Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Весялуха — пра кнігі-прызнаньні ў любові да роднага краю


Марына Весялуха
Марына Весялуха
Прызнавацца ў любові да роднага краю можна па-рознаму: у вершы, прозе, песьні… А можна прысьвяціць сваё жыцьцё, ці хаця б вольны час, вывучэньню гісторыі роднай зямлі, а здабыткі гэтых досьледаў выкласьці ў кнізе. Менавіта пра такія прызнаньні і пойдзе сёньня гаворка.


Сяргей Чыгрын. Легенды і паданьні Слонімшчыны. — Менск: Кнігазбор, 2013

Вясковая моладзь перабіраецца ў гарады, старыя людзі паміраюць, некалі шумныя і вясёлыя вёскі зьнікаюць. А разам зь імі зьнікаюць і прыгожыя, спрадвечна беларускія назвы, легенды, паданьні. Колькі скарбаў ужо страчана! Але ня так усё сумна, бо дзякуючы рупліўцам-краязнаўцам вэрсіі паходжаньня назваў вёсак, аповеды пра цікавыя і незвычайныя месцы захаваныя і прадстаўленыя ў асобных выданьнях. І кніга, пра якую мы цяпер вядзём гаворку, на прыкладзе толькі аднаго асобна ўзятага раёна — Слонімшчыны — даказвае багацьце беларускай тапанімікі, крэатыўнасьць і добрую фантазію нашых продкаў. Узяць хаця б назву вёскі Азярніца — якая прыгожая. Ня менш адметная і легенда яе паходжаньня. Як гэта часта бывае зь беларускімі назвамі — іх некалькі. Адна сьцьвярджае, што некалі вёска знаходзілася паміж невялікіх азёр, таму і стала называцца Азярніцай. Іншая кажа, што сюды людзі прыходзілі па «зярно» — багацьце і натхненьне, то бок, каб «азярніцца». Натуральна, не абышлося і без русалак-азярніц. Паводле легенды, яны жылі на мясцовых азёрах і любілі паказытаць хлопцаў.

Кніга «Легенды і паданьні Слонімшчыны» Сяргея Чыргына — толькі прыклад. Ведаю, што ў гэтым кірунку вядзе свае росшукі Ігар Пракаповіч з Пастаў, Вітальд Ермалёнак зь Мёраў, Алесь Хітрун зь Лідчыны, Іван Ярашэвіч з Чэрвеншчыны…Таму ёсьць спадзяваньне, што і наступныя пакаленьні беларусаў даведаюцца, чаму тая ці іншая мясьціна мае менавіта такую назву.


Андрэй Блінец. Клецк. Старонкі даўняй гісторыі. — Менск: Рэдакцыя газэты «Зьвязда», 2012

Калі прафэсійны гісторык, супрацоўнік мясцовага краязнаўчага музэю піша кнігу, прысьвечаную мінуўшчыне свайго роднага гораду, то яна мусіць атрымацца менавіта такой. То бок яе мэта — прадстаўляць клясычна-гістарычны падыход, апавядаць пра гісторыю гораду з самага пачатку — «існаваньня на беразе Лані неўмацаванага балцкага паселішча культуры штрыхаванай керамікі» аж да пераломнага моманту — пачатку Першай сусьветнай вайны, і зьвяртаць увагу на найбольш значныя падзеі з гісторыі мясцовасьці. Цяпер жыхары Клецку маюць і выдатны дапаможнік для настаўнікаў і вучняў, і добры падарунак гасьцям гораду. Кніга стала і адкрыцьцём новых, раней не публікаваных, крыніц па гісторыі Клецку (іх сьпіс прыводзіцца напрыканцы кнігі), магчыма, яны спатрэбяцца іншым гісторыкам і краязнаўцам.

Мяне засмучае толькі адзін факт — сам аўтар нібыта губляецца, чытач ня бачыць яго асобы. Эмацыйны складнік краязнаўчых дасьледаваньняў тут цалкам нівэляваны. Зь іншага боку, ці патрэбна ў гэтым выпадку асоба аўтара, не апавядальніка, а проста «трансьлятара» фактаў? Магчыма, вось такое яно — самаахвярнае прызнаньне ў любові да роднай зямлі — ад прафэсійнага гісторыка.


Сяргей Макарэвіч. Край мой верасовы. — Менск: Кнігазбор, 2012

Апавесьці гісторыю роднага краю можна і крыху іншым шляхам — праз зварот да асобаў сваіх землякоў. Менавіта гэтай сьцежкай у сваёй дэбютнай кнізе пайшоў малады журналіст і краязнаўца зь Вілейкі Сяргей Макарэвіч. Гэтае выданьне можна назваць і дапаможнікам для краязнаўца-пачаткоўца, бо аўтар апавядае, як ён сам, крок за крокам, пачаў вывучаць гісторыю радзімы, знаёміўся з новымі кнігамі, працаваў у архівах, раіўся са старэйшымі калегамі, а яшчэ — доўга-доўга гутарыў зь землякамі, вёў зь імі актыўную перапіску. У выніку ўсё атрымалася выдатна — цёпла і натхнёна. Але хіба можна па-іншаму, яны ж усе з адной мясцовасьці, значыць — амаль сваякі. Больш за тое, у выданьні аўтар прыводзіць і сваю перапіску зь некаторымі землякамі, публікуе інтэрвію, а кожны з артыкулаў суправаджае ўласным аўтарскім камэнтаром. Чытач бачыць ня проста вынік, але — нібыта праз шкло — назірае за працэсам краязнаўчага дасьледаваньня. Сам жа дасьледчык нібыта ўсьміхаецца і кажа: «Паспрабуй і ты, і ўсё ў цябе выдатна атрымаецца. У цябе таксама выдатныя землякі».

Дарэчы, у гэтай кнізе я знайшла і нарыс пра свайго земляка, а магчыма і далёкага сваяка — паэта і настаўніка Ўладзіміра Весялуху. Напэўна, варта распачаць і свае ўласныя краязнаўчыя пошукі.


Вячка Целеш. Адсюль наш род, тут мой прычал. — Менск: Кнігазбор, 2013

У нашай краіне ўсё больш папулярнымі становяцца генэалягічныя дасьледаваньні, а іх вынікі ўсё часьцей выкладаюцца ў выглядзе асобнай кнігі. Варта толькі прыгадаць шыкоўнае, уганараванае рознымі прэміямі выданьне «Я — сын Ваш» Анатоля Статкевіча-Чабаганава ці сьціплую «Фамільную кнігу» Васіля Юршы. Але дасьледаваньне мастака, краязнаўцы з Рыгі Вячкі Целеша, пра якое ідзе гаворка (хоць яно, па прызнаньні аўтара, зьяўляецца хутчэй матэрыялам для ўнутранага сямейнага карыстаньня), варта пагартаць кожнаму аматару генэалёгіі, а таксама знаўцу і летапісцу гісторыі ўласнага роду. Каб паглядзець на ўзор менавіта такога прызнаньня ў любові да роднай зямлі. Так, менавіта зямлі, а ня толькі свайго роду. Справа ў тым, што складаючы свой радавод, спадар Вячаслаў набліжаецца да напісаньня гісторыі роднага краю — вёскі Краснае Сяло (цяпер г. п. Краснасельскі, што на Ваўкавышчыне) — праз жыцьцяпіс яго жыхароў. Больш як 500 фотаздымкаў, аповед пра гісторыю каля 50 сем’яў, генэалягічнае дрэва, якое мае свае «карані» аж у 1745 годзе… Адметна і тое, што гэтая кніга дае магчымасьць маладым Целешам працягваць працу, дапісваючы ўжо свае зьвесткі. Асабліва значна, што гэтае выданьне прысьвечана не шляхецкаму роду, а простай беларускай сям’і, пачынальнікамі якой былі прыгонныя сяляне.


Альманах «Куфэрак Віленшчыны». — Маладэчна: 2000 — …

Гэты выдавецкі праект — вышэйшы пілятаж краязнаўчай працы, які можна назваць ня проста «прызнаньнем у любові», але і сталым, моцным пачуцьцём, нават шлюбам… Гэта не зусім кніга, але матэрыялаў, апублікаваных у дадзеным альманаху цягам больш як дзесяці гадоў, хапіла б не на адно асобнае выданьне. Больш за тое, сам рэдактар і выдавец Міхась Казлоўскі, нястомны дасьледчык, бібліяфіл, карыстаецца павагай і назьменным аўтарытэтам у колах краязнаўцаў. І гэта цалкам заканамерна. Пагартаўшы падшыўку «Куфэрка Віленшчыны», можна знайсьці ўсё: і ўспаміны землякоў, і легенды з паданьнямі, і гістарычныя артыкулы, і радаводы асобных сем’яў. Больш за тое, тут багата прадстаўлена і літаратурнае краязнаўства: як у выглядзе згадак пра наведваньне гэтай мясцовасьці вядомымі пісьменьнікамі, так і праз знаёмства з творамі паэтаў і празаікаў-землякоў. Але кожны нумар альманаха — ня проста зборнік выпадковых артыкулаў. Усе выданьні фарміруюцца ў адпаведнасьці з тэматычным прынцыпам, кожны зь іх прысьвячаецца пэўнай гістарычнай асобе ці вядомаму роду Віленшчыны.

Доўгага жыцьця — «Куфэрку»! А яго выдаўцу — сіл і натхненьня! Гэтыя пажаданьні можна адрасаваць і ўсім беларускім краязнаўцам. Будуць сілы — будуць і новыя кнігі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG