Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шырыня і традыцыі


Гэта была звычайная бочка-кадушка, якую невядомы мастак размаляваў прыгожымі, хаця й трохі нехлямяжымі языкамі полымя. Малюнак быў зроблены на замову валенсійскай Хунты па справах веры, якую ўзначальваў мясцовы біскуп — на двары была першая палова ХІХ стагодзьдзя, і карыстацца сапраўдным агнём ды напаўняць горад смуродам смажанага чалавечага мяса было ўжо неяк не сучасна. Бо інквізыцыя таксама ідзе ў нагу з часам — хай сабе і кульгаючы. А сьляды крыві за ёй падатрэ гісторыя.

Тая агністая кадушка прызначалася для цалкам канкрэтнай асобы і пуставала нядоўга. Два гады перад тым пад Валенсіяй быў арыштаваны настаўнік Каэтана Рыполь, вэтэран вайны супраць францускіх акупантаў, вязень напалеонаўскіх турмаў і, як высьветлілася, ня надта добры каталік, які «адгаворваў вучняў хадзіць у царкву да малітвы, прычасьця і споведзі». Два гады яго пераконвалі кінуць дурное. «Я веру ў Бога, але не хачу быць каталіком», — цярпліва тлумачыў Рыполь. Праз два гады цярпеньне скончылася, але не ў настаўніка, а ў сьвятых айцоў.

26 ліпеня Каэтана Рыполь быў урачыста павешаны на галоўнай плошчы Валенсіі. Інквізыцыі, якая справядліва лічыла сябе канторай з традыцыямі, гэтага, вядома, было замала. Пасьля таго, як доктар канстатаваў сьмерць, труп настаўніка быў зьмешчаны ў тую размаляваную кадушку і ў такім выглядзе закапаны там, дзе хаваюць самагубцаў і адлучаных ад царквы. Рыполь быў сымбалічна спалены — але зусім не сымбалічна забіты: лібэралізацыя, мадэрнізацыя і дыялёг з Захадам у адной кадушцы. Яшчэ і дровы зэканомілі.

Спапялёнаму ў ачышчальным гуашавым агні Каэтана Рыполю было наканавана зрабіцца апошняй ахвярай гішпанскай інквізыцыі. Пасьля ягонай сьмерці пра тое, што інквізыцыя — гэта архаічна, негуманна і негігіенічна, загаварыў увесь сьвет. Кароль Фэрдынанд VII быў нават вымушаны адмяніць злавесныя хунты — але інквізыцыя як інстытут была скасаваная ў Гішпаніі толькі празь дзевяць гадоў, пасьля сьмерці караля. Незадоўга да таго, як з Барсэлёны выправіўся першы гішпанскі паравоз. Па чыгунцы, каляіна якой шырэйшая за эўрапейскую — зусім як у нас, нават яшчэ шырэйшая.

Карыда ў Гішпаніі не забароненая дагэтуль. Вось што значыць вернасьць традыцыям. Каляінам, кадушкам і каралю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG