Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кібэрзлодзеі зь Беларусі скарысталіся знаходкай Чарлі Чапліна


У Сьледчым камітэце завяршылі расьсьледаваньне справы, якую сьледчыя называюць самым гучным злачынствам у сфэры IT у Беларусі.

Паводле сьледчых, у справе фігуруюць больш за 260 тысяч эпізодаў. Афёра нагадвае вядомы сюжэт нямога кіно, дзе герой Чарлі Чапліна спачатку біў вітрыны крамаў, а потым прапаноўваў свае паслугі шкляра. Злачынная група, якую арганізаваў грамадзянін Беларусі, ужывала праграму, якая нібыта змагалася з кампутарным вірусам, які сама ж і заносіла ў кампутар. А такія паслугі патрабуюць аплаты. Прыбытак знаходлівых беларусаў і іхніх кампаньёнаў склаў каля 18 мільёнаў даляраў. Распавядае сьледчы Іван Судніковіч, які вёў справу:

«Пацярпелыя ад вірусу заходзілі на прапанаваны сайт, а там іх чакалі тры варыянты: дапамога на месяц, на паўгода і пажыцьцёва. Гэта каштавала ад 39 даляраў да 120. У сярэднім кожны з падманутых заплаціў па 50 даляраў. Гэтак робіцца часта: выкрадаецца невялікая сума, але ў вялікай колькасьці людзей. Эўрапейцы ці амэрыканцы звычайна з-за такой сумы нават не зьвяртаюцца ў паліцыю».

Пацярпелымі ў справе аказаліся больш за 200 тысяч чалавек з усяго сьвету. Большасьці зь іх грошы яшчэ не вярнулі. Злачынная група аказалася вялікай, яе чальцы знаходзяцца ў розных краінах сьвету. Але што да беларуса — арганізатара групы, то яго ўдалося затрымаць. Гэта зрабілі ў Кіеве, дзе злачынца набыў кватэру і шмат дарагіх аўтамабіляў. Прозьвішча арганізатара самай пасьпяховай IT-злачыннай групоўкі зь Беларусі ў Сьледчым камітэце не паведамляюць. Кажуць толькі, што справу ўжо перадалі ў пракуратуру, адкуль яна мае трапіць у суд.

У Беларусі расьце колькасьць крадзяжоў пры ўжываньні грамадзянамі электронных картак. Якія новыя захады перасьцярогі прапануюць праваахоўнікі? Гучала прапанова патрабаваць ад пакупніка, які карыстаецца карткай, прад’явіць пашпарт. У Сьледчым камітэце гэтую прапанову не ўхваляюць, бо гэта створыць шмат праблемаў для ўсіх пакупнікоў. Замест гэтага сьледчыя прапануюць, каб пры электронных разьліках абавязкова ўводзіўся ПІН-код. Такія прапановы ўнесеныя ў Нацыянальны банк, але іх павінна яшчэ ўхваліць Асацыяцыя камэрцыйных банкаў.
Раней злачынствы ў асноўным тычыліся банкаматаў, цяпер яны ўсё часьцей здараюцца ў крамах

Начальнік управы Сьледчага камітэту Аляксандар Сушко: «Пауль усё залежыць ад таго, якая плацёжная сыстэма ў вас. Прыкладам, MasterCard патрабуе ўвядзеньня пін-коду, а Visa не патрабуе. Таму пакуль з-за таго, што ў нас розныя гандлёвыя кропкі абслугоўваюцца рознымі плацёжнымі сыстэмамі і рознымі банкамі, мы зьвярнуліся ў Нацбанк і будзем нейкі агульны альгарытм шукаць. Раней злачынствы ў асноўным тычыліся банкаматаў, цяпер яны ўсё часьцей здараюцца ў крамах, дзе электронныя разьлікі сталі нормай».

Ці мусяць банкі кампэнсаваць страты кліентам, абрабаваным праз падробленыя электронныя карткі ці іншыя тэхналёгіі? Аляксандар Сушко паведаміў, што большасьць вялікіх камэрцыйных банкаў ужо цяпер кампэнсуюць сваім укладчыкам страты, якія былі нанесеныя такім чынам, але агульнага рашэньня яшчэ не прынята. Сьледчы камітэт свае прапановы Нацбанку зрабіў, паведаміў Аляксандар Сушко, начальнік управы расьсьледаваньняў злачынстваў супроць ІТ-бясьпекі і інтэлектуальнай маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG