае «пэўныя працэсы лібэралізацыі ў грамадзкім і культурным жыцьці, цікавыя факты ў бок паляпшэньня ўспрыманьня беларускай мовы і перамог у яе адстойваньні. Калі ўжо так адбываецца, і гэта на самой справе так, то мы спадзяемся, што і „Арт Сядзіба“ зможа цяпер працаваць спакойна, як адкрытая культурная пляцоўка. Да таго ж у нас ёсьць сайт artsiadziba.by — наша віртуальная пляцоўка — і добрая прысутнасьць у сацыяльных сетках».

Пачатак моўнай сустрэчы 9 кастрычніка а 18.30 па адрасе: завулак Інструмэнтальны, 6.

У часе моўнай сустрэчы адбудзецца міні-конкурс. Прыз — кніга Юрася Бушлякова «Жывая мова».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG