Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наваградзкі замак-2013»: расейская мова, КПП з мэталашукальнікамі і гарэлка без нацэнкі


7-8 верасьня шосты раз праходзіць міжнародны фэст сярэдневечнай культуры «Наваградзкі замак-2013».

Нечакана рыцараў было менш, чым спадзяваліся гараджане, і цікавасьць сьвята выклікала таксама меншую, чым разьлічвалі арганізатары. Усе мерапрыемствы праводзіліся на гарадзкой плошчы. Раней рыцары сустракаліся на дзядзінцы замка, але цяпер турыстаў папярэджваюць шыльды «Праход забаронены! Небясьпечна для жыцьця!» Адна зь дзьвюх напаўразбураных вежаў, якую спрабавалі раней кансэрваваць, знаходзіцца ў небясьпечным стане.

Усім гасьцям і ўдзельнікам - праход праз мэталашукальнікі
Усім гасьцям і ўдзельнікам - праход праз мэталашукальнікі
На абгароджанай плошчы міліцыянты зрабілі тры «кантрольна-прапускныя пункты», адзін зь іх меў дзьве брамы для выкрыцьця мэталаў. Міліцыянты пераконвалі, што гэта патрэбна, каб плошча не перапаўнялася народам. Аднак цягам дня наваградцы хадзілі ўздоўж агароджы, ігнаруючы КПП. Калі на сцэне нешта адбывалася, перад ёю зьбіралася ўсяго некалькі дзясяткаў гледачоў. Астатнія маглі назіраць з-за агароджы. Увечары перад сцэнай сабралася максымум дзьвесьце-трыста чалавек, тым часам як міліцыянты чакалі, што гледачоў могуць быць тысячы.

Фэстывальная сцэна
Фэстывальная сцэна
Амаль зусім адсутнічала рэкляма сьвята. Нам удалося знайсьці рэклямку з раскладам толькі ў адным месцы — на дзьвярах кафэтэрыя — побач з аб’явай аб тым, што ўнутры можна выпіць гарэлкі без звычайнай для такіх месцаў нацэнкі. У кафэтэрыі ўвечары не было кавы, сказалі, што скончылася. Але з запасамі гарэлкі ўсё было ў парадку.
Каля цэнтральнага КПП стаяў міліцыянт у блакітнай камізэльцы, які зазіраў у плян і тлумачыў цікаўным — што за чым будзе адбывацца на сцэне.

Шыльда фэсту і абвесткі былі на расейскай мове, якая таксама пераважна гучала і са сцэны. Мясцовыя толькі пахваліліся, што раённы начальнік выступіў на адкрыцьці па-беларуску.

Жыхары Наваградку казалі, што самым цікавым і людным быў першы фэст, цяпер ён вялікай цікавасьці не выклікае, нашмат лепей паслухаць са сцэны рок-гурты і крыху патанчыць. Цяпер у Наваградку знаходзіцца перасоўны цырк, у касу стаяла чарга. Таксама ў гэтыя выходныя спраўляліся шлюбы. Нешматлікія бары былі запоненыя.

Абвестка на дзьвярах кафэтэрыя
Абвестка на дзьвярах кафэтэрыя
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG