Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бародка страціў давер Саньнікава


Пікет салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі каля амбасады Беларусі ў Варшаве. Зьміцер Бародка, 2011 год
Пікет салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі каля амбасады Беларусі ў Варшаве. Зьміцер Бародка, 2011 год

Зьмітра Бародку звольнілі з пасады каардынатара грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў на сайце «Хартыі-97» разьмясьціў заяву:

«Па даручэньні каардынатараў грамадзянскай кампаніі „Эўрапейская Беларусь“ заяўляю, што Зьміцер Бародка ў сувязі са стратай даверу больш не зьяўляецца каардынатарам „Эўрапейскай Беларусі“ і не прадстаўляе нашу грамадзянскую кампанію».

І Бародка, і Саньнікаў цяпер у эміграцыі.

Зьміцер Бародка даведаўся аб гэтым рашэньні толькі сёньня, ён ужо выступіў з заявай у адказ, у якой пагадзіўся з рашэньнем Саньнікава:

«Я са шкадаваннем заяўляю, што спыняю сваю працу рэгіянальным каардынатарам „Эўрапейскай Беларусі“. Але працягваю працаваць дзеля будучыні дэмакратычнай эўрапейскай Беларусі як судырэктар Беларускага Дома ў Варшаве і кіраўнік кампаніі „Разам для Беларусі“. Мне шкада, што нам, беларусам, зноў не ўдалося дамовіцца паміж сабой і я вымушаны сёньня даваць тлумачэньні па гэтай сытуацыі».

Бародка падрабязна тлумачыць сутнасьць канфлікту:

«Змушаны зьехаць адразу пасьля выбараў 2010, я пачаў рабіць у Варшаве тое, што можна было рабіць для Беларусі, для палітвязьняў, для іх сем’яў, — звонку краіны. Менавіта дзеля гэтага я намагаўся зарэгістраваць тут, у Варшаве, фундацыю „Эўрапейская Беларусь“. У яе Радзе такія знаныя асобы, як Станіслаў Шушкевіч, нябожчык Віктар Івашкевіч і дэпутат Сэйму Адам Ліпіньскі.

Таксама сумесна з рухам „За свабоду“ нам удалося арганізаваць „Беларускі дом у Варшаве“. Цягам 2 гадоў ён стаў вядомай пляцоўкай, якая яднае беларусаў Польшчы і тых, каму цікавая Беларусь і беларусы. Ідэя зарганізаваць у Варшаве нядзельную беларускую школку вырасла ў Клюб беларуска-польскіх сямей Rodzinka. Мы правялі дзясяткі розных — культурных, літаратурных, навуковых, дыскусійных — імпрэзаў. Мы ладзілі нядзельную школку для маленькіх беларусаў і Дні беларускай кухні для дарослых, сьвяткавалі Дзень Волі і зьбіралі сем’і на Ялінку, вучыліся аўтэнтычным традыцыям Калядаў ды Купальля і нават разам выяжджалі на турзьлёты.

Такім чынам стварылася кампанія „Разам для Беларусі“, мэтай і задачамі якой зьяўляецца праца па аб’яднаньні беларускіх дыяспар па ўсёй Эўропе. Я думаю, гэта тая справа, якую я магу і мушу рабіць у сёньняшніх умовах, тут і зараз. І праца над ёй вымагае вялікіх высілкаў і шмат часу.

На жаль, кіраўніцтва „Эўрапейскай Беларусі“ не зацікавіў гэткі кірунак нашай дзейнасьці. Мяне папрасілі перадаць ім фундацыю „Эўрапейская Беларусь“ і маю заснавальніцкую частку ў Беларускім Доме ў Варшаве. Зь першым я абсалютна згодны, бо ня ёсьць аўтарам брэнду „Эўрапейскай Беларусі“. А вось Беларускі Дом у Варшаве даўно выйшаў за межы нейкай звычайнай юрыдычнай адзінкі і ня можа належаць да вузкага палітычнага кола. Гэта — пляцоўка. Пляцоўка рэалізацыі жыцьцяздольных ідэй для ўсіх беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацый і актыўных беларусаў. Менавіта гэткі прынцып быў закладзены пры стварэньні Беларускага Дому як ягоная місія».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG