Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацалунак ля слупа


Штогод напярэдадні 17 верасьня прыгадваецца гэтая вычытаная ў кагосьці простая, але цікавая алегорыя.

У кватэру вашага суседа ўварваліся бандыты, зьвязалі гаспадароў, уключылі, як гэта было модна ў дзевяностых, прас і пачалі рабунак. Вы асьцярожненька праходзіце паўз выламаныя дзьверы і кажаце шэптам: тут і маё майно ёсьць, можна, я забяру? Давай, велікадушна пагаджаюцца бандыты, толькі хуценька. Вы хапаеце тое, што лічыце сваім, выпіваеце з бандытамі, закусваеце — о, чыста сымбалічна, чарачку ды каўбаскі на адзін зубок! А потым пасьпешліва вяртаецеся дахаты, шчоўкаеце замком і кладзяцеся спаць з пачуцьцём адноўленай справядлівасьці.

А пасьля... А пасьля кожны год у верасьні прыгадваеце той дзень з радаснай усьмешкай. Толькі бандытаў ня згадваеце — яны ж тут ні пры чым, праўда? Галоўнае, што сваё пры сваім. Вы аматар аб’ектыўнасьці, які забыўся зьняць накрыўку з аб’ектыва — і фоткае, фоткае, фоткае...

Так вось выглядае тая алегорыя — як нейкі сэрыял пра мянтоў і Дастаеўскага. Не зусім дакладна, не на сто адсоткаў трапна — але збольшага правільна. На жаль, менавіта такое апісаньне верасьнёўскіх падзей трыццаць дзявятага году адпавядае гістарычнай праўдзе, а не трыюмфальныя воклічы пра вызваленьне і ўзьяднаньне. Усё проста, як той сьлінявы пацалунак з пляката. Вызваленьне прадугледжвае свабоду — якой не было.

А што да ўзьяднаньня — яно, вядома, адбылося... аднак ня кожнае ўзьяднаньне ёсьць пазытыўным працэсам. Прынамсі, для тых, каго ўзьядноўваюць. Калі вязьняў адной камэры ўзьяднаць зь вязьнямі другой, або калі паставіць іх да сьценкі не паасобку, а разам — гэта таксама ўзьяднаньне. Калі бацькі — рабы, і іхны ўладальнік дакупляе сабе яшчэ і дзяцей тых бацькоў — і гэта ўзьяднаньне. Хаця міг ягоны, што й казаць, салодкі... Як цукрам рот набіць і ні пра што ня думаць. Цукар растае... Час стаіць.

Бывае, што аб’ектыўнасьць — вораг этычнасьці і кат маралі; яна, аб’ектыўнасьць, як той завіслы над галавой бандыт з распаленым прасам — гатовая забіваць і мучыць, упэўненая ў сваёй беспакаранасьці. З дапамогай аб’ектыўнасьці можна апраўдаць што заўгодна — аб’ектыўна добра ўсё, што добра скончылася. Аб’ектыўна без другой сусьветнай Эўропа засталася б пры ўсіх сваіх забабонах, аб’ектыўна бяз Гітлера, магчыма, дагэтуль не існавала б Ізраілю, аб’ектыўна Сталін быў маладзец, бо пры ім нікога ня спальвалі ў печках і ня труцілі ў газэнвагенах, аб’ектыўна кожнае самагубства скарачае колькасьць самагубстваў, аб’ектыўна і сучасны беларускі рэжым — прагрэсіўны, бо лепш такі, чым Расея. Аб’ектыўнасьці напляваць на асобна ўзятыя лёсы — яна істота бяз прынцыпаў, кілер на замову бесстароньніх гісторыкаў будучага. Тое, што чалавек мае адну непапраўную загану — жыве цяпер, аб’ектыўна зусім ня важна.

І што там адбывалася ў самім працэсе — нікому не цікава. Як не цікава было ўсім «вызваленым»: кінутым у турмы, дэпартаваным, пастраляным і забраным у савецкае рабства, што праз паўстагодзьдзя беларусы, бач ты, будуць жыць у адной дзяржаве. Той плякат з абдымкамі і пацалункам ля памежнага слупа можа выклікаць толькі жах — жах і спачуваньне: яны абдымаюцца, як апошні раз — так сьціскаюць адзін аднаго ў абдымках асуджаныя на сьмерць. Аднаму толькі што «зь неба на голаў упала ўся гэтая БССР», як пісала Геніюш, а ў другога чэрап пад каскай ужо праламаны...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG