Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Дубянецкая: Беларусь у ХХІ стагодзьдзі мусіць мець сваю Біблію


На міжнародным кангрэсе дасьледнікаў Беларусі асобная сэкцыя была прысьвечана тэме перакладу Бібліі на беларускую мову, дзе на працягу трох дзён абмяркоўваліся праблемы і пэрспэктывы беларускай біблеістыкі. Арганізавала працу сэкцыі лінгвіст і тэоляг Ірына Дубянецкая.

Радыё Свабода: У чым важнасьць нацыянальнага перакладу Бібліі наагул і ў ХХІ стагодзьдзі ў прыватнасьці? Чаго не хапае беларускаму народу і культуры без агульнапрынятага перакладу Бібліі?

Ірына Дубянецкая: Біблія адыграла ўнікальную ролю ў фармаваньні нашай цывілізацыі, яна сталася пунктам зборкі гэтай цывілізацыі, і пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы зрабілі для кансалідацыі нацыянальных культур і літаратурных моваў больш, чым любыя іншыя зьявы разам узятыя. У гэтым сэнсе беларусы выпадаюць з гэтага эўрапейскага працэсу, бо імі ў рамках сваёй мовы і культуры не засвоена гэтая базавая цывілізацыйная каштоўнасьць. Пакуль мы гэтага ня зробім, мы ня можам казаць пра сваю інтэграванасьць у эўрапейскую цывілізацыю, пра сваю роўнасьць зь іншымі.

У эпоху рэфармацыі мы пачалі вельмі добра, а скончылі вельмі кепска — у ХХІ стагодзьдзі мы застаемся адзіным народам Эўропы, безь перакладу Бібліі на нацыянальную мову. Сэкцыя біблійнага перакладу гэтага Кангрэсу зрабілі, на маю думку, вельмі важны крок да таго, каб распачаць гэты працэс стварэньня новага навуковага, якаснага, прафэсійнага, нацыякансалідуючага, нацыятворнага перакладу Бібліі на беларускую мову.

РС: Як склалася такая сытуацыя? Бо ж беларусы мелі друкам паасобныя кнігі Бібліі аднымі зь першых, дый цяпер, здавалася б, існуе нямала розных перакладаў?

Дубянецкая: У XVI стагодзьдзі пераклад Бібліі пачаўся з двух бакоў адначасова. Гэта быў пераклад беларускай юдэйскай супольнасьці на жывую тагачасную беларускую мову — мы ня ведаем лёсу гэтага перакладу, мы ведаем толькі 10 кніжак у славутым Віленскім кодэксе № 262 і фрагмэнты гэбрайскага падручніка ў славянскім зборніку ў Маскве, які, магчыма, з таго самага перакладу. Гэта з аднаго боку. З другога — Скарына, які перакладаў на, як яму здавалася, тагачасную літаратурную мову.

Скарынаў ставіў перад сабою задачу скрануць культурную сытуацыю свайго краю і таму быў у прынцыпе індыфэрэнтны да крыніц, зь якіх перакладаў — фактычна гэта пераклад зь перакладу зь перакладу. Гэта вельмі прыгожыя кнігі, але не настолькі дасканалыя пераклады. На той час ужо існавалі Бібліі-паліглоты, выходзілі навуковыя выданьні, але Скарына ішоў іншым шляхам.

Пасьля Скарыны Беларусь вельмі хутка патрапляе ў нейкія іншыя палітычныя плыні, і ў канцы XVI і на працягу ўсяго XVII стагодзьдзя пераклады на беларускую мову робяцца ўсімі — прадстаўнікамі як Грэцкага закону, так і Рымскага — зь перакладу Бібліі Вуйка, якая адыграла велізарную ролю ў кансалідацыі польскай культуры, станаўленьня польскага культурнага коду. Потым ідуць цёмныя часы, калі па-беларуску мала што й выдаецца. А калі ў ХХ стагодзьдзі пачынаецца масавы працэс пісаньня па-беларуску, зноў пачынаюцца спробы перакладу, але не былі кінутыя сілы на стварэньне поўнай беларускай Бібліі. На маю думку, калі б гэта было зроблена, сытуацыя зь беларускай мовай і зь Беларусьсю наагул сёньня магла б быць зусім іншая.

Адбылося так, што цягам ХХ і пачатку ХХІ стагодзьдзя было зроблена каля паўсотні розных спробаў — аказіянальных, несыстэматычных і пераважны без увагі да крыніцаў — патрэбаў было шмат, але справа так і не была зробленая. Тры поўныя пераклады Бібліі, якія мы маем на цяперашні момант, усе вельмі праблемныя, ніводзін зь іх з гэтай прычыны ня можа быць узяты ў аснову новага, якаснага, навуковага перакладу Бібліі з арыгінальных моваў — Беларускай Бібліі, якая была б надканфэсійная, канфэсійна прымальная, якая б мела ўсе тыя нацыятворчыя і культуратворчыя функцыі. Але дзеля гэтага людзі павінны зразумець, што гэта агульнанацыянальная справа, што гэта ня клопат кучкі біблеістаў і філёлягаў, што гэта ня клопат той або іншай царквы, а клопат усяго народу.

РС: Як выглядае справа зь біблійным перакладам у ХХІ стагодзьдзі? Што дае падставы спадзявацца цяпер на нейкія зьмены?

Дубянецкая: Цяпер мы гатовыя. Можа, гадоў дзесяць таму людзей кваліфікаваных для перакладу Бібліі было два-тры на ўсю Беларусь, і гэтага недастаткова, каб рабіць пераклад. Таму і завялася гэтая традыцыя «аўтарскіх перакладаў». Аўтарскія пераклады — ня шлях у ХХІ стагодзьдзі, і нават даўным-даўно ня шлях у ХХ стагодзьдзі. Аўтарскія переаклады рабіліся ў эпоху рэфармацыі, і тое нават тады за аўтарам звычайна стаяла цэлая кампанія людзей. Або такія пераклады рабіліся чыста з паэтычных мэтаў — як унёсак у літаратуру, а не ў стварэньне Бібліі.

За гэтыя апошнія часы ў нас выгадавалася дастаткова людзей, якія разумеюць гэтую патрэбу і гатовыя на гэта працаваць, якія валодаюць арыгінальнымі мовамі, якія прайшлі выдатную біблеістычную падрыхтоўку, якія могуць разумець шматлікія пласты біблейскага тэксту, які ствараўся на працягу стагодзьдзяў і які вельмі разнастайны, разнажанравы, рознастылёвы і разнамэтавы, і пры гэтым добра арыентуюцца ў беларускай мове і яе патэнцыйных магчымасьцях. Такая камісія цяпер ужо можа стварыцца, але да гэткай камісіі павінен быць грамадзкі давер, павінна быць грамадзкае запатрабаваньне. На гэтым Кангрэсе ў гэтым кірунку адбыўся вельмі добры і важны штуршок.

РС: Праз пяць гадоў мы будзем адзначаць 500-годзьдзе ад часу выхаду першай Скарынавай кнігі. Чым можна было б сустрэць гэты юбілей?

Дубянецкая: Цалкам рэальна можна было б зь нечага пачаць — зрабіць прыгожае выданьне якой-небудзь кнігі альбо групы кніг Бібліі як заяўку на тое, што праца над Беларускай Бібліяй пачалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG