Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрца пасажыра


З усіх жывых істотаў толькі пасажыр думае азадкам. Прынамсі, падчас трэцяй гадзіны свайго падарожжа. Аднак можна толькі здагадвацца, чым абярнуўся б для чалавецтва такі капрыз прыроды, калі б не пакуты аднаго амэрыканца, які паўтары сотні гадоў таму вырашыў, што ягонаму азадку досыць і трэба нешта мяняць.

У сярэдзіне дзевятнаццатага стагодзьдзя чыгуначныя падарожжы мала хто мог назваць прыемным баўленьнем часу: раматусу ў іх было ня менш, чым рамантыкі. Вось і амэрыканскі інжынэр і прадпрымальнік Джордж Мортымэр Пулман, якому даводзілася па некалькі разоў на месяц езьдзіць з Чыкага ў Альбіён і назад, шторазу мучыўся, скурчыўшыся на драўлянай лаве ў трасучым і нязручным вагоне. Яму балела ня толькі ў ніжняй частцы цела, але і ў верхняй, дзе, як вядома, трасецца і падскоквае ў такт цягніку-эпілептыку такі важны орган пасажыра, як сэрца.

А сэрца ў Джорджа Мортымэра Пулмана было вялікае і чулае. І балела яму за ўсё чалавецтва. Ён заплюшчваў вочы і прыгадваў, як некалі плыў праз возера Эры ў камфартабэльнай яхце: мяккія падушкі, абабітыя скурай канапы, плаўнасьць руху, плынь вады, афіцыянты, столікі, сьвежыя газэты... Ява паступова зьлівалася з мрояй, вагон пачынаў пагойдвацца на азёрных хвалях, інжынэр уяўляў, што сядзіць на зручнай канапе, дзе можна выцягнуць ногі, закурыць цыгару, адкінуцца на сьпінку, замовіць каву... Паравоз тармазіў, містэр Пулман, ліхаманкава хапаючыся за суседа, спаўзаў на падлогу і з крэканьнем вяртаўся на ненавісную мулкую лаву...

Так працягвалася ажно да таго дня, калі Джорджу Мортымэру Пулману раптам прыйшла ў галаву простая і геніяльная ідэя: чаму б не зрабіць чыгуначны вагон такім самым утульным, як кают-кампанія той цудоўнай яхты? Увасабленьне задумы выглядала не такой ужо і складанай задачай. І ён узяўся за справу — з імпэтам сапраўднага амэрыканца і ўсім гневам і болем бывалага пасажыра.

1 верасьня 1869 году першы вагон Пулмана, які атрымаў назву «Піянэр», стаў на рэйкі і быў прычэплены да чарады непрыветных старых вагонаў-«акцябратаў». Ягонае стварэньне абышлося Пулману і ягонаму партнэру ў дваццаць тысяч даляраў, то бок разоў у пяць даражэй, чым каштавала звычайная чыгуначная труна на колах. Затое ў ім было ўсё: скураныя канапы, падушкі, фіранкі, званкі, слугі, умывальнікі, прыбіральня... Дый дызайн пацешыў бы вока нават самага пераборлівага эстэта. Так у гісторыі чыгункі пачалася эпоха спальных вагонаў, якая ня скончылася дагэтуль. Чыгуначнае падарожжа зрабілася прыемным, як паход у госьці да хай сабе ня самых багатых, але ж гасьцінных гаспадароў. Славы доўга чакаць не давялося — чыгуначныя кампаніі хутка ацанілі перавагі пулманаўскіх вагонаў, дый пасажыр — не цяля; замовы пасыпаліся адна за другой.

Так Джордж Мортымэр Пулман зрабіўся мільянэрам. Зрэшты, сваіх рабочых ён любіў ня менш за даляры. І пабудаваў ім ля Чыкага цэлы гарадок Пулмана: такі сабе мікрараён, дзе ўсё было для чалавека, усё ў імя чалавека, толькі б ён працаваў сабе і даваў зарабіць Пулману. Сацыялісты кусалі сябе за локці, бачачы шчасьлівых пулманаўскіх пралетараў, якія чамусьці не хацелі кляйміцца пракляцьцем, ісьці ў сьмяротны бой і ставіць на агонь свой абураны розум. Але эканамічны крызіс не абмінуў кампанію Пулмана. Рабочыя пачалі страйк, давялося ўмяшацца паліцыі, 1 траўня 1894 году дайшло да страляніны. Джордж Мортымэр Пулман увайшоў у гісторыю як вынаходнік ня толькі камфартабэльных вагонаў, але ў пэўным сэнсе і сьвята 1 траўня. Дня, калі працоўныя ўсяго сьвету адзначаюць сваю салідарнасьць — амаль пасажырскую, бо камфорт — паняцьце ўмоўнае, а канцавая станцыя на ўсіх адна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG