Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльду Каліноўскага вярнулі на вуліцу яго імя цішком


Памятную дошку са скульптурным партрэтам Каліноўскага і яго кароткай біяграфіяй усталявалі на будынку Менскага гарадзкога цэнтру алімпійскага рэзэрву па барацьбе імя Аляксандра Мядзьведзя. Зрабілі гэта ў сярэдзіне ліпеня без асаблівых урачыстасьцяў.

Гэтая дошка з 1988 па 1998 гады вісела на будынку кінатэатру «Вільнюс», але потым зьнікла. Пасьля яе адшукалі і перадалі на захаваньне і аднаўленьне ў Першамайскае ЖРЭА, таму што будынак быў на рэканструкцыі. Цяпер кінатэатар «Вільнюс», што па вуліцы Каліноўскага, 55, пасьля рэканструкцыі ператварыўся ў Палац барацьбы.

«Пасьля адкрыцьця гэтага будынка шыльда зноў вярнулася на ранейшае месца, таму ніякіх урачыстасьцяў і прэзэнтацыяў мы не рабілі», — расказаў сайту «Арт-сядзіба» намесьнік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Аляксей Каштальян.

Вуліца ў гонар кіраўніка паўстаньня 1863 году Кастуся Каліноўскага зьявілася ў Менску ў 1963 годзе, праз сто гадоў пасьля паўстаньня.

Нядаўна моладзевая арганізацыя «Альтэрнатыва» правяла кампанію за ўсталяваньне помніка Кастусю Каліноўскаму на названай у яго гонар менскай вуліцы. Зварот у гарвыканкам быў накіраваны 9 ліпеня. Актывісты даслалі лісты кіраўніку Менскага гарсавету, міністру культуры, старшыні Менгарвыканкаму.

Усяго было сабрана 4000 подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Менску, 3500 зь іх былі пасланыя ўладам.

Кампанію зьбіраньня подпісаў сярод жыхароў Менску за тое, каб паставіць помнік лідэру нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму, правялі актывісты грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва». Яны ж і прапанавалі месца будучага помніка: сквэр, які пачынаецца з вуліцы Каліноўскага, побач з праспэктам Незалежнасьці. Паблізу — Усходнія могілкі, дзе пахаваныя дзеячы беларускай культуры, штогод тут праходзіць шэсьце ў Курапаты.

Адказ на імя ініцыятара, Алега Корбана, днямі прыслаў намесьнік старшыні менскага гарвыканкаму Ігар Карпенка.

Спадар Карпенка паведамляе, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам помнікі выбітным дзеячам усталёўваюцца на падставе заключэньняў Міністэрства культуры і пасьля ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам ды вызначэньня крыніц фінансаваньня.

Менскі навукова-дасьледчы інстытут сацыяльна-эканамічных праблем распрацаваў навуковую канцэпцыю, у сувязі зь якою ў Менску заплянаваныя да ўсталяваньня ў 2012–2017 гадах канкрэтныя творы манумэнтальнага і манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва.

«Гэтай канцэпцыяй не прадугледжаная ўстаноўка ў Менску помніка К. Каліноўскаму. Аднак, прымаючы да ўвагі неаднаразовыя звароты грамадзян па гэтым пытаньні, інстытуту даручана даць заключэньне аб мэтазгоднасьці ўсталяваньня такога помніка ў горадзе Менску», — напісаў Карпенка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG