Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справаздачу Палецкіса па Беларусі зноў разглядаюць у Брусэлі


8 ліпеня Камітэт міжнародных спраў Эўрапейскага парлямэнту ў другім чытаньні разгледзіць справаздачу па Беларусі, якую падрыхтаваў сябра Эўрапарлямэнту, спэцыяльны дакладчык па Беларусі, дэпутат зь Літвы Юстас Палецкіс.

Гэтую справаздачу спадар Палецкіс зрабіў па выніках сваёй паездкі ў Менск 18–21 сакавіка.

Пасьля абнародаваньня першапачатковага варыянту дакумэнта беларускія апазыцыянэры і праваабаронцы абурыліся той яго часткай, дзе цьвердзілася, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе палепшылася. Дакладчык у адказ заявіў, што такую інфармацыю ён нібыта атрымаў ад саміх праваабаронцаў.

Пазьней, 24 траўня, падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце нашага радыё Юстас Палецкіс прызнаў: фармулёўка пра «паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека» ў ягонай справаздачы сапраўды няўдалая і будзе зьмененая.

Калегі спэцдакладчыка з Эўрапарлямэнту таксама крытычна паставіліся да першага варыянту справаздачы. Яны падалі больш за 300 дапаўненьняў і прапановаў.

У крытычным ключы прайшоў і разгляд праекту справаздачы ў першым чытаньні. А сёньня прадстаўнікі ўсіх фракцыяў Эўрапарлямэнту, так званыя ценявыя дакладчыкі, выкажуцца пра дакумэнт яшчэ раз. І ўрэшце, пасьля сёньняшняга абмеркаваньня, праект рэзалюцыі вынесуць на агульнае галасаваньне падчас восеньскай сэсіі Эўрапарлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG