Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юстас Палецкіс: паступіла ўжо 292 заўвагі


Юстас Палецкіс
Юстас Палецкіс

Аўтар праекта рэзалюцыі Эўрапарлямэнта па сытуацыі ў Беларусі Юстас Палецкіс і лідэр фракцыі сацыялістаў і дэмакратаў, другой па велічыні ў Эўрапарлямэнце, Ханэс Свобада сустрэнуцца 20 чэрвеня ў Вільні з апазыцыйнымі палітыкамі зь Беларусі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у ёй возьмуць удзел лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БСДП, Руху «За свабоду» і партыі «Справядлівы сьвет».

Юстас Палецкіс выказаў спадзяваньне карэспандэнту Свабоды, што гэтая сустрэча дазволіць лепш зразумець становішча ў Беларусі.

«Канечне, мы будзем у першую чаргу гаварыць пра мой даклад, пра рэкамэндацыі. Учора было добрае абмеркаваньне ў падкамісіі па правах чалавека Эўрапарлямэнту. Таксама пра гэта гаварылася і гэта карысна. Ведаеце, ужо ёсьць 292 дапаўненьні і прапановы па зьмене тэксту рэзалюцыі. Таму замест чатырох старонак будзе 10-15. Гэта вельмі моцна зьменіцца. Але ўсе гэтыя дыскусіі дапамогуць знайсьці кампраміс пры гэтых зьменах, бо кожная зьмена будзе галасавацца ў камітэце па замежных справах. Яна будзе падтрымана ці не. А частка зьменаў будзе скампанавана ў кампрамісныя. Калі некалькі прапаноў ідуць у адзін бок, то зь іх робіцца кампраміснае і абагульняючае. Таму ня ўсе 292 зьмены будуць прадстаўлены на галасаваньне, а, магчыма, застанецца 150 −180. Іншыя будуць аб’яднаныя. Але кожнае дапаўненьне і зьмяненьне будзе ацэнена».

Спадар Палецкіс паведаміў,што 8 ліпеня пройдзе галасаваньне па праекту рэзалюцыі ў камітэце па замежных справах Эўрапарлямэнта.

«А дагэтуль будзе мая праца, як дакладчыка, разам з судакладчыкамі, „ценявымі“ дакладчыкамі з усіх сямі фракцый Эўрапарлямэнта».

Перад сустрэчай з эўрапейскімі палітыкамі ў Вільні старшыня АГП Анатоль Лябедзька распавёў карэспандэнту Свабоды, што ініцыятыва сустрэчы сыходзіла ад Палецкіса.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Відаць, ён адчувае, што ягоны праект рэзалюцыі выклікаў вялікую дыскусію. Ёсьць розныя думкі, ёсьць крытыка. І перад тым як пераходзіць да працы з фракцыямі, ён захацеў яшчэ раз правесьці кансультацыі з палітыкамі і праваабаронцамі. Гэта супадае і з нашым жаданьнем, бо дакумэнт важны, і нам хацелася, каб ён адпавядаў нацыянальным інтарэсам Беларусі. І працаваў на перамены, а не на кансэрвацыю сытуацыі. У нас пройдзе сустрэча зь лідэрам фракцыі сацыял-дэмакратаў спадаром Свобадай. Дарэчы, гэтую ж палітычную сілу прадстаўляе прэзыдэнт Эўрапарлямэнту. Таму, я думаю, што Палецкіс спрабуе тут узмацніць свае пазыцыі, ангажуючы ў працу ўсю фракцыю сацыял-дэмакратаў».

Лябедзька адзначыў, што асноўны трэнд, які гучыць у праекце рэзалюцыі Палецкіса — сытуацыя паляпшаецца і трэба лібэралізаваць адносіны да афіцыйнага Менску — стратэгічна няправільны. Ён адзначыў, што сытуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, а яе якасьць стала горшай.

«Таксама ў дакумэнце згублены многія пазыцыі, там не згадваецца пра зьніклых апанэнтаў рэжыму. Трэба ўзмацняць і тое, што тычыцца прапаноў. Трэба браць пляцоўку, якая ў свой час была прапанавана Вікам. Калі былі перамовы, былі распрацаваны і парафіяваны дакумэнты аб доступе апазыцыі да дзяржаўных СМІ. Было жаданьне ўлады стварыць адмысловую рабочую групу па арганізацыі і правядзеньні свабодных выбараў. Гэта тое, з чаго таксама можна стартаваць у працы з афіцыйным Менскам. Гэта тое, што ляжыць на паверхні і пра што я маю намер гаварыць падчас сустрэч з Палецкісам і Свобадай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG