Тры гады таму рачная плынь падмыла бераг, і вугал яе дома рухнуў у раку. Мясцовыя ўлады абмінаюць гэтае гаротнае месца, ведаючы, што высокае начальства па дарозе на «Дажынкі» ня ўбачыць дом над абрывам.
Цагляная хаціна без аднаго рога літаральна вісіць над дняпроўскай кручай. Рака цячэ мэтраў за дзесяць унізе і гатовая ў любы момант канчаткова прыняць у сваю глыбокую пашчу хаціну 90-гадовай бабулі Шуры. Муж яе, вэтэран вайны Сяргей Новікаў, ужо пакінуў гэты сьвет. Рабіў на чыгунцы, а пасьля — мясцовым бакеншчыкам.
Баба Шура — жывая, усьмешлівая кабета — апавядае: «Во, бачыце, гэта ўжо другую хату змывае. Да нашай другой дабралася — тая была драўляная, дык мы пабудавалі цагляную. Раней тут былі хутары. Перад вайною іх сьсялілі ў вёскі. Пасьля вайны хто дзе хацеў, там і пабудаваўся. Мужа майго жылі бацькі тут — і мы пасяліліся. Тут спачатку стаялі тры нямецкія дзоты-зямлянкі. У адной жылі цыганы, у іншай — мужа майго бацькі са сваякамі, ягонай цёткаю».
Кабета кажа, што Сяргей прывёз яе з Расеі, дзе рабіў на чыгунцы машыністам, а яна — стрэлачніцай. За паўсотні гадоў сумеснага жыцьця выгадавала з мужам сямёра дзяцей. А яшчэ ж рабіла паўвеку — на цагляным заводзе, у саўгасе:
«Сямёра дзяцей выгадавала, ды ня ўсім Бог пажыць даў: сын у Чачні загінуў, дзьвюх дачок машыны зьбілі. Цяпер зь меншым сынам, сёмым па ліку, я й жыву».
Калі рака разбурыла хату, мясцовыя ўлады прапанавалі бабулі ў Жлобіне двухпакаёўку з падменнага фонду з адным вакном. Старая адмовілася:
«Яны давалі такую развалюху, што яе трэба было нанова перарабляць. Дык я сказала: „Жывіце самі там! Ты начальнік — вось і пажыві тут“. Адмовілася і не пайшла. Нікому мы ня трэба — на чорта мы спатрэбіліся ім? Лепш бы дапамаглі хату зрабіць, якую мы пачалі будаваць. А яны кажуць: высяляйцеся адсюль. Яны, відаць, хочуць выселіць, а самі дачы парабіць. Калі я сёньня зьеду, то, пабачыце, дачы тут будуць стаяць. Вунь як забілі вёсачку Красная Горка. Там раней стаяла пяць дамкоў, а цяпер — гарадок. Гараджане дач набудавалі».
Пра тое, што ўлады не дазваляюць дабудаваць драўляны дом, пастаўлены за дзьве сотні мэтраў ад ракі, кажа й сын бабулі, 48-гадовы Аляксандар, ахоўнік тутэйшых геалягічных сьвідравін. Месца тут прыгожае, больш-менш чыстае ад радыяцыі. Нездарма ж сюды за савецкім часам прыяжджалі кожнае лета адпачыць і парыбаліць генэралы, ураджэнцы Жлобіна, супольна з саюзным міністрам шляхоў зносін — нават вагончык прыцягнулі й паставілі па-над Дняпром, паблізу ад радавога гнязда Новікавых.
Апошнюю зіму баба Шура ў сваёй напаўразваленай хаціне не зімавала — жыла ў дачкі ў Менску. Месца ў ацалелым кутку хаціны зь печкай, адгароджаным ад ветру дошкамі ды фанэрай, хапае толькі для сына. А зімаваць у каморцы, прыбудаванай да хлеўчука, дзе нават грубы няма і дзе цяпер сьпіць Аляксандра Мікалаеўна, ніяк не выпадае — замерзьнеш.
Дый боязна:
«Я тут ня сплю — Саша тут сьпіць. Я баюся тут спаць — баюся! Я — у крайнім хлеўчуку. Здарыцца, што абсунецца бераг — і я ўпаду ў Дняпро. А я яшчэ хачу жыць!»
І жыць ў Менску ці іншым горадзе бабуля не зьбіраецца:
«А што я сядзела ў вашым горадзе, у Менску тым? Усе пайшлі на працу, а я сяджу, як шпак — з вакна ды ў вакно. А дома я гаспадыня. Во выйшла й на беразе цэлы дзень. Лодкі плывуць, і ўсе крычаць: «Баба Шура, добры дзень! Баба Шура, добры дзень! Яшчэ жывая?» — «Жывая!» Трэнэр зь дзецьмі едзе ў лодцы й камандуе: «Да бабы Шуры — і ўсё».
У Жлобіне, адкуль даплываюць байдарачнікі, баба Шура даўно не была — харчы прывозяць сын ці дачка, пэнсію — паштальёнка на ровары. Старая толькі правіць гаспадарку — даглядае козаў, качак, індыкоў.
Што набудавалі ў райцэнтры да «Дажынак», старая ня ведае. Спадзеву на тое, што Луцкі сельсавет, да якога належыць вёска Красная Горка з бабулінай сядзібай, ці той жа Жлобінскі райвыканкам зьвернуць хоць якую ўвагу на павіслую над абрывам хаціну, няма.
У бабулі цяпер высьпявае свая стратэгія:
«Гэта трэба да Лукашэнкі ехаць, каб прывезьці і паказаць яму. Калі сёлета я не памру, буду зімаваць у Менску, то схаджу да яго. Пэнсію мне падвысіць, вазьму бутэльку й пайду да яго. Я казала так, дык дзеці сьмяяліся: «Цябе, мама, да Лукашэнкі ня пусьцяць». А я кажу: «Пусьцяць!»