Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свабодны тэатар» і нябачны мур


Па выхадзе з гарадзкога суду мужчына на вачох у шматлікіх мінакоў на прыпынку грамадзкага транспарту нажом забівае кабету. Неўзабаве высьвятляецца, што забойца і ахвяра — былыя муж і жонка. І што пазьней мужчына таксама нажом б’е ўжо самога сябе — з мэтай самагубства. Гэта сучасная Беларусь, сярэдзіна верасьня 2013, Ворша.

Праз пару тыдняў пасьля трагедыі аршанка Паліна Сьцепаненка піша:

— Даведалася ад людзей, што чалавек, які зьдзейсьніў забойства жанчыны ў цэнтры Воршы, працаваў псыхолягам у вучэльні. Я ведала, што ў нас усё за апошнія гады пераблыталася, але, каб псыхапат працаваў псыхолягам... Такое раней толькі ў амэрыканскіх псыхалягічных трылерах бачыла.

Далей з камэнтаў вынікае, што забойца падпрацоўваў выхавацелем у жаночым інтэрнаце ад аршанскага мясакамбінату. А яшчэ літаратарцы і журналістцы Паліне Сьцепаненцы раюць тэрмінова пісаць сцэнар. «Галівуд адпачывае» — галоўнае ўражаньне чытачоў інфармацыі.

***
Падчас онлайн-канфэрэнцыі з кіраўніком «Свабоднага тэатру» Мікалаем Халезіным адзін з наведнікаў пад нікам Руды Тамаш задае пытаньне:

— Мікалай, у вас няма адчуваньня таго, што вы марнуеце свой талент на палітычныя агіткі? Тэатар і культура наогул — цэлы багаты сусьвет. Ці варта псаваць яго ўцягваньнем у каляпалітычную мышыную мітусьню?

А яшчэ адзін камэнтатар дае творчасьці тэатра дэфэніцыю «загрузнай дэпрэсухі».

Памятаю, як аднойчы ў Нямеччыне адна такая «загрузная дэпрэсуха» больш за месяц не сыходзіла з топ-тэмаў большасьці СМІ гэтай самай населенай краіны Эўропы. Сутнасьць: маладая маці-самотніца пакінула двух сваіх дзяцей у хаце. У кабеты быў стрэс і дэпрэсія, яна не знайшла сілы вярнуцца дадому. У выніку немаўля загінула, а двухгадовае дзіця цудам выжыла.

«Як так — абмеркаваньне на месяц?» — зьдзіўляліся некаторыя мае калегі. — «Ды ў нас яшчэ й не такое рэгулярна бывае. Гэта ж чарнуха-бытавуха, нашто пра гэта ўсё столькі казаць?».

***

Між «Свабодным тэатрам» і немалой часткай беларускай грамадзкай публікі стаіць аграмадны нябачны мур. Менавіта грамадзкай, а не тэатральнай. Пра мастацкія вартасьці тэатру дыскусіі практычна не вядуцца.

«Ды яны грошы зарабляюць, і нічога большага!», «Ды яны піярацца на палітзьняволеных», «Ды без палітыкі яны нікому не цікавыя!»...

Што цяжка ўявіць апанэнтам тэатра:

— Як можна аб’ехаць палову сьвету з аншлягамі ў дзясятках тэатраў?

— Як можна мець маральную і практычную падтрымку ўсясьветна вядомых культурных зорак?

— І як пры гэтым можна быць беларускай трупай?

Што цяжка ўявіць мне:

— Як можна зацікавіць такую колькасьць людзей з розных краінаў, робячы адно палітычныя «агідкі»? Ня маючы за душой эстэтычнай і інтэлектуальнай складовай?

***

Аршанская драма зьнікла з навінаў літаральна праз пару дзён. Як безьліч іншай падобнай інфармацыі, якая ў іншай эўрапейскай краіне сталася б нагодай для шматлікіх дыскусій у грамадзтве на тэму «што з намі робіцца?» і «як выправіць сітуацыю?».

Сацыяльнае, а пагатоў палітычнае мастацтва для многіх «прадзьвінутых» беларусаў застаецца ледзь ня лаянкай, маўляў, мастацтва — высокае, а сацыялка і палітыка — нізкае. Такі сабе падзел у сьвядомасьці на два паралельных сусьветы.

Кшталту: «Вось тут я вялікі беларускі нацыянальны дзяяч і мысьляр, эстэт, актывіст і асьветнік. А вось тут я грэбліва прагортваю інфармацыю пра чэрнь, якая не разумее вялікіх ідэяў, і ня мае вялікіх ідэалаў, а б’е і забівае адно аднаго: элехтарат, цёмны, нібы, крот, сам вінаваты, цьху на іх!»

***

«Свабодны тэатар» не вынаходзіў ровар у сьвеце, дзе ёсьць шоў-бізнэс, а ёсьць сацыяльна значнае актуальнае мастацтва. Трупа не прапануе камэдыі як жанру ў краіне, якая жыве пад татальным відэаназіраньнем — у страху быць заўважаным і пакараным за няправільнае дзеяньне.

Вазьміце, напрыклад, любую сучасную камэдыю, напісаную ў вольнай краіне, і перапішыце пад беларускія рэаліі, і вы зразумееце, што ў тэкст дадасца альбо фальш, альбо палітыка.

«Свабодны тэатар» распавядае сабе і людзям пра нябачную драму, якая адбываецца ў адной асобна ўзятай усходнеэўрапейскай краіне. Можна сказаць, драму высьпяваньня з грамады грамадзтва.

А можна проста — пра спробы асобных людзей насуперак звыклай цемры захаваць і вырасьціць у сабе сьвятло.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG