Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек з кашальком і надзеяй


Інтэрвію міністра замежных спраў Швэцыі Карла Більдта, якое ён даў ня так даўно Радыё «Свабода», нарабіла шмат шуму ў беларускіх апазыцыйных колах: маўляў, вось Эўропа адыходзіць ад сваёй пазыцыі, і Лукашэнка атрымлівае за вызваленьне дваіх палітвязьняў зьняцьце санкцый.

Але ці то нашы калегі па апазыцыі чытаць ня ўмеюць, ці то яны спадара Більдта лічаць зусім круглым ідыётам — якім ён, усё ж такі, як я мяркую, не зьяўляецца. Бо ў тым жа інтэрвію ён выразна адказаў на два пытаньні. Першае — калі Эўропа палічыць, што вызваленыя ўсе палітвязьні. Більдт адказаў: мы самі зразумеем, што палітвязьняў у Беларусі больш няма. Як ні кажыце, але відавочна, што кіраўнік швэдзкага зьнешнепалітычнага ведамства пакідае за сабой і сваімі калегамі зь іншых эўрапейскіх МЗС магчымасьць пашыраць сьпіс у залежнасьці ад таго, ці ёсьць сапраўды палітычныя матывы пры арыштах і судах над тымі або іншымі асобамі — скажам, як у выпадку з Сяргеем Каваленкам.

І другое пытаньне: ці будуць зьнятыя санкцыі пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Адказ дакладны, у адрозьненьне ад папярэдняга: так, будуць — тыя, якія былі прынятыя пасьля 19 сьнежня.

Не зразумелі? Тлумачым. Значная частка сьпісу неўязных была сфармаваная яшчэ да 19 сьнежня 2010 году. Прычым у сьпіс гэты ўваходзілі прадстаўнікі ўсіх катэгорый, аб якіх мы раней вялі размову. Усіх — акрамя адной. Туды не траплялі «кашалькі ўлады»: прадстаўнікі праўладнай бізнэс-эліты атрымалі свае «чорныя меткі» толькі ў гэтым палітычным сэзоне. А, значыць, менавіта пра іх, уласна кажучы, гаворка і ідзе.

Гэтых людзей няшмат. У «чорным сьпісе» — наогул чацьвёра, калі лічыць часткай «сямейнага» бізнэсу дзейнасьць прэзыдэнцкага спартовага клюбу, кіраванага Дзьмітрыем Лукашэнкам, які таксама атрымаў сваю «метку». І акрамя яго — Уладзімер Пефціеў, Юрый Чыж і Аляксандр Тарнаўскі.

Кажуць, што акрамя гэтай чацьвёркі ў сьпісе павінна было быць яшчэ адно імя — аднаго з уладальнікаў фірмы «Санта Брэмэр». Але ходзяць чуткі, што гэты шаноўны джэнтэльмэн пачаў своечасова мітусіцца: нібыта бачылі, як ён уваходзіў зь невялікім дыпляматам у адно з пасольстваў Эўразьвязу, якое было «ў гульні». І як выходзіў — з тым жа дыпляматам, але і з усьмешкай на твары. А Чыж, маўляў, не мітусіўся — вось і пагарэў.

На самай справе так было ці нядобразычліўцы распускаюць чуткі, сёньня, баюся, мы ўжо не даведаемся. Таму і ня будзем гадаць аб пэрсанальным складзе тых, хто «метку» па той альбо іншай прычыне не атрымаў. Пагаворым аб тых, хто атрымаў.

«Метка» для Пефціева была «меткай» для ўсяго буйнога бізнэсу Беларусі, шчыльна зьвязанага з Расеяй. Бо не сакрэт, што ў Эўропе абмяркоўвалі і магчымасьць увядзеньня санкцый супраць «Белтрансгазу»: маўляў, у Расеі ёсьць і альтэрнатыўны шлях транспарціроўкі газу ў Эўропу, так што нічога асабліва сур’ёзнага ня здарыцца, калі яна адмовіцца ад беларускага газавага транзыту. Тады гэтая чутка, якая далятала з надзейных крыніц у эўрабюракратыі, стала адным з моцных інструмэнтаў псыхалягічнага ціску на беларускае кіраўніцтва з мэтай продажу расейскаму манапалісту беларускай газавай трубы. Аргумэнт быў просты: расійскаму ўласьніку ад эўрапейскіх санкцый ні цёпла, ні холадна. А так трубе грош цана будзе — і то ў кірмашовы дзень. І «Белтрансгаз» тэрмінова прадалі. Не адзіная, вядома, прычына, але і яна мела месца.

Бізнэс Уладзімера Пефціева у аснове сваёй ўсё ж такі не вытворчы. Ён — перапродажны. Уладзімер Паўлавіч вядомы як буйны прадавец расейскай зброі. І кропкавае трапляньне «меткі» у пефціеўскую імпэрыю, кажуць, мела яшчэ адну мэту: амэрыканцам вельмі хацелася (нібыта), каб Пефціеў пагадзіўся выступіць сьведкам па справе расейскага зброевага барона Віктара Бута. Але Пефціеў, добра вядомы сваёй асьцярожнасьцю, зразумеў, што яму, у прынцыпе, ня ўсё роўна, хто яму гэтую самую «чорную метку» выпіша. Ну, ня будзе ён уязным ў Аўстрыю — затое і расейскія партнэры умацуюцца ў сваім даверы да яго, і жывы, дай Бог, застанецца. Бо ў адваротным выпадку ніякая праграма аховы сьведкаў можа не дапамагчы. Ня будзь Бут Бутам: сам сябе з балота за валасы выцягнуць ня зможа (тым больш — амэрыканскага), а вось іншага ўтапіць — за мілую душу. Дастаткова проста адмовіць у пастаўках зброі ў Беларусь або абмежаваць іх.

Так што, калі і праўда тое, што казалі злыя языкі, шантаж не падзейнічаў. Але і далёкасяжных наступстваў для беларускага народу санкцыі супраць Уладзімера Пефціева ня мелі і мець не маглі. А вось эліта зразумела ўсё правільна. Расея пагаршаць ваша становішча ня будзе, але і дапамагаць таксама. Як у прынцыпе не дапамагла Пефціеву. Выратаваньне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў.
Зрэшты, Пефціеў сябе тапельцам наўрад ці лічыць. Ва ўсякім выпадку, прынцыповым для яго зьяўляецца менавіта выратаваньне ўласнымі рукамі. Гэта, дарэчы, спарадзіла легенду пра тое, што менавіта Уладзімер Паўлавіч паспрабаваў дзейнічаць двума цалкам звыклымі для буйных бізнэсоўцаў постсавецкай прасторы спосабамі. Першы — пусьціўшы наперад сябе «меншага брата», дакладней, «сястру» — экс-намесьніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Ганну Шадрыну, якая нібыта пачала судовы працэс за выкрэсьліваньне сябе з «чорных сьпісаў», паколькі ўнясеньне яе ў гэтыя сьпісы было беспадстаўным. Легенда гэтая нават набыла некаторую ўстойлівасьць, бо ніхто не спрабаваў узяць камэнтар з гэтай нагоды ні ў самога Пефціева (да яго яшчэ дабрацца трэба!), ні ў Ганны Шадрынай... Хаця — што б яна ні адказала, хто б ёй паверыў? Апазыцыйнаму сэктару беларускага грамадзтва ахвяры патрабуюцца ніяк ня ў меншай ступені, чым уладам — толькі ў апошніх ёсьць магчымасьць рэальна арганізоўваць ахвярныя кровапраліцьці.

Другі спосаб, які нібыта таксама скарыстаў Пефціеў, мае яшчэ больш традыцыйны характар. Імя яму — мільён. Менавіта гэтую суму, па словах некаторых палітычных эмігрантаў, прапаноўваў нібыта прадстаўнік Уладзімера Паўлавіча за тое, каб самая ідэя сьпісаў была тарпэдаваная на агульнаэўрапейскім узроўні. І хоць тыя, каму, па словах крыніц гэтай плёткі, сума гэтая прапаноўвалася, усяляк адкідаюць самы факт, я асабіста амаль паверыў у тое, што якраз факт меў месца. Можа быць, з некалькі іншым складам удзельнікаў. Але — мог. Хаця б таму, што аналягічную суму называў адзін наш выдатны грамадзкі дзеяч, які зьвярнуўся да мяне па параду: ці варта яе браць за падобную паслугу. Я шчыра ня раіў, пра што амаль шкадую. Карта наўрад ці згуляла б і ў гэтым варыянце, але можна было і чарку лішнюю выпіць — чым чорт не жартуе?

З Юрыем Чыжом сытуацыя нашмат больш складаная. У адрозьненьне ад бізнэсу Пефціева, яго бізнэс значна больш разгалінаваны, разнастайны, і залежыць у тым ліку і ад рэпутацыі. Зброя — яна і ёсьць зброя, асобы, якія купляюць яе па «шэрых схемах», пэўна ведаюць, з якімі менавіта сіламі маюць справу. І ўжо калі маюць гэтую справу — то ці ня ўсё роўна, што пра партнэра думае міністар замежных спраў, скажам, Люксэмбургу або Мальты?

А вось будаўніцтва, інвэстыцыі, рэстаранны бізнэс... Нават гандаль нафтапрадуктамі... Калі ўсё гэта складае бізнэс людзей рангу Алены Батурынай (чытай: Юрыя Лужкова часоў яго мэрства) або Барыса Беразоўскага, партнэры вымушана заплюшчваць вочы на чуткі, якія ходзяць вакол цябе. Але вось калі ты жывеш не ў неабсяжнай Расеі, дзе ўвесь бізнэс робіцца рукамі такімі ж чыстымі, як і твае, і маеш справу, скажам, не з «Брытыш Пэтролеум», а ў Беларусі і маеш зносіны з невялікімі (у сусьветным маштабе) фірмамі зь невялікіх (нават у эўрапейскім маштабе) краінаў... Напрыклад, са славенскім — або нават латвійскімі фірмамі. Зразумела, у Эўропе галасаваньне ідзе па прынцыпе «Адна краіна — адзін голас». І Славенія або Латвія цалкам могуць абараніць цябе. І будуць абараняць цябе — да таго часу, пакуль нямецкі або брытанскі партнэр іх ўраду не растлумачыць, што ёсьць пэўныя — вельмі пэўныя — прынцыпы, якімі бабулька Эўропа ўсё ж даражыць. І стаіць іх на варце... Так што ці не будзе такі ласкавы, паважаны прэм’ер, растлумачыць свайму міністру, скажам, транспарту ці эканомікі і гандлю, сутнасьць гэтых самых прынцыпаў ...

І — тлумачаць.

І шчыт адсоўваецца ў бок, а на цябе пачынае ліцца халодны дождж санкцый.

Пефціеву — усё роўна. Чыжу — ня ўсё роўна. Яго бізнэс, у адрозьненьне ад пефціеўскага, ня ёсьць «бізнэс на ўсе часы». Яму трэба думаць аб будучыні. І гаротнае расчараваньне Юрыя Аляксандравіча ў эўрапейскіх каштоўнасьцях («сукі! За што?!») адначасова амаль супадае з горкім роздумамі пра лёс уласнай радзімы і ўласнага бізнэсу («Бл..., ну што Ён ўпарціцца, ну выпусьціў бы гэтых прыдуркаў — колькі іх там?! »).

А Ён — усё не выпускае. Усе ўпарціцца.

Зразумела, што прозьвішча «Чыж» можна запісаць лацінскімі літарамі васьмю рознымі спосабамі, што можна адбудаваць новыя схемы, зарэгістраваўшы новыя фірмы і — нават! — знайшоўшы новых партнэраў. Але ўсё гэта патрабуе часу, а не толькі дадатковых выдаткаў. І потым: лыжачкі срэбныя знойдуцца, а асадачак ўсё роўна застанецца. Менавіта таму Чыжу варта паспачуваць. Ці наадварот — парадавацца за яго. Таму што заява міністра Карла Більта дае яму надзею: выблытацца з сытуацыі, якая склалася, з найменшымі маральнымі выдаткамі. Свабодны бізнэс Чыжа ў Эўропе будзе выкуплены цаной свабоды беларускіх палітвязьняў. Нічога ня зробіш, свабода цэніцца дорага.

Пытаньне у няпэўнасьці самай надзеі.

Ніхто ж не сказаў, колькі менавіта трэба выпусьціць гэтых самых палітвязьняў, каб Чыжа ўпусьцілі ў Эўропу. Як заўсёды, публічна не агучаны на колькі-небудзь высокім эўрапейскім узроўні поўны сьпіс тых, каго эўрапейскія лідэры лічаць палітычнымі зьняволенымі. У кулюарах высьвятляецца, што, напрыклад, беларускія палітыкі і праваабаронцы да гэтага часу разыходзяцца ў меркаваньнях наконт статусу «бабруйскай тройкі» маладых нефармалаў, чамусьці названых анархістамі. І калі ў нас у беларускім дэмакратычным істэблішменце няма згоды з гэтай нагоды, то што павінна рабіцца ў галовах няшчасных эўрапейцаў? ..

А з гэтага вынікае...

А з гэтага вынікае, што надзея Чыжа і іншых «райскіх птушак», якія прыносяць залатое збожжа беларускаму рэжыму, таксама зманлівая. Бо ў «чорны сьпіс» лёгка патрапіць — але вось выйсьці адтуль, як і ў цэлым зьнішчыць гэты самы сьпіс — цяжка. Бо, калі хтосьці ў Эўропе лічыць, што палітвязьняў у беларускіх калёніях засталося дванаццаць, хтосьці цалкам слушна даводзіць іх лік да пятнаццаці. А там, таго і глядзі, куляшоўскія дубаломы пастараюцца, і сьпіс тых, пра чый лёс клапоціцца Эўропа, будзе пашыраны.

А за гэтым будзе пашыраны і той сьпіс, які сур’ёзна пачаў непакоіць беларускія ўлады. Бо Чыж ў клетцы і тое — сьпявае толькі тады, калі вясёлы. А тут ужо не да весялосьці. І не да песень.

Тым больш, што ў друку пачалі пагрозьліва гучаць іншыя прозьвішчы «лукашэнкаўскіх алігархаў» — напрыклад, саўладальніка «Амкадору» Аляксандра Шакуціна. І пагроза пашырэньня сьпісу «неўязных» цалкам можа апынуцца больш эфэктыўнай — у дадзенай канкрэтнай яго часткі, — чым рэальнае яго пашырэньне.

Беларускі вальер можа быць колькі заўгодна камфартабэльны, багата упрыгожаны, і корм у ім могуць даваць тры разы на дзень. Але, адзін хрэн, корм той — калі ты ня можаш лятаць свабодна — будзе табе кшталту таго, чым кормяць у «амэрыканцы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG