Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: Парфянкова і Яроменка могуць прызнаць палітвязьнямі


Васіль Парфянкоў і Ўладзімер Яроменак, якім пагражае да году пазбаўленьня волі, будуць прызнаныя палітвязьнямі ў выпадку, калі іх асудзяць і кінуць за краты.

Пра гэта гаворыцца ў заяве праваабарончага цэнтру «Вясна», распаўсюджанай 16 ліпеня.

12 ліпеня Першамайскі раённы аддзел Сьледчага камітэту паведаміў былому палітвязьню Васілю Парфянкову пра ўзбуджэньне супраць яго крымінальнай справы за парушэньні ўмоваў прэвэнтыўнага нагляду, устаноўленага судом Першамайскага раёну Менску. Такое абвінавачаньне ўжо другое па ліку. У траўні 2012 году Парфянкоў быў пакараны 6 месяцамі турэмнага арышту.

Васіль Парфянкоў
Васіль Парфянкоў
Уладзімер Яроменак
Уладзімер Яроменак
16 траўня крымінальная справа з абвінавачаньнем у парушэньні ўмоваў прэвэнтыўнага нагляду была распачата ў дачыненьні і да былога палітвязьня, актывіста «Маладога фронту» Ўладзімера Яроменка.

«Вясна» расцэньвае крымінальны перасьлед Парфянкова і Яроменка як «выключна палітычна матываваны, зьвязаны з імкненьнем уладаў спыніць іх актыўнасьць, а таксама з жаданьнем запалохаць іншых палітычных і грамадзкіх актывістаў».

«У выпадку прызнаньня іх вінаватымі і асуджэньня да фактычнага пазбаўленьня волі яны будуць прызнаныя палітычнымі зьняволенымі», — гаворыцца ў заяве «Вясны».

Праваабарончы цэнтар патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, спыненьня крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да Васіля Парфянкова і Ўладзімера Яроменка і зьняцьця судзімасьці з усіх незаконна асуджаных па палітычных матывах, што будзе расцэнена як крок да іх рэабілітацыі і дазволіць працягнуць грамадзка-палітычную дзейнасьць.

Васіль Парфянкоў быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыяў падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. У жніўні 2011 году ён быў вызвалены паводле прэзыдэнцкага ўказу аб памілаваньні.

Уладзімер Яроменак за ўдзел у акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 14 траўня 2011 году быў асуджаны судом Партызанскага раёну Менску на 3 гады пазбаўленьня волі паводле ч. 2 арт. 293 КК РБ, у жніўні таго ж году — памілаваны згодна з указам прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG