Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце абмеркавалі справаздачу Палецкіса


Юстас Палецкіс
Юстас Палецкіс

Абмеркаваньне справаздачы па Беларусі 30 траўня на пасяджэньні Камітэту замежных спраў Эўрапарлямэнту ў Брусэлі было гарачым і эмацыйным.

Пра гэта паведаміў БелаПАН аўтар справаздачы Юстас Палецкіс.

«Я чакаў гарачай і эмацыйнай дыскусіі пры абмеркаваньні дакладу. Так і было», — сказаў Палецкіс.

Нагадаем, даклад быў падрыхтаваны для Эўракамісіі, Рады ЭЗ і Службы зьнешніх дзеяньняў Эўракамісіі па выніках візыту Юстаса Палецкіса ў Менск 18–21 сакавіка і выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Прадстаўнікі апазыцыі і праваабаронцы абурыліся, што ў ім сказана пра паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс, у сваю чаргу, сьцьвярджаў, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце Радыё Свабода 24 траўня Палецкіс прызнаў: фармулёўка пра «паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека» ў справаздачы няўдалая і будзе зьменена.

У ходзе сёньняшняга абмеркаваньня прагучала шмат крытыкі з нагоды дадзенай фармулёўкі, распавёў Палецкіс.

«Я ўжо казаў, што гэтая фармулёўка атрымалася няўдалай і будзе зьмененая», — адзначыў ён. Эўрадэпутат нагадаў, што выснову аб паляпшэньні сытуацыі ён зрабіў на падставе зьвестак, апублікаваных на праваабарончым сайце www.spring96.org, дзе паведамлялася: у 2012 годзе ў Беларусі было зафіксавана ў тры разы менш рэпрэсій, арыштаў, затрыманьняў, ператрусаў, чым у 2011-м. У той жа час фраза праваабаронцаў аб тым, што «атмасфэра запалоханасьці зьнізіла актыўнасьць грамадзянаў» у папярэдні варыянт дакладу ня трапіла «з-за неабходнасьці скарачаць» тэкст дакумэнту, патлумачыў Палецкіс.

«Самым важным і пазытыўным у сёньняшнім абмеркаваньні я лічу тое, што, мабыць, упершыню за дзевяць гадоў у Эўрапарлямэнце прайшла дыскусія не як рэакцыя на нейкія дрэнныя навіны зь Беларусі, а як абмеркаваньне шляхоў вырашэньня праблемы, спроба стратэгічна паглядзець на ўсю карціну цалкам», — сказаў спэцдакладчык, падкрэсьліўшы, што Эўрапарлямэнт заўсёды вельмі адчувальна ставіўся да праблемаў з дэмакратыяй і парушэньнем правоў чалавека.

На пасяджэньні камітэту Палецкіс яшчэ раз зьвярнуў увагу на тое, што ў падрыхтаваным ім дакладзе не гаворыцца аб зьняцьці санкцыяў з афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі. «У тэксьце гаворыцца пра магчымасьць разгляду пытаньня аб зьняцьці візавых абмежаваньняў з аднаго-двух чыноўнікаў, якія маглі б паспрыяць наладжваньню дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ», — адзначыў эўрадэпутат.

На працягу наступнага тыдня ў даклад па Беларусі можна будзе ўносіць праўкі. Як паведаміў Палецкіс, у яго заплянаваны шэраг сустрэч з калегамі з Эўрапарлямэнту, на якіх будуць абмяркоўвацца папраўкі і дапаўненьні да дакумэнту.

Спэцдакладчык таксама паведаміў, што ўжо атрымаў папраўкі да дакладу ад кіраўніка беларускага Цэнтру прававой трансфармацыі Алены Танкачовай. «Я пасьпеў азнаёміцца з гэтымі матэрыяламі да пачатку пасяджэньня. Танкачова даслала мне вельмі добра падрыхтаваны матэрыял, які будзе ўлічаны пры далейшай працы над дакладам», — запэўніў Палецкіс.

Паводле ягонай інфармацыі, наступнае абмеркаваньне дакладу на пасяджэньні Камітэту замежных спраў папярэдне заплянавана на 8 ліпеня, а ў верасьні дакумэнт будзе вынесены на разгляд пленарнай сэсіі
Эўрапарлямэнту.

«Думаю, што там таксама будзе гарачае абмеркаваньне, — сказаў Палецкіс. — Нам трэба будзе знайсьці кампраміс паміж тымі дэпутатамі, хто лічыць, што перад самітам „Усходняга партнэрства“ ў Вільні ёсьць магчымасьць наладзіць зь Менскам дыялёг пры ўмове вызваленьня палітвязьняў, і тымі, хто лічыць, што, акрамя вызваленьня палітвязьняў, павінны быць выкананы і іншыя ўмовы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG