Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Крук: «Утрымаць курс могуць новыя пазыкі»


Зьміцер Крук
Зьміцер Крук
«Наўмысна стрымліваць курс Нацыянальны банк ня будзе. Пастаўленая перад ім задача — толькі абмяжоўваць рэзкія курсавыя ваганьні на валютным рынку», — заявіла старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова, адказваючы на пытаньні падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце інфармацыйнага агенцтва БелТА. Наколькі эканамічна апраўданым выглядае аптымізм Надзеі Ермаковай адносна стабільнасьці курсу беларускага рубля? Чаму ўлады гэтак баяцца ісьці нават на плаўную дэвальвацыю нацыянальнай валюты? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

— Спадарыня Ермакова сёньня прадэманстравала даволі высокі аптымізм наконт стабільнасьці курсу беларускага рубля. Яна заявіла, што сярэдні курс даляра ў 2014 годзе складзе 9500 рублёў. Наколькі рэалістычным вам падаецца такі прагноз?

— На мой погляд, курс можа быць вельмі розны. Гэта залежыць ад трох чыньнікаў — тэмпаў ВУП, каньюнктуры на зьнешніх рынках і доступу да зьнешніх пазыкаў. Улада арыентуецца на даволі невысокі курс, бо яны маюць спадзяваньні, што здолеюць узяць новыя пазыкі.

— Так, Беларусь разьлічвае на новыя перамовы з МВФ, але пакуль МВФ ніякай місіі ў краіну не дасылаў. Іншымі словамі — вы лічыце, што без замежнага фінансаваньня ўтрымаць стабільнасьць курсу будзе вельмі складана?

— Так, ёсьць яшчэ сцэнар — але ён нашмат менш верагодны — пры якім адбываецца скарачэньне росту ВУП. Тады скарачаецца попыт на імпарт, што ўраўнаважвае замежнагандлёвы балянс. Але больш рэалістычны варыянт — новыя пазыкі.

— А чаму беларускія ўлады працівяцца нават плаўнай дэвальвацыі? Ёсьць меркаваньне, што яна дапаможа экспартэрам, якія ў Беларусі складаюць важную частку эканомікі. Або тут пераважаюць палітычныя прычыны — нельга праводзіць дэвальвацыю ў перадвыбарчы год?

— Палітычныя прычыны, безумоўна, ёсьць, але я не вазьмуся ацэньваць іх вагу. На мой погляд, улады стрымліваюць абясцэньваньне рубля з-за перасьцярогаў, што дэвальвацыя можа стаць некантраляванай. Калі будзе нават павольная дэвальвацыя, гэта можа прывесьці да праблемаў на дэпазытным рынку, адбіцца на коштах, і мы можам атрымаць сытуацыю дэвальвацыйна-інфляцыйнай сьпіралі. І гэта стрымлівае Нацбанк нават ад павольнай, кіраванай дэвальвацыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG