Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму кувае ківач


У верасьні 2004 году альмава мацер аўтара гэтых радкоў займела ў сваіх будуарах незвычайны прадмет інтэр’еру — ківач сямімэтровай вышыні ў шкляной пірамідзе. Каму цікава — мацер завецца БДПУ імя Танка, а ківач носіць гордае мяно Фуко. На адкрыцьці цікавосткі прысутнічаў сам тутэйшы мітрапаліт — хаця некалі менавіта такія ківачы бальшавікі абвяшчалі сымбалем перамогі навукі над рэлігіяй. На што рэлігія сьціпла адказвала, што сам па сабе ківач яшчэ ня значыць, што Бога няма і ў яго не было пляну. Ці Пляну — калі згадаць Умбэрта Эка...

Вучоны, які вынайшаў той шматзначны ківач, нарадзіўся таксама ў верасьні — 18 дня 1819 году ад Раства Хрыстова ў Парыжы зьявіўся на сьвет Жан Бэрнар Леон Фуко, чалавек і кратэр. І хто ведае, ці ашчасьлівіў бы ён сьвет сваім ківачом, калі б пайшоў, як і зьбіраўся, у мэдыцыну. Але беднага студэнта Фуко шторазу ванітавала, калі справа даходзіла да ўскрыцьця трупаў. Ён прыходзіў на заняткі галодны і злосны, а сыходзіў брудны, расчараваны... і зноў жа такі галодны. У фізыкі праблемаў з фізіялёгіяй значна менш, і Фуко абраў іншы шлях, на якім трупаў не валялася — хіба што шкілеты пагруквалі ў шафах.

Ён быў афазікам і фізыкам без дыплёму — што яшчэ раз даказвае, што на кручку геніяльнасьці можна павесіцца і бяз корачкі, а дробныя недахопы не замінаюць мець вялікія вартасьці. Ён займаўся гіраскопамі, тэлескопамі і іншымі скіпэтрамі навукі, безь якіх цяжка ўявіць сабе сёньняшні сьвет. Аднойчы ён нават вынайшаў пішучую машынку... Але машынка адышла ў нябыт, з ходу патлумачыць прызначэньне гіраскопа і іншых прыдумак Фуко здольны далёка ня кожны, а ківач вось усё ківае на свой выкшталцоны лад — быццам кувае, быццам пацьвярджае, што ўсё правільна, усё як мае быць, усё паводле пляну і ўсе мы неўзабаве памрэм, кружачыся ў гэтым бясконцым танцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG