ПАДЗЕІ ДНЯ
У дзень сьмерці Якуба Коласа на Вайсковых могілках Менску адбудзецца памінальны мітынг і ўскладаньне кветак да помніка паэту. Удзел у ім возьмуць пісьменьнікі і паэты, грамадзкія дзеячы, родныя сям’і паэта, а таксама навукоўцы і супрацоўнікі музэяў сталіцы. Пачатак а 16.00.
У мабільнай галерэі Нацыянальнай бібліятэкі (3-ці паверх) адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё культурна-асьветніцкай выставы «Марцін Лютэр: 530 гадоў з дня нараджэньня». У экспазыцыі будуць прадстаўлены ілюстрацыйныя і інфармацыйныя матэрыялы, а таксама мастацкія творы, прысьвечаныя Марціну Лютэру. Пачатак а 16.00.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1905 — у Нарвэгіі праведзены рэфэрэндум па скасаваньні уніі са Швэцыяй, якая трывала ад 1814 году.
1920 — у польска-савецкай вайне пачалася гэтак званая Варшаўская бітва, у якой польскія сілы пад камандаваньнем Юзэфа Пілсудзкага паўстрымалі бальшавікоў каля Варшавы, а потым разьбілі іх і прымусілі да адступленьня. Шэраг польскіх перамогаў, якія пасьледавалі за Варшаўскай бітвай, прывялі да мірнай польска-савецкай дамовы 1921 году ў Рызе. У выніку гэтай дамовы Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы.
Нарадзіліся:
1913 — беларускі кампазытар Анатоль Багатыроў, адзін з заснавальнікаў беларускай опэры. Сярод іншага, напісаў музыку для опэры «У пушчах Палесься», абапёртай на аповесьці «Дрыгва» Якуба Коласа (пастаноўка ў 1939).
1926 — Фідэль Кастра, кіраўнік Кубы. Фідэль Кастра кіраваў Кубай з 1959 па 2006 год, калі перастаў зьяўляцца на публіцы і перадаў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы малодшаму брату Раўлю.
1942 — беларускі кінарэжысэр Вячаслаў Нікіфараў, ад 1986 г. — старшыня Саюзу кінэматаграфістаў Беларусі. Фільмы — «Душа мая Марыя», «Фруза», «Ціхія троечнікі», «Бацькі і дзеці» ды іншыя.
Памерлі:
1863 — Эжэн Дэлякруа, францускі жывапісец і графік.
1946 — Гербэрт Уэлс, ангельскі пісьменьнік.
1956 — Якуб Колас, народны паэт Беларусі.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Гісторыя мяне апраўдае».
Я марксіст-ленініст, і я буду ім да канца маіх дзён«.
«У капіталізму няма ніякіх маральных і этычных каштоўнасьцяў: усё прадаецца. Немагчыма ў такіх умовах правільна выхоўваць народ: людзі ператвараюцца ў эгаістаў, а часам — нават у бандытаў».
Фідэль Кастра