Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У актывіста БХД Вячаслава Шэлега зьбілі і вывезьлі ў лес дачку

абноўлена

16.00 Натальля шпіталізаваная з страсеньнем галаўнога мозгу, паведаміў Свабодзе бацька Вячаслаў Шэлег.

15.30 Аргкамітэт БХД: «Не дамо бандытам распраўляцца з нашымі дзецьмі!»


Аргкамітэт Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі абураны фактамі дзікунскага бандытызму, зьдзейсьненага ў дачыненьні да дачкі актывіста партыі Вячаслава Шэлега.

«Вячаславу Шэлегу, каардынатару Камітэту па супрацьдзеяньні карупцыі, неаднаразова пагражалі праблемамі прадстаўнікі мясцовай улады. Месяц таму яго папярэдзілі, што, калі ён ня спыніць сваю дзейнасьць, праблемы будуць з дзецьмі. Цяпер мы бачым, якім нялюдзкім чынам гэтыя праблемы ўвасабляюцца. Аргкамітэт БХД прыкладзе ўсе намаганьні, каб выявіць тых, хто сплянаваў і ажыцьцявіў гэтую расправу над невінаватаю дзяўчынай».

БХД патрабуе ад органаў міліцыі і пракуратуры дзейснага вышуку бандытаў.

12.40 Апэратыўны дзяжурны Упраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Андрэй Дышчанка паведаміў, што міліцыяй распачата праверка, вядуцца сьледчыя дзеяньні.


12.20 Вячаслаў Шэлег адвёз дачку ў траўмапункт. У дзяўчыны падазрэньне на страсеньне мозга.


11.30 16-гадовая Натальля знайшлася ў лесе, зьбітая, абмазаная фарбай, з парванай вопраткай і без абутку. Як распавёў бацька дзяўчыны Вячаслаў, прыкладна каля 6.30 ранку, калі дачка вісела на турніку да яе ззаду нехта падышоў і ударыў моцна па галаве. Натальля згубіла прытомнасьць. Ачнулася яна ў лесе з разьбітай патыліцай. Увесь твар і рукі былі абмазаныя чорнай фарбай, падобнай на тую, якая выкарыстоўваецца пры адбітках пальцаў. У дзяўчына таксама зьнялі і забралі абутак, ключы і мабільны тэлефон. Каля 2 гадзін Натальля блукала па лесе і выйшла на дарогу ў раён Шчаткава каля дзіцячых летнікаў — гэта прыкладна 20 км ад яе дому. Спрабавала спыніць машыну, доўга ніхто не спыняўся. Пасьля спыніўся нейкі чалавек і даў ён мабільны тэлефон. Натальля пазваніла бацьку, які прыехаў за ёй. Цяпер дзяўчына знаходзіцца дома.

27 ліпеня а 6-й гадзіне яна выйшла з хаты на традыцыйную ранішнюю прабежку і не вярнулася. На тэлефон не адказвае.

Вячаслаў Шэлег падаў заяву пра зьнікненьне ў міліцыю. Тая праводзіць апытаньне

Натальлі Шэлег 16 гадоў.

Як паведаміў Радыё Свабода Вячаслаў, 28 чэрвеня ёй пагражалі невядомыя дзецюкі. Казалі, каб ейны бацька спыніў палітычную дзейнасьць.

Па факце пагрозы сям’я Шэлегаў падала была заяву ў міліцыю.

Сам Вячаслаў Шэлег зьвязвае зьнікненьне дачкі з сваёй актыўнай палітычнай дзейнасьцю.

Вячаслаў Шэлег — бабруйскі прадпрымальнік, сябра аргкамітэту па стварэньні партыі Беларускага хрысьціянская дэмакратыя. Балятаваўся ў 2010 годзе ў Магілёўскі аблсавет па Кіраўскай выбарчай акрузе. Пісаў скаргі на парушэньні выбарчага заканадаўства
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG