Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія і Мытны саюз: экспэрты — у зьдзіўленьні, моладзь — у дэпрэсіі


Дырэктар армянскай службы Радыё Свабода Храйр Тамразян пракамэнтаваў заяву прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсяна аб намеры далучыцца да Мытнага саюзу.

Навумчык: Спадар Тамразян, Крэмль не хавае памкненьня пашырыць зону ўплыву і далучыць былыя савецкія рэспублікі да Мытнага саюзу і так званага Эўразійскага саюзу. У якой ступені прагназавалася тое, што ўчора адбылося ў Маскве?

Тамразян: Гэта было абсалютнай нечаканасьцю для ўсіх — і для армянаў, і для эўрапейцаў, і для экспэртаў, і нават самыя высокапастаўленыя асобы не прадбачылі, што адбудзецца ў Маскве. Мы ведалі, што будзе сустрэча ў Маскве, але меркавалі, што падпішуць гэткае «няпоўнае» пагадненьне з Масквой. Што Ерэван проста пагодзіцца зь некаторымі пунктамі гэтага Мытнага саюзу, якія былі б прымальнымі для Эўрапейскага зьвязу. Але, што было дзіўна, прэзыдэнт Армэніі пагадзіўся далучыцца да гэтага Мытнага саюзу.

Навумчык: І якія прычыны спрыялі гэтаму?

Храйр Тамразян
Храйр Тамразян
Тамразян: Эўрадэпутат Эльмар Брок паведаміў, што яму ўдалося паразмаўляць з Саргсянам, і той сказаў, што быў вельмі моцны ціск Масквы адносна Нагорнага Карабаху. Выглядае, Расея дала зразумець Армэніі, што калі яна не далучыцца да Мытнага саюзу, будзе вельмі дрэнна ў Нагорным Карабаху. Што гэта магло б быць? Найперш, дапамога Азербайджану ў гэтым канфлікце. Яшчэ раней Пуцін наведаў Азербайджан, Баку, сустрэўся з Ільхамам Аліевым і Азербайджану было прададзена зброі на 4 мільярды даляраў. Гэта азначае, што азербайджанцам удалося ўзброіцца, прычым даволі страшнай зброяй. Армэнія таксама спрабуе закупіць зброю.
Цяпер Расея нібыта нэўтральная ў гэтым канфлікце, яна кажа, што абодва бакі павінны вырашыць праблему. Калі ж цяпер Расея пяройдзе на бок Азербайджану, Армэніі будзе вельмі-вельмі цяжка.

Ёсьць і яшчэ адзін фактар. Армэнія энэргетычна залежная ад Расеі. Амаль цалкам энэргетычная сыстэма Армэніі кантралюецца Расеяй. І нядаўна вельмі істотна ўзьняліся кошты на газ, людзям гэта не падабаецца Палітычная нестабільнасьць — гэта тое, што ніякі ўрад не жадае бачыць у сваёй краіне. Цяпер расейскі бок абяцаў зьнізіць кошты на газ альбо субсыдыяваць іх, і магчыма, гэта таксама адыграла сваю ролю.

Навумчык: Учора кіраўнік МЗС Літвы, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, заявіў, што ў выпадку далучэньня да Мытнага саюзу Армэнія страціць магчымасьць падпісаць дамову з ЭЗ аб вольным гандлі. Ці ўспрымаюць ў Армэніі ўчорашняе рашэньне як канчатковы разварот ад Эўропы ў бок Масквы?

Тамразян: Шмат хто лічыць, што Сэрж Саргсян — палітык, які можа цікава пагуляць, скарыстаць мудрагелістыя хады. Ня ведаю... З Расеяй жарты не праходзяць. Парлямэнт Армэніі павінен ратыфікаваць гэтае пагадненьне, і я ня бачу нейкай сур’ёзнай апазыцыйнай сілы, якая б магла заблякаваць ратыфікацыю гэтага пагадненьня. Але народ цяпер ня вельмі задаволены тым, што ўчора адбылося ў Маскве. Асабліва моладзь. Я б сказаў, што моладзь цяпер у стане дэпрэсіі. Бо многія спадзяваліся, што пасьля падпісаньня пагадненьня з ЭЗ студэнтам будзе прасьцей паехаць у эўрапейскія краіны, магчыма, папрацаваць там, вярнуцца. І сёньня пачалася акцыя ля прэзыдэнцкага офісу — акцыя нешматлікая, але агрэсіўная, дзевяць чалавек былі затрыманыя. Многія лічаць, што такія акцыі будуць працягвацца і зьбіраць больш людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG