Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом для мільярдэра Пефціева


Да навасельля рыхтуецца адзін з самых заможных і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі — у Раўбічах пад Менскам завяршаецца будоўля дому прэміюм-клясы для мільярдэра, праўладнага алігарха Ўладзімера Пефціева.

Вонкава жыльлё ўжо гатовае, цяпер заліваецца бэтонам аўтаномная пад’язная дарога, завозіцца мэбля і абсталяваньне, тэрыторыя абрастае зялёнымі пасадкамі з туі ды іншай асыміляванай флёры.

На вуліцы Земляничная навабуд Пефціева значыцца пад нумарам 1. Ён сапраўды першы ўва ўсіх сэнсах — як з гледзішча адметнасьці архітэктуры, так і маштабнасьці ўсяго праекту. Будынак стылізаваны пад швайцарскае шале, але туды ўкліньваюцца элемэнты ў стылі хай-тэк.



Увасабленьнем задумаў займаюцца спэцыялісты з Латвіі. Кантроль працэсу ажыцьцяўляюць міністэрскага выгляду прарабы, якія некалькі разоў на тыдзень ладзяць тут апэратыўныя «лятучкі». Канчатковая прыёмка — за мужам і жонкай Пефціевымі, якія раз-пораз сюды наведваюцца.

Прыблізная плошча аб’екта — блізу 2 тысяч квадратных мэтраў. За шкляной сьцяной — стацыянарны басэйн, ёсьць месца для зімовага саду; ніжнія паверхі выконваюць гаспадарча-тэхнічныя функцыі. Асобна стаіць гасьцявы домік з лазьняй. Да бунгала вядзе адмысловая дарога, абмінаючы суседзкія катэджы. Уся тэрыторыя агароджаная шкляным плотам — ноў-хаў для беларускага рынку нерухомасьці. Штодня грузавікі падвозяць складнікі будучага камфортнага жыцьця — дрэвы, мэблю, тэхнічныя сродкі.



Застаецца загадкай, чым выклікана цікавасьць мільярдэра да Раўбічаў. У вёсцы няма нават мінімальнай інфраструктуры — адзінае сельпо са стандартным наборам харчоў, сумнеўнай чысьціні азёрны пляж, зусім ня зорныя суседзі. З праяваў цывілізацыі — толькі вучэбны цэнтар Нацыянальнага банку. Але лазьню ды більярд Пефціеў сабе можа дазволіць і без таго. Што рабіць доўгімі зімовымі вечарамі?

Незалежны журналіст Раман Якаўлеўскі днямі наведаўся ў Раўбічы ў пошуках іншай знакавай асобы — зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які, калі верыць чуткам, атрымаўшы беларускае грамадзянства, набыў тут элітны дом. Аднак гутаркі з тутэйшымі жыхарамі прывялі да іншай сядзібы:

​«Мясцовыя падказалі самы арыгінальны будынак у акрузе — мабыць, бакіеўскі. Але высьветлілася, што насамрэч дом пефціеўскі і ён яшчэ недабудаваны. Самае моцнае ўражаньне, вядома, ад шклянога плоту. Таксама тое, што да дому будуецца асобная дарога. Сам па сабе будынак вельмі арыгінальны, уражаньне, што, мабыць гаспадар мае непасрэднае дачыненьне да праектаваньня. Бо палёт фантазіі, трэба сказаць, цікавы. Таксама шчыра зьдзівіла, што няма ніякай спэцыяльнай аховы. Зрэшты, кажуць, што гэта не адзіны маёнтак вядомага алігарха, і падаецца, што гэта будзе своеасаблівы дом прыёмаў для ягоных блізкіх сяброў ці нейкіх заежджых VIP-пэрсонаў. У любым выпадку нічога падобнага ў Раўбічах няма. Ня ведаю, як у Драздах, бо туды проста так ужо ня трапіць, але тут, дзякуй богу, яшчэ пагуляць можна. Праўда, падаецца мне, што ўсё гэта часова, могуць забараняльную мяжу правесьці і тут».



Паводле зьвестак інфармаваных крыніцаў, на рэалізацыю арыгінальнага праекту ўжо пайшло блізу 5 мільёнаў даляраў — гэта без уліку ўнутранага і навакольнага аздабленьня. На думку аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, ня выключана, што пад фініш сума як мінімум падвоіцца:

«Пасьля сумнавядомага крызісу 2011 году, паводле наяўнай інфармацыі, гэты маёнтак ужо некалькі мільёнаў даляраў каштаваў. А ўжо цяпер, калі ўлічваць усе інфляцыі, абясцэньваньні ды іншыя працэсы на фінансавым рынку, дык можна прыкінуць, што па кошце ня будзе саступаць і прэзыдэнцкаму палацу. То бок не абавязкова прэзыдэнт самым багатым мусіць быць. Таму ў гэтым сэнсе Пефціеў са сваім „домікам“ ніяк не саступае ані славутым расейскім, ані ўкраінскім алігархам».



Заходнія мэдыі называюць Пефціева «кашальком сям’і Лукашэнкаў». У чэрвені 2011 году ён першы зь беларускіх бізнэсоўцаў трапіў пад эўрапейскія санкцыі. Уезд у Эўразьвяз яму забаранілі, а актывы трох вядучых кампаніяў — «Бэлтэхкэспарт», «БТ Тэлекамунікацыі» і «Спорт Пары» — замарозілі. У «чорным сьпісе» Эўразьвязу Пефціеў фігуруе як «галоўны эканамічны дарадца Лукашэнкі» і «ключавы спонсар рэжыму». Аляксандар Лукашэнка адрэагаваў рэзка: ініцыятараў падобнага рашэньня назваў «нягоднікамі і падонкамі». Сёлета санкцыі зь «Белтэхэкспарту» былі зьнятыя, аднак за два апошнія гады міжнародны бізнэс Пефціева аказаўся пад ударам. Пакуль не далі плёну і спробы абскардзіць абмежаваньні праз эўрапейскія суды.



Паводле ацэнак аналітыкаў, асноўны капітал Уладзімер Пефціеў нажыў на збройных кантрактах. Кампанія «Белтэхэкспарт» — найбуйнейшы апэратар у зьнешніх пастаўках ваеннай і спэцыяльнай тэхнікі, інвэстыцыйны агент ураду Беларусі ў галіне ваенна-прамысловага комплексу. Філіі «Белтэхэкспарту» працуюць у Індыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, іншых краінах. Актывы Пефціева ўкладзеныя і ў іншыя разнапрофільныя кампаніі: «БТ Тэлекамунікацыі» (інавацыі, будаўніцтва, фінансавы лізінг), СП «Дзелавая сетка» (інтэрнэт-правайдэр), «Спорт-пары» (лятарэйны бізнэс), Малінаўшчызьненскі сьпірта-гарэлачны завод «Аквадзіў» (вытворчасьць лікёра-гарэлачных напояў). Апроч таго, Пефціеў — акцыянэр «Белзьнешэканомбанку» і «Прыёрбанку», інвэстар у Аршанскі авіярамонтны завод, стратэгічны партнэр у будоўлі заводу комплексных угнаеньняў у Катары. Ён жа — інвэстыцыйны агент па правядзеньні хакейнага чэмпіянату сьвету-2014, сябра Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG