«Эдвард Сноўдэн і Джуліян Асанж топчуць свабоду, хоць і сьцьвяржаюць, што абараняюць яе», піша ў гішпанскай газэце El Pais пэруанскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Марыё Варгас Льёса..
Эдвард Сноoден стаў апошнім героем прагрэсіўна-журналісцкай ўседазволенасьці і такіх бліскучых змагароў свабоды слова і права на крытыку, якімі зьяўляюцца балівійскі прэзыдэнт Маралес і нікарагуанскі камандантэ Артэга, якія пасьпяшаліся прапанаваць яму прытулак, а таксама прэзыдэнт Эквадору Рафаэль Карэа, дзе парлямэнт толькі што прыняў самы страшэнны ў паўднёваамэрыканскай гісторыі закон аб друку.
У чым палягае гераізм Сноўдэна? У тым, што ён парушыў прынятае ім перад дзяржавай, на якую ён працаваў, абавязальніцтва аб неразгалошваньні канфідэнцыйнай інфармацыі і расказаў усяму сьвету пра тое, што ЗША вядуць перахоп прыватных перамоваў і лістоў грамадзянаў, умешваючыся такім чынам у прыватнае жыцьцё тысяч і тысяч сем’яў, прычым ня толькі амэрыканскіх, але і з дружалюбных краін, у тым ліку сваіх заходнеэўрапейскіх саюзьнікаў.
Паводле прыхільнікаў Сноўдэна, гэта парушэньне абавязальніцтваў робіць яму гонар, паколькі дзякуючы непадпарадкаваньню былога супрацоўніка ЦРУ сусьветнай грамадзкасьці стала вядома пра грубыя парушэньні недатыкальнасьці прыватнага жыцьця людзей, права на якое замацаванае ў Канстытуцыі ЗША і ўсіх дэмакратычных краін.
Думаю, што гэтыя аргумэнты (і спадарожнае імі абурэньне) у найлепшым выпадку наіўныя, адарваныя ад рэчаіснасьці, а ў горшым — крывадушныя. З моманту існаваньня выведак хіба яны калі-небудзь займаліся чым-небудзь іншым, акрамя ўварваньня ў прыватнае жыцьцё грамадзян сваіх уласных і замежных краін? Яны робяць гэта пры дыктатарскіх рэжымах і ва ўмовах дэмакратыі. Розьніца палягае ў тым, што пры дыктатарскіх рэжымах гэта не караецца ніколі, а ва ўмовах дэмакратыі ў асобных выпадках караецца, калі падобныя дзеяньні выклікаюць вялікі скандал ці калі справа даходзіць да суду, які патрабуе пакараць вінаватых. Дарэчы, на падставе дадзеных, якія абнародаваў Сноўдэн, Кангрэс ЗША прызначыў спэцыяльную камісію па расьследаваньні гэтай справы.
Справа ў тым, што Сноўдэн не паведаміў нічога прынцыпова новага, хоць, вядома, мала хто мог уявіць сабе маштаб перахопаў. Маштабы ўмяшаньня ў прыватнае жыцьцё не былі такімі значнымі ў мінулым, па той простай прычыне, што тады не існавала гэтак перадавых камунікацыйных тэхналёгій, як цяпер. Навукова-тэхнічны прагрэс даў у рукі выведслужбам вельмі небясьпечную цацку, якая нясе ў сабе пагрозу ня толькі для праціўнікаў дэмакратыі, але і для самога прынцыпу свабоды і яе прадстаўнічых установаў.
Калі мы выступаем за тое, каб спыніць шпіянаж, то я гатовы пад гэтым падпісацца. Гэты занятак прывабна выглядае толькі ў раманах і на экране. У рэчаіснасьці справа гэта вельмі брудная, таму што заўсёды праходзіць па хісткай мяжы паміж законам і беззаконьнем.
На жаль, пакуль вядуцца войны, існуе пагроза войнаў і рэлігійнага і ідэалягічнага тэрарызму, практычна немагчыма разьлічваць на тое, што дэмакратычныя дзяржавы спыняць весьці дзейнасьць, ад якой у немалой ступені залежыць іх бясьпека, спыняць эфэктыўныя захады, скіраваныя на прадухіленьне такіх страшных тэрактаў, як зьнішчэньне Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку ці падрыў прыгараднай электрычкі на мадрыдзкім вакзале Аточа.
У адрозьненьне ад таго, што адбываецца пры дыктатарскіх рэжымах, у свабодных краінах, такіх як ЗША, існуе незалежнае правасудзьдзе, свабодная прэса, прадстаўнічы Кангрэс і бясконцае мноства праваабарончых арганізацый, здольных асудзіць такія правапарушэньні і паспрабаваць іх выправіць. Дык чаму ж Эдвард Сноўдэн ня выбраў гэты законны шлях замест таго, каб і самому таптаць законнасьць і рабіцца такім чынам прыладай аўтарытарных і таталітарных рэжымаў, якія выкарыстоўваюць яго для нанясеньня ўдару па «імпэрыялізьме»? Ірваць на сабе адзеньне ў імя свабоды і нейкіх правоў, якія гэтыя самыя рэжымы топчуць без найменшага сумневу? Яго выпадак вельмі падобны на сытуацыю вакол Джуліяна Асанжа, які пагарджае нормамі правасудзьдзя дэмакратычных краін і адмаўляецца адказваць за прад’яўленыя яму абвінавачваньні ў сэксуальным дамагальніцтве ў Швэцыі, адной з самых дэмакратычных краін. І пры гэтым ён хоча працягнуць свой крыжовы паход за свабоду з Эквадору, дзе найменшая праява свабоды слова караецца штрафам, турэмным зьняволеньнем або канфіскацыяй маёмасьці, пра што паведамляюць у апошні час асацыяцыі незалежных журналістаў па ўсім сьвеце.
Права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця ўжо даўно зьнікла ў нашым сьвеце. Яшчэ да выведслужбаў яго растапталі жоўтая прэса і глямурныя часопісы, жорсткасьць палітычных спрэчак, падчас якіх дзеля зьнішчэньня праціўніка без ваганьняў выкарыстоўваліся самыя інтымныя падрабязнасьці яго жыцьця, а таксама гарачае жаданьне чытачоў улезьці ў прыватнае жыцьцё знакамітасьцяў, каб задаволіць сваю цікаўнасьць і даведацца сакрэты любоўных прыгодаў, сямейных скандалаў, заганных захапленьняў, інтрыг, сумнеўных сувязяў, гэта значыць, усяго таго, што раней лічылася нявартым выносіць на суд грамадзкасьці. У цяперашнія часы водападзел паміж асабістым і грамадзкім значна размыты, і хоць і існуюць законы, якія быццам бы і абараняюць недатыкальнасьць прыватнага жыцьця, вельмі мала людзей зьвяртаюцца ў суд з пазовамі аб яе абароне, разумеючы, што верагоднасьць выйграць іх невялікая.
Такім чынам, хоць па звычцы мы і ўжываем слова «скандал», рэчаіснасьць настолькі выпусташыла яго традыцыйны зьмест, што ён стаў сынонімам лёгкай і цалкам прымальнай забавы.
Ня мае асаблівага сэнсу рабіць са Сноўдэна гераічнага рыцара свабоды, які распавёў, што ня толькі хатнія гаспадыні і чыноўнікі штодня парушаюць недатыкальнасьць прыватнага жыцьця грамадзянаў, чытаючы часопісы, праслухоўваючы або гледзячы па тэлевізары праграмы, створаныя выключна з мэтай парушыць гэтую асабістую недатыкальнасьць (гэта стала прама-такой адной з самых вялікіх інфармацыйных забавак у нашы дні), але таксама і супрацоўнікі спэцслужбаў. У ходзе апытаньняў грамадзкай думкі, праведзеных у ЗША па справе Сноўдэна, большасьць выказалася за тое, каб амэрыканскія спэцслужбы перахоплівалі прыватныя размовы і перапіску. Баюся, што такім жа чынам адрэагуе грамадзкасьць і пераважнай большасьці іншых дэмакратычных краін, якія жывуць, падобна ЗША, у стане сталай пагрозы тэрактаў з боку такіх арганізацый, як «Аль-Каіда», якія толькі і думаюць пра тое, як бы зьнішчыць «Вялікага шайтана». У гэтую катэгорыю яны ўключаюць ўсе сьвецкія краіны заходняй дэмакратыі.
Існуе небясьпека таго, што такая рэчаіснасьць нанясе шкоду ўсім дэмакратычным інстытутам. Аднак шкоду ім наносяць і прапагандысты, якія выпустошваюць паняцьце свабода слова, пераўтвараючы яго ў безадказную ўсёдазволенасьць.
Свабода і законнасьць у роўнай ступені важныя для жыцьцядзейнасьці дэмакратыі, і выкарыстаньне свабоды на шкоду законнасьці можа быць апраўданае толькі ў тых краінах, дзе апошняя ўступае ў супярэчнасьць зь першай, абмяжоўваючы або ўціскаючы яе. Няпраўда, што ў такіх краінах, як ЗША ці Швэцыя, законнасьць дэградавала настолькі, што толькі парушыўшы яе, можна выканаць прынцыпы свабоды. Ні Эдвард Сноўдэн, ні Джуліян Асанж не зьяўляюцца сьцяганосцамі свабоды.
У рэчаіснасьці, яны топчуць свабоду, хоць і сьцвяржаюць, што абараняюць
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны пераклад парталу Inosmi