Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калектыў «Уралкалія» — Лукашэнку: «Наш дырэктар — сумленны і прыстойны»


Уладзіслаў Баўмгертнэр
Уладзіслаў Баўмгертнэр
Працоўны калектыў «Уралкалія» зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі з просьбай зрабіць захады для «хутчэйшага вызваленьня» генэральнага дырэктара кампаніі.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі, апублікаваным на яе сайце. Заяву падпісалі каля 6000 супрацоўнікаў «Уралкалія».

«Мы ведаем, што прычына драматычнага разьвіцьця падзеяў — супярэчнасьці паміж „Беларуськаліем“ і „Ўралкаліем“ наконт паставак прадукцыі на замежныя рынкі. Мы таксама разумеем, што камэрцыйныя спрэчкі могуць набываць нечаканы абарот, але ў гісторыі партнэрства „Ўралкалія“ й „Беларуськалія“ былі розныя часы і розныя складаныя сытуацыі — і нам заўсёды ўдавалася захоўваць рамкі дыялёгу і разуменьне братняга характару нашай супрацы», — гаворыцца ў лісьце.
Ліст уралкалійцаў да Лукашэнкі
Ліст уралкалійцаў да Лукашэнкі

Супрацоўнікі «Ўралкалія» мяркуюць, што тое, што адбылося, стала спробай разьвязаць сілавымі мэтадамі эканамічную спрэчку двух кампаній: «Генэральны дырэктар нашай кампаніі зьяўляецца сумленным і ў найвышэйшай ступені прыстойным чалавекам, які карыстаецца выключным даверам супрацоўнікаў „Уралкалія“. Наш працоўны калектыў успрыняў сытуацыю зь ягоным арыштам як непаразуменьне, якое абавязкова будзе вырашанае ў самыя кароткія тэрміны».

«Мы просім Вас зрабіць захады для найхутчэйшага вырашэньня сытуацыі, якая склалася, і вызваленьня з-пад варты генэральнага дырэктара нашай кампаніі Ўладзіслава Баўмгертнэра. Мы глыбока перакананыя, што Вашая добрая воля не дазволіць несправядлівасьці перамагчы здаровы сэнс», — пішуць супрацоўнікі «Ўралкалія».

У ноч на 26 верасьня генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра экстрана перавялі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. Ён знаходзіцца ў здымнай кватэры, падабранай супрацоўнікамі КДБ, разам з маці.

Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы 26 жніўня і абвінавачаны ў злоўжываньні ўладай і нанясеньні шкоды ў 100 мільёнаў даляраў. Да 26 верасьня знаходзіўся ў СІЗА КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG