Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс беларускай калійнай кампаніі ў Менску
Офіс беларускай калійнай кампаніі ў Менску

«Калійная вайна»: напружанасьць расьце

Працягваецца скандал вакол арышту беларускім Сьледчым камітэтам генэральнага дырэктара «Ўралкалія», старшыні Назіральнага савета ЗАТ «Беларускай калійнай кампаніі» Ўладзіслава Баўмгертнэра.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
Падзеі першага дня
21:46 27.8.2013

Сурыкаў: Улады Беларусі дыскрэдытавалі сябе арыштам Баўмгертнэра


Расейскі амбасадар у Менску Аляксандр Сурыкаў жорстка ацаніў паводзіны беларускіх уладаў у канфлікце з «Уралкаліем».

Аляксандар Сурыкаў заявіў, што арышт у Менску кіраўніка назіральнай рады «Беларускай калійнай кампаніі», генэральнага дырэктара «Уралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра варта разглядаць як выпадак, які дыскрэдытаваў беларускія ўлады.

«Мае месца нейкая незразумелая дыскрэдытацыя ўлады», — сказаў Сурыкаў у інтэрвію акрэдытаваным у Менску карэспандэнтам расійскіх тэлеканалаў, якое цытуе Інтэрфакс.

Сурыкаў нагадаў, што Баумгертнэр прыбыў у Менск на запрашэньне прэм’ер-міністра, адбылася сустрэча зь ім, пасьля якой кіраўнік «Уралкалія» зьбіраўся ехаць у Маскву, але ў аэрапорце быў затрыманы.

Цяпер, паводле слоў Сурыкава, кіраўнік «Уралкалія» знаходзіцца ў СІЗА КДБ Беларусі:

«Я такой міжнароднай практыкі наогул не ведаю: калі ўлада запрашае, а потым праваахоўныя органы затрымліваюць. Напэўна, запрашэньне зьяўляецца свайго роду гарантыяй бясьпекі, і дзеяньні потым праваахоўных органаў у дадзенай сытуацыі не зусім карэктныя ў дачыненьні да ўласнай улады», — сказаў расейскі дыплямат.
18:47 27.8.2013

Валошын патрабуе вызваліць Баўмгертнэра

Аляксандар Валошын
Аляксандар Валошын

Кіраўнік Рады дырэктараў «Уралкалія» патрабуе ад беларускіх уладаў вызваліць гендырэктара кампаніі Ўладзіслава Баўмгертнэра, называючы абвінавачаньні супраць яго беспадстаўнымі.

«Уралкалій» патрабуе ад Менску неадкладна вызваліць гендырэктара кампаніі Ўладзіслава Баўмгертнэра і спыніць перасьлед ягоных калег. Абвінавачаньні Баўмгертнэра ў службовых злачынствах выглядаюць недарэчна, заявіў старшыня Рады дырэктараў «Уралкалія» Аляксандар Валошын:

«Як старшыня Рады дырэктараў „Уралкалія“ я патрабую неадкладнага вызваленьня Ўладзіслава Баўмгертнэра і спыненьня перасьледу ягоных калегаў, — гаворыцца ў распаўсюджанай у аўторак заяве Валошына. — Назіральная рада Беларускай калійнай кампаніі, якую ўзначальвае Баумгертнэр, зьяўляецца наглядным органам, які зьбіраецца толькі некалькі разоў на год. Старшыня назіральнай рады ня мае абсалютна ніякіх службовых паўнамоцтваў, якімі ён мог бы злоўжываць. Рэальным кіраўніком кампаніі зьяўляецца генэральны дырэктар, які заўсёды намінаваўся беларускім бокам. У сувязі з гэтым абвінавачваньні ў службовых злачынствах на адрас Баўмгертнэра выглядаюць проста недарэчна, супярэчаць здароваму сэнсу і не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Эканамічныя спрэчкі і розныя супярэчнасьці, якія часта бываюць у бізнэсе, не павінны вырашацца падобнымі спосабамі».
18:18 27.8.2013

Сурыкаў ні пра што не дамовіўся з пракурорам Куклісам


Аляксандар Сурыкаў ідзе ў Генэральную пракуратуру
Аляксандар Сурыкаў ідзе ў Генэральную пракуратуру

Амбасада Расеі і пракуратура па-рознаму трактуюць вынікі сёньняшняй сустрэчы амбасадара Аляксандра Сурыкава з кіраўніцтвам Генэральнай пракуратуры ў справе арышту Баўмгертнэра. З наяўнай інфармацыі можна зрабіць выснову, што Сурыкаў, які дамагаўся вызваленьня расейскага бізнэсоўца, ні пра што не дамовіўся.

Дарадца амбасады Расеі ў Менску Ўладзімер Марчукоў паведаміў, што ў Генэральнай пракуратуры Беларусі на сустрэчы з расейскім амбасадарам Аляксандрам Сурыкавым паабяцалі «яшчэ раз прааналізаваць законнасьць затрыманьня і арышту генэральнага дырэктара „Ўралкалія“ Ўладзіслава Баўмгертнэра».

Тым часам прэсавая служба Генэральнай пракуратуры Беларусі ў інтэрвію БелТА іначай расставіла акцэнты ў інфармацыі пра сустрэчу выканаўцы абавязкаў генэральнага пракурора Беларусі Мікалая Кукліса з амбасадарам Расеі:

«Падчас сустрэчы амбасадар выказаў сумнеў у законнасьці затрыманьня грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі Ўладзіслава Баўмгертнэра і хадайнічаў аб яго вызваленьні з-пад варты або зьмяненьні яму меры стрыманьня. Мікалай Кукліс растлумачыў падставы ўзбуджэньня крымінальнай справы і затрыманьня Ўладзіслава Баўмгертнэра, а таксама паведаміў, што хадайніцтва амбасадара будзе разгледжана Генэральнай пракуратурай ва ўстаноўленым законам парадку».
18:16 27.8.2013

Да Баўмгертнэра не пускаюць консулаў



Амбасада Расеі пакуль не атрымала дазволу на сустрэчу сваіх консулаў з арыштаваным грамадзянінам Расеі Ўладзіславам Баўмгертнэрам.

Амбасада Расеі ў Менску пакуль не атрымала ад беларускага боку інфармацыю пра магчымы час сустрэчы консульскіх работнікаў з арыштаваным гендырэктарам «Уралкалія» Ўладзіславам Баўмгертнэрам.

«Час сустрэчы пакуль невядомы», — паведамілі агенцтву Інтэрфакс у амбасадзе.

У адпаведнасьці з працэдурай Сьледчы камітэт Беларусі павінен вызначыць час сустрэчы і перадаць гэтую інфармацыю празь беларускі МЗС у амбасаду. Пры гэтым у амбасадзе ўжо сумняюцца, ці такая сустрэча можа адбыцца ў аўторак.
17:27 27.8.2013

Анатоль Лябедзька: «Узялі чарговага закладніка»



Па здымках, якія паказала беларускае тэлебачаньне ўвечары 26 жніўня, былы палітвязень, старшыня АГП Анатоль Лябедзька пазнаў турму КДБ, дзе ён правёў больш за 3 месяцы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Паводле Анатоля Лябедзькі, знаходжаньне Баўмгертнэра ў «амэрыканцы» сьведчыць пра тое, што ён ня проста арыштант, а закладнік беларускага рэжыму. «Гэта сыгнал, што трэба пачынаць торг», — мяркуе палітык:

«Лукашэнка спрабуе захаваць ранейшы фармат адносін з Крамлём і асабіста з Пуціным. Раней было 50 на 50, Лукашэнка быў нібыта роўным партнэрам. Калі ўзьнік канфлікт вакол продажу калійных угнаеньняў, Лукашэнка зрабіў спробу знайсьці яго вырашэньне на палітычным узроўні, у Крамлі, з Пуціным. Але на яго проста махнулі рукой. Для яго гэта дрэнная тэндэнцыя: значыць, могуць і заўтра махнуць рукой, няма ўжо партнэрства, кантрольны пакет належыць Пуціну. Лукашэнка гэтага дапусьціць ня можа, таму ён пайшоў на такі рэзкі крок, каб прымусіць Крэмль сесьці зь ім за стол перамоваў».
17:11 27.8.2013

Савіных заклікае ня зьвязваць справу Баўмгертнэра з палітыкай



Прэсавы сакратар МЗС Беларусі выступіў з камэнтаром пра арышт у Беларусі кіраўніка «Ўралкалія».

Андрэй Савіных заклікаў ня зьвязваць завядзеньне крымінальнай справы супраць кіраўніка «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра з палітыкай і не прымешваць эмоцыі:

«Неабходна дакладна разумець, што сытуацыя, якая ўзьнікла, цалкам знаходзіцца ў прававой плоскасьці.

Сытуацыя з затрыманьнем зьяўляецца вынікам прававой ацэнкі дзеяньняў канкрэтнай асобы. Для гэтага ёсьць дастатковыя падставы і аргумэнтаваная прававая кваліфікацыя. Гаворка ідзе пра значную эканамічную шкоду інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

У гэтай сувязі Сьледчы камітэт, кіруючыся прынцыпам незалежнасьці пры ажыцьцяўленьні сваіх паўнамоцтваў, распачаў адпаведную крымінальную справу і прыняў рашэньне аб затрыманьні Баўмгертнэра.

Мы спадзяемся, што гэтае пытаньне будзе разглядацца нашымі партнэрамі адказна, у духу законнасьці, а не на падставе эмоцыяў і ўвязкі з палітыкай».
15:43 27.8.2013
Сурыкаў нічога не сказаў пра перамовы ў пракуратуры

Сустрэча амбасадара Расеі з прадстаўнікамі Генэральнай пракуратуры Беларусі доўжылася 25 хвілін.

Амбасадар Расеі ў Менску Аляксандр Сурыкаў а 15 гадзіне сустрэўся з прадстаўнікамі Генэральнай пракуратуры Беларусі для абмеркаваньня пытаньня, зьвязанага з арыштам гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра.

Як перадае «Інтэрфакс », сустрэча доўжылася 25 хвілін. Пад дзьвярыма пракуратуры расейскага амбасадара чакала група журналістаў, але спадар Сурыкаў, пакідаючы будынак Генпракуратуры, нічога ім не сказаў.

Як раней казаў дарадца амбасады Расеі Ўладзімер Марчук, Сурыкаў на сустрэчы з прадстаўнікамі Генпракуратуры Беларусі зьбіраўся настойваць на вызваленьні Баумгертнэра з-пад варты.

У расейскай амбасадзе таксама паведамілі, што «пакуль няма інфармацыі аб часе сустрэчы абвінавачанага Баўмгертнэра з прадстаўнікамі консульскай службы Расеі».
13:24 27.8.2013

У Маскве заяўляюць, што ня выдадуць топ-мэнэджэраў Менску

У Маскве атрымалі ордэр Інтэрпола на арышт топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі, але ня бачаць шанцаў на іх выдачу Менску.

«Сваіх грамадзян Расея, як, зрэшты, і большасьць краін, якія паважаюць сябе, не выдае», — сказаў Інтэрфаксу прадстаўнік расейскіх праваахоўных органаў.

Міжнародны ордэр Інтэрпола на арышт топ-мэнэджэраў БКК паступіў у Маскву «і цяпер разглядаецца». Ён тычыцца абвешчаных у вышук топ-мэнэджэраў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Алега Пятрова, Канстанціна Саладоўнікава, Ігара Яўстратава, Дзьмітрыя Самойлава.
13:24 27.8.2013
Рыгор Карасін
Рыгор Карасін


МЗС Расеі: сытуацыя з Баўмгертнэрам можа адбіцца на кантактах Масквы і Менску


Адмова беларускіх уладаў вызваліць гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра будзе расцэнена расейскім бокам як крок, які не адпавядае саюзьніцкім адносінам дзьвюх дзяржаў. Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Рыгор Карасін.

«Мы лічым сытуацыю, якая склалася, абсалютна недапушчальнай і разьлічваем на тое, што адпаведныя тлумачэньні будуць дадзены, а расейскі грамадзянін будзе адпушчаны. Інакш гэта можа быць вытлумачана як дзеяньне, якое не адпавядае саюзьніцкаму характару нашых адносін і можа адбіцца на графіцы кантактаў на палітычным узроўні», — цытуе Карасіна Інтэрфакс.

Пасол Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка быў выкліканы ў МЗС Расеі, дзе яму была выказана заклапочанасьць у сувязі з затрыманьнем у Менску Ўладзіслава Баўмгертнэра.

«Было адзначана, што калі на запрашэньне ўраду Рэспублікі Беларусь нехта прыяжджае на перамовы і праходзіць сустрэча з кіраўніком ураду, то выглядае недапушчальным затрыманьне ў той жа дзень гэтага чалавека ў дарозе дадому», — адзначыў Рыгор Карасін.
13:22 27.8.2013
Арышт генэральнага дырэктара «Ўралкалія», старшыні Назіральнага савету ЗАТ «Беларуская калійнай кампаніі» Ўладзіслава Баўмгертнэра камэнтуюць аглядальнікі агенцтва РИА-Новости Вадзім Дубноў і рускай службы Радыё Свабода Міхаіл Сакалоў.
13:22 27.8.2013

Амбасадар Сурыкаў будзе патрабаваць вызваленьня Баўмгертнэра



Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў плянуе абмеркаваць з кіраўніцтвам беларускай Генпракуратуры сытуацыю вакол арышту кіраўніка «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра. Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды дарадца амбасады Ўладзімер Марчук.

«Сёньня а 15 гадзіне амбасадар едзе ў Генпракуратуру, будзе сустракацца з кіраўніцтвам і настойваць на тым, каб Баўмгертнэра вызвалілі».

Карэспандэнт: А што, ёсьць падставы для такога патрабаваньня?

Марчук: «Што тычыцца падставаў для затрыманьня — у нас пакуль яснай карціны няма. І калі зыходзіць з таго, што пішуць расейскія мэдыі і самі крыніцы з „Уралкалія“, чалавек прыехаў у Менск на рабочую сустрэчу, афіцыйна запрасілі. А потым раз — і ў кутузку. Таму, вядома, неяк трэба разьвязваць гэтую сытуацыю».

Паводле Марчука, у Менск ужо прыехалі маці Баўмгертнэра і яго расейскі адвакат.

Таксама Марчук працытаваў прадстаўніка Сьледчага камітэту, які заявіў, што прынятае прынцыповае рашэньне пра сустрэчу дыпляматаў з арыштаваным Баўмгертнэрам.

«Пра дакладны час пакуль гаворкі няма. Але будзем разьлічваць, што сустрэча сёньня адбудзецца. З таго, што я ўчора бачыў па тэлевізіі, можна меркаваць, што Баўмгэртнэр знаходзіцца ў СІЗА КДБ. А дзе ён яшчэ можа быць?»
13:19 27.8.2013
Рэпартаж ОНТ пра затрыманьне Баўмгертнэра
13:19 27.8.2013

Сьледчы камітэт: Баўмгертнэр арыштаваны на 2 месяцы


Гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр арыштаваны ў Менску на два месяцы.
«Падчас расьсьледаваньня гэты тэрмін можа быць прадоўжаны, але можа быць і ўжытая іншая мера стрыманьня», — паведаміў Інтэрфаксу начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Беларусі Павал Траулька.

Цяпер ідуць допыты абвінавачанага. У Сьледчым камітэце адмовіліся паведаміць іншыя падрабязнасьці справы, у тым ліку — у якім СІЗА знаходзіцца Баўмгертнэр.

Таксама ў Сьледчым камітэце заявілі пра намер прыняць рашэньне аб арышце маёмасьці і актываў «Уралкалія», у тым ліку за мяжой.

«Памер крадзяжу і шкоды, у зьдзяйсьненьні якіх падазраюцца службовыя асобы „Ўралкалія“, складае каля 100 млн даляраў», — паведаміў Траулька.

Акрамя таго, будзе прызначана і праведзена рэвізія фінансава-эканамічнай дзейнасьці Беларускай калійнай кампаніі.

Тым часам на навінах пра арышт Баўмгертнэра акцыі «Ўралкалія» ўзначалілі зьніжэньне расейскага рынку другі дзень запар. 27 жніўня яны скаціліся да ўзроўняў 3-тыднёвай даўнасьці.
13:16 27.8.2013

Маці Баўмгертнэра зьбіраецца ў Менск

27 жніўня ў Менск павінны прыбыць маці арыштаванага кіраўніка «Уралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра і адвакат, якога прадставіў арыштаванаму «Уралкалій».

Акрамя таго, падабрана кандыдатура адваката — грамадзяніна Беларусі, бо згодна зь беларускім заканадаўствам, абарону на тэрыторыі краіны можа ажыцьцяўляць толькі беларускі адвакат, паведамояе ИТАР-ТАСС.

Баўмгертнэр быў арыштаваны і ўзяты пад варту ў Менску, яму прад’яўлена абвінавачаньне.

Сьледчым камітэтам расьсьледуюцца крымінальныя справы, распачатыя Генпракуратурай за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. У прыватнасьці, адносна старшыні назіральнай рады Ўладзіслава Баўмгертнэра, сябра назіральнай рады Алега Пятрова, першага намесьніка гендырэктара Канстанціна Саладоўнікава, намесьніка гендырэктара па фінансах Ігара Яўстратава, паведаміў карэспандэнту Свабоды начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэта Павал Траўлька. Астатнія фігуранты справы абвешчаныя ў вышук, у тым ліку праз Інтэрпол.
13:15 27.8.2013
Уладзіслаў Баўмгертнэр
Уладзіслаў Баўмгертнэр



Амбасада Расеі чакае сустрэчы з Баўмгертнэрам

Амбасада Расеі спадзяецца, што беларускія ўлады дазволяць 27 жніўня сустрэчу з арыштаваным у Менску кіраўніком «Уралкалія» Ўладзіславам Баўмгертнэрам. Пакуль ніякага адказу ад беларускага боку не было.

«Я думаю, што сёньня сустрэча адбудзецца. Бо беларускі бок ніколі не адмаўляў супрацоўнікам консульскага аддзелу амбасады ў сустрэчы з затрыманымі. Няма падставаў меркаваць, што на гэты раз адмовяць», — паведаміў карэспандэнту Свабоды дарадца расейскага пасольства ў Менску Ўладзімер Марчукоў.

Раней амбасада накіравала ў беларускі МЗС ноту з просьбай аб сустрэчы з затрыманым у Менску грамадзянінам Расеі Ўладзіславам Баўмгертнэрам.

Прадстаўнік пасольства Расеі ў Беларусі адзначыў, што «афіцыйна пасольства ніхто не інфармаваў аб тым, што затрыманы грамадзянін Расеі Ўладзіслаў Баўмгертнэр».
13:13 27.8.2013
Учора мы паведамлялі пра арышт генэральнага дырэктара «Ўралкалія», старшыні Назіральнага савета ЗАТ «Беларускай калійнай кампаніі» Ўладзіслава Баўмгертнэра. Чытайце: ЖЫВЫ БЛОГ, 1 дзень
XS
SM
MD
LG