Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубянецкая: У калегіюме гадуюць сьведамых беларусаў


Ірына Дубянецкая
Ірына Дубянецкая
25 верасьня — апошні дзень прыёму заявак у Беларускі калегіюм. Ужо больш за 16 гадоў гэтая ўстанова ладзіць навучаньне беларускай моладзі па гуманітарных дысцыплінах. Сярод выкладнікаў калегіюму — шэраг вядомых грамадзкіх дзеячоў ды інтэлектуалаў. Навучаньне бясплатнае і працягваецца тры гады Хоць установа афіцыйных дыплёмаў не выдае, штогод дзясяткі маладых людзей праходзяць сумоўе і конкурс дзеля ведаў і асяродку, які прапануе калегіюм.

Што чакае будучых студэнтаў і якія зьмены адбыліся ў Беларускім калегіюме — размаўляем з новай кіраўніцай установы Ірынай Дубянецкай.

— З чым Беларускі калегіюм пачынае новы акадэмічны год?

— Крыху памянялася кіраўніцтва. Прыйшлі новыя людзі і пачалі абдумваць новую канцэпцыю. Ад 1996 году калегіюм выгадаваў шмат беларускай моладзі, якая заўважная ў беларускім гуманітарным жыцьці. Сёньня трэба пераасэнсоўваць саму канцэпцыю адукацыі. Значна зьмяніліся патрабаваньні. Цяпер людзі, якія шукаюць сапраўднай адукацыі, ня могуць атрымаць яе ва ўнівэрсытэтах. А калегіюм гэта прапануе. У нас сыстэма дадатковай адукацыі. Мы не абяцаем нейкіх дыплёмаў ці сацыяльных выгодаў. Дзякуючы гэтаму прыходзяць матываваныя людзі, якія хочуць удасканвальваць сябе і працаваць на гуманітарным полі.

— А чым калегіюм адрозьніваецца, скажам, ад фармальных навучальных установаў?

— Калегіюм — гэта не адукацыйная ўстанова. Гэта прастора для гуртаваньня беларускай акадэмічнай інтэлектуальнай супольнасьці. У нашай краіне гэта самая сур’ёзная нястача, якая не дае нам нармальна разьвівацца. Кожны чалавек можа сказаць: «гэта маё». А сказаць «наша» — гэта ўжо цяжка. Мы хочам зрабіць пляцоўку для супольнай гуманітарнай акадэмічнай дзейнасьці. Гэта могуць быць выдавецкія, адукацыя праекты, канфэрэнцыі, магчымасьці для фармальных і нефармальных сустрэчаў. Хочам, каб калегіюм стаў супольнасьцю — месцам рабленьня чагосьці разам. Паколькі, як кажуць, у нас геніяў на адзін квадратны мэтар больш, чым у любой іншай кріане, але яны ўсе трымаюцца паасобку. У нас не ўтвараюцца школы ці традыцыі. А калі гэтыя магутныя энэргіі паасобных індывідуумаў скіраваць разам, то можа адбыцца пазытыўны выплеск энэргіі. Тады можна чакаць унутранай трансфармацыі інтэлектульнага жыцьця ў Беларусі.
Калі гэтыя магутныя энэргіі паасобных індывідуумаў скіраваць разам, то можа адбыцца пазытыўны выплеск энэргіі

— Але ж калегіюм будзе ладзіць заняткі і для моладзі?

— Перад вачыма слухачоў калегіюму пройдуць усе, хто працуюць на гуманітарным полі. Увес спэктар будзе відаць, і слухач зможа ўвайсьці ў наўпроставы кантакт з гэтымі людзьмі

— Якія новыя выкладнікі і прадметы?

— Людзі ў нас тыя самыя. Мяняецца вэктар дзейнасьці. Сама па сабе ідэя на супольную працу сталых мастроў — ня моладзі, а тых хто гадамі і дзесягодзьдзямі ці ўсім сваім жыцьцём працуюць у гэтым полі. У вялікай ступені мы да гэтага гатовыя. Людзі тыя самыя, усе вядомыя, усе, якія гадамі супрацоўнічаюць з калегіюмам.

— Я хацеў бы стаць студэнтам калегіюму. Якія прадметы вы мне прапануеце і хто будзе выкладаць?

— Усіх і не пералічыш: шмат хто будзе выкладаць. Калегіюм складаецца з трох аддзяленьняў: філязофіі і літаратуры (кіраўнік Валяцнін Акудовіч), журналістыкі (будзе весьці ад гэтага году Максім Жбанкоў), найноўшай гісторыі (будзе Аляксей Ластоўскі). Новыя кіраўнікі маюць новае бачаньне, як арганізаваць працу іх аддзяленьняў. Будзе працягваць працу перакладніцкая майстэрня Андрэя Хадановіча. Некалькі пастаянных курсаў і сэмінараў. Адзін выкладнік мае стандарнтна тры сустрэчы. Вось палічыце: два акадэмічныя курсы і трэці — на індывідуальныя праекты. У вас пастаянна мяняюцца гэтыя людзі.

— Вы казалі на самым пачатку пра выпускнікоў калегіюму. Каго б вы назвалі з найбольш пасьпяховых?

— Мы ўжо цяпер бачым, што выпускнікі беларускага калегіюму становяцца яркімі асобамі ў беларускім гуманітарным полі. Вось пяць часопісаў, якія зрабілі выпускнікі: «Палітычная сфэра», «Прайдзісьвет», «Праўнік», «Макулатура» і «Паміж». І яшчэ шэраг праектаў, прыдуманых і зробленых выпускнікамі калегіюму. Якая-небудзь літаратурная прэмія — наш выпускнік, журналісцкая прэмія — зноў выпускнік калегіюму.

— Ці бывае, што на заняткі трапляюць выпадковыя людзі?
Калегіюм рыхтуе людзей не для таго, каб яны нешта здабылі і паехалі ў шырокі сьвет

— Гэта заўжды. Натуральная справа. Нават калі на курсе 100 чалавек і хоць 2-3 будуць працягваць працаваць у гэтым рэчышчы — гэта для выкладніка вялікае шчасьце. У нас курс — 25 чалавек. Працэнт заўжды высокі тых, хто застаецца працаваць у Беларусі і для Беларусі. Калегіюм рыхтуе людзей не для таго, каб яны нешта здабылі і паехалі ў шырокі сьвет, а каб яны хацелі і былі матываваныя працаваць у Беларусі і для Беларусі.

— Сёньня апошні дзень падачы заяваў. Кім трэба быць, каб стаць слухачом калегіюму?

— Перш-наперш — трэба мець жаданьне. Гэта галоўны матыватар стварэньня і рэфармаваньня сьвету. Чалавек павінен хацець чамусьці навучыцца. У нас ва ўнівэрсытэт ідуць, каб атрымаць дыплём. Калі чалавек хоча навучыцца, то ён адкрыты. Калегіюм дапамагае знайсьці гэтую матывацыю працаваць у Беларусі і для Беларусі. Самае галоўнае — хацець вучыцца і працаваць для Беларусі.

— А хто вызначае, ці хоча чалавек вучыцца і працаваць для Беларусі?

— Адбываецца сумоўе на кожнае аддзяленьне, трэба пісаць творчую працу. Неабходнасьць пісаць працу адсейвае лянівых і выпадковых. Матывацыя павінна быць з самага пачатку. Пасьля людзі залічваюцца ў калегіюм, навучаньне бясплатнае.

— Шмат ужо заявак?

— Калі шчыра, ня ведаю пакуль. Калі будзе мала заявак — будзем працаваць зь імі, калі многа — то будзем перабудоўвацца. Гэты год — набіраньне досьведу.

— А калі заяўку падасьць, скажам, лукашыст ці БРСМ-авец, ці знойдзецца яму месца?

— Прынцып калегіюму — стварэньне атмасфэры добразычлівага дабрамысьленьня. У гуманітарнай сфэры аднадумства можа прывесьці да нястачы рознабаковага погляду на справы. Але калегіюм — гэта непалітычная ўстанова. Гэта ўстанова адукацыйная — і тут важная разнадумнасьць. Калі ж нехта прыйдзе, хто не прымае падыходу працы дзеля Беларусі і трансфармацыі краіны, то ён сам адпадзе, ён ня зможа працаваць.

— А калі гэта будзе чалавек, які хоча працаваць дзеля Беларусі, але асэнсавана падтрымлівае дыктатуру?

— Мы не задаём пытаньне, які дзяржаўны курс падтрымлівае чалавек, які ідзе ў калегіюм. Адукацыйны працэс — ён вельмі мяняе чалавека. Можна працаваць з матэрыялам, які ён ёсьць. Людзі ёсьць людзі, студэнты ёсьць студэнты ў любой краіне. Калі ж гаварыць пра асяродзьдзе майстроў — тут пэўныя прынцыпы разьдзяляюцца людзьмі, якія ўваходзяць у супольнасьць ад самага пачатку.

— Якія гэта прынцыпы?
Я ня ведаю такога гуманітарнага, культурніцкага дзеяча, які б стаяў на прынцыпах дыктатуры

— Узаемная інтэлектуальна павага. Падтрымка, жаданьне разам будаваць краіну. І тут ня важна, лукашыст ці нелукашыст. Такога пытаньня не паўстане. Я ня ведаю такога гуманітарнага, культурніцкага дзеяча, які б стаяў на прынцыпах дыктатуры. Гэта ўзаемавыключальныя рэчы.

— Ці абавязкова валодаць беларускай мовай, каб вучыцца ў вас?

— Для майстроў — так, для студэнтаў — гэта прыйдзе пасьля.

— Дык на выхадзе вы жадаеце атрымаць сьведамага інтэлектуальнага беларускамоўнага беларуса?

— Так. Мова — гэта адзін з падставовых прынцыпаў, на якім грунтуецца гэтая супольнасьць. У Беларусі гэта вельмі выразная базавая пазыцыя чалавека. Любы адукаваны культурны выхаваны чалавек у стане вывучыць мову краіны і на ёй размаўляць. Калі ён ня ў стане ці ня хоча, гэта сьведчыць пра ўзровень адукаванасьці і выхаванасьці.

— Ці будзе Беларускі калегіюм афіцыйнай установай, калі Беларусь стане дэмакратычнай?

— Што значыць афіцыйнай? Адукацыя не павінна быць афіцыйнай. Калі дзяржава падтрымлівае — слава і хвала дзяржаве. Калі не падтырмлівае — то гэта не на карысьць самой дзяржаве і спрыяе таму, што дзяржава зьменіцца ці зьнікне. Чым больш інтэлектауальнай эліты выгадоўваюць такія ўстановы, як Беларускі калегіюм, тым больш спадзяваньня, што яны будуць больш асацыяваныя зь дзяржавай, і дзяржава можа мяняцца ў бок большай інтэлектуальнасці, гуманітарнасьці й адукаванасьці. Дзяржаўнай установай ён ня стане ні ў якім разе. Калі ён зіожа свабодна функцыянаваць у Беларусі — будзе вельмі добра.

— А ці хацелі б вы, каб калегіюм стаў унівэрсытэтам?

— Раней гаворка пра гэта вялася. Цяпер мы адназначна да гэтага не гатовыя. Ідэя пабудаваньня інтэлектуальнай супольнасьці ва ўсёй краіне адрозьніваецца ад ідэі ўнівэрсытэту. Але калегіюм узяў бы ўдзел у стварэньні Нацынальнага ўнівэрсытэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG