Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Дараваньня ня будзе: дырэктара — у турму, фірму — ліквідаваць


Наведваючы прадпрыемства «Крычаўцэмэнташыфэр», Аляксандар Лукашэнка выступіў з шэрагам ініцыятываў.

Найперш, ухваліў канцэпцыю стварэньня на пачатку 2014 году Беларускага цэмэнтнага холдынгу (карпарацыі). Паводле ягоных слоў, даўно насьпела неабходнасьць «кансалідаваць» увесь вытворчы працэс, сканцэнтраваўшы продаж і закуп сыравіны. Мяркуецца, што ў склад новаўтварэньня ўвойдуць тры профільныя заводы, якія вырабляюць цэмэнт, і транспартна-лягістычная кампанія.

Па словах кіраўніка краіны, неабходна адмовіцца ад паслугаў неабгрунтаваных пасярэднікаў, якія нажываюцца на абслугоўваньні беларускіх прадпрыемстваў: «Я ўжо казаў пра нядобрасумленнае прадпрымальніцтва, калі падкантрольныя фірмы пастаўляюць штосьці на завод ці кіраўнік прадпрыемства з кімсьці дамаўляецца. Кіраўніка — у турму, фірма — ліквідуецца», — распарадзіўся Лукашэнка.

Пры гэтым, удакладніў Аляксандар Лукашэнка, дырэктар прадпрыемства, які дапусьціў злоўжываньні, ня толькі павінен быць звольнены з пасады, але і мусіць кампэнсаваць нанесеныя страты. «Дараваньня ня будзе, які б статус вы ні займалі», — паабяцаў ён.

Апроч таго, Лукашэнка даручыў да лістапада 2014 году запусьціць новыя заводы жалезабэтонных канструкцыяў і штучнага каменю. Абодва праекты плянуецца рэалізаваць на базе Беларускага цэмэнтнага заводу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG