ПАДЗЕІ ДНЯ
У Нью-Ёрку адкрываецца 68-я сэсія Генэральнай Асамблеі ААН.
У Празе заканчваецца «Форум 2000» – міжнародная канфэрэнцыя, у якой больш за 100 вядомых палітыкаў, акадэмічных славутасьцяў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, СМІ, бізнэсу і рэлігіі абмяркоўваюць выклікі і пагрозы, зьвязаныя з працэсамі дэмакратызацыі.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1891 – нарадзіўся Генадзь Смоліч, міністар сельскай гаспадаркі ва ўрадзе БНР.
1912 – нарадзіўся Максім Танк, народны паэт Беларусі. Народны паэт БССР (1968), акадэмік АН Беларусі (1972); ляўрэат літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959); ганаровы грамадзянін Менску (1987). Сярод іншага, аўтар паэтычных зборнікаў: «На этапах» (1936); «Журавінавы цвет» (1937); «Пад мачтай» (1938); «Вастрыце зброю» (1945); «Праз вогненны небасхіл» (1945).
1919 – польскія войскі занялі Менск.
1939 – Чырвоная Армія пачала паход у Заходнюю Беларусь.
1993 – апошнія расейскія вайсковыя аддзелы пакінулі Польшчу.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«З легендаў i казак былых пакаленьняў,
З калосься цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор'яў i сонечных цёплых праменьняў,
З грымучага зьзяньня бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасьцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Сьвятынi народа, бясьсьмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.
Няма на зямлi таго шчасьця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, празь якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоньня
Стаiць акрываўлены вораг зь пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песьняй маёй –
Над тым, што было i што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова,
Сьвятлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганьняў суровых.
Калi ж ападзе і разьвеецца дым
I нiвы васкрослыя закаласяцца, –
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазьвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сарэбраны гром
I вусны расквецiш усьмешкай дзiцяцi».
Максім Танк, «Родная мова»